Вяртанне ў Пінск

У студзені ў жыцці Пінска адбылася знамянальная падзея. У адной з бібліятэк прэзентаваў сваю кнігу “Раман Скірмунт (1868-1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю” гісторык з Гродна Аляксандр Смалянчук. Прэзентацыя кнігі не першая. Да гэтага аўтар прадстаўляў яе чытачам у Мінску, Гродне, Варшаве, Нью Йорку. Але пінская – адметная, бо з Піншчынай – з Парэччам, звязаная значная частка жыцця знакамітага палітыка, прамыслоўца, грамадскага дзеяча Рамана Скірмунта. Так што, можна сказаць, Раман Скірмунт зноў вярнуўся на Радзіму — Піншчыну.

Ён займаў палітычныя, дзяржаўныя пасады і ў Расійскай Імперыі, і ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, і ў міжваеннай Рэчы Паспалітай. Наша газета аднойчы ўжо пісала пра яго, як пра палітыка. Гісторыкі сцвярджаюць, што нацыя, дзяржава не можа адбыцца да таго часу, пакуль не з’явіцца свая нацыянальная буржуазія. Раман Скірмунт якраз і быў прадстаўніком той самай беларускай нацыянальнай буржуазіі.

Скірмунты – беларускі шляхецкі род, вядомы з XVI стагоддзя. Нічым асаблівым яны не вылучаліся да другой чвэрці ХІХ стагоддзя, пакуль сын уладальніка маёнткаў ў Моладава і Парэччы Аляксандр Скірмунт – дзед Рамана, не паступіў у Віленскі універсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, працягнуў навучанне ў Францыі, Нямеччыне, дзе вывучаў хімію.

Пасля смерці бацькі ў 1829 годзе Аляксандр вяртаецца на Радзіму і пачынае займацца абсалютна нечуваным для шляхты заняткам – прадпрымальніцтвам. Ён будуе цукроўню – завод па вырабе цукру. Гэта было другое такое прамысловае прадпрыемства на Палессі. Захаваўся і першы патэнт на вынаходніцтва, выдадзены на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Аформлены ён на імя Аляксандра Скірмунта. Ён прыдумаў выпарваць цукровы сіроп не ў чанах, што займала гадзіны, а на падагрэтым металічным лісце – калі сіроп сцякаў па ім тонкім слоем, на гэта патрабаваліся лічаныя хвіліны. Нягледзячы на тэхналагічнае наватарства, цукроўня прыносіла адно выдаткі. Але ж малады ўладальнік маёнтка не згубіў аптымізм. У 1836 годзе ён засноўвае ў Парэччы суконную фабрыку, якая прынесла ў будучым вялікі плён. Пазней кіраўніцтва вытворчасцю ўзяў на сябе яго малодшы сын Аляксандр Аляксандравіч — бацька Рамана Скірмунта.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя па замове Генеральнага штаба расійскага войска складалі апісанні ўсіх губерняў імперыі. Захавалася такое апісанне ад 1860 года і Мінскай губерні, у склад якой уваходзіў Пінскі павет. Дык вось, на ўсю губерню, на больш, чым мільён насельніцтва, згадваецца толькі восем прамысловых прадпрыемстваў: шэсць цукроўняў і дзве суконныя фабрыкі. Адная з іх належала Скірмунтам. На ёй працавала трыста работнікаў, а кошт прадукцыі ацэньваўся ў 300 000 рублёў на год – велізарныя на той час грошы.

Аляксандр Скірмунт-малодшы цікавая постаць. Ён быў катэгарычна супраць таго, каб распачынаць паўстанне ў 1863 годзе, лічыў яго непадрыхтаванай авантурай, асуджанай на паразу. Але ж, калі яго прызначылі начальнікам паўстання ў Пінскім павеце, пагадзіўся і браў у ім актыўны ўдзел. Пасля задушэння паўстання царскімі войскамі Аляксандр здолеў застацца на волі і нават захаваў маёмасць. Нібыта, ягоны бліжэйшы паплечнік узяў на сябе перад следствам адказнасць за кіраўніцтва паўстанцамі. Наўрад ці следчыя былі такімі наіўнымі, каб шчыра паверыць у такую падмену. Хутчэй за ўсё, Аляксандр Скірмунт добра ім заплаціў.

Вось з такога асяродку, з такім багажом і прыйшоў у вялікую палітыку Раман Скірмунт, адзін з бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці.