Вяртанне Касцюшкі

У гэтую суботу на Брэстчыне адбылася знакавая для усёй Беларусі падзея. Ва ўрочышчы Мерачоўшчына, што каля Косава ў Івацэвіцкім раёне, урачыста быў адкрыты першы ў сучаснай Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку – кіраўніку вызвольнага паўстання 1794 года.

На адкрыццё помніка на радзіму нацыянальнага героя прыехалі сотні людзей. Прысутнічалі дыпламаты ЗША, Польшчы, Украіны, прадстаўнікі мясцовых уладаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Сабраліся і гістарычныя рэканструктары, тыя, хто аднаўляе вайсковую форму мінулых часоў. Так што ўдзельнікі свята маглі на ўласныя вочы пабачыць, як выглядалі, як былі ўзброеныя паплечнікі Касцюшкі. Белую тканіну, якой быў укрыты помнік, урачыста спусцілі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук і аўтар помніка скульптар Генік Лойка.

На адкрыцці Аляксандр Грыцук прамовіў: “Сёньня мы лічым, што з перажытага мінулага нам трэба браць тое, што можа зрабіць нас лепшымі, што можа быць нам прыкладам. Асоба Касцюшкі — гэта прыклад адданасці сваёй Радзіме, святой любові да роднай зямлі. Ёсць рэчы, якія сваёй сілай і значнасцю могуць аб’яднаць нас усіх — такіх розных у сваіх думках і перакананнях”.

Сапраўды, постаць нашага земляка Тадэвуша Касцюшкі яднае не толькі беларусаў. Ён таксама нацыянальны герой Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі. Куды б не закідаў Тадэвуша Касцюшку пакручасты лёс, ён заўсёды памятаў, што ён літвін-беларус. У адным са сваіх зваротаў да землякоў падчас паўстання ён пісаў: “Літва! Землякі і суайчыннікі мае! На вашай нарадзіўся зямлі і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прывязанасць да тых, спаміж каго распачаў я жыццё”.

Сапраўдны герой павінен быць амаль беззаганным, а рэпутацыя шмат каго з ваенаначальнікаў сапсаваная тым, што пры безумоўным таленце тактыкаў, стратэгаў, яны бралі ўдзел у несправядлівых, захопніцкіх войнах. Генерал Тадэвуш Касцюшка быў вельмі абачлівым у гэтым сэнсе, свой талент, свае сілы ён ахвяраваў толькі дзеля свабоды паняволеных людзей і народаў. У сваіх універсалах падчас паўстання Касцюшка абвяшчаў усеагульную роўнасць, хаця з-за гэтага губляў падтрымку некаторых буйных землеўласнікаў, якія таксама хацелі аднавіць незалежнасць Рэчы Паспалітай, але пры гэтым не жадалі сацыяльных змен у дзяржаве. Тадэвуш Касцюшка нават адмовіў Напалеону Банапарту, калі той хацеў скарыстаць яго імя, аўтарытэт для прыцягнення ў французскае войска палякаў і беларусаў, бо разумеў, што імператар пераследуе перш за ўсё эгаістычныя інтарэсы Францыі, а не клапоціцца пра аднаўленне незалежнасці яго Радзімы.

За заслугі ў змаганні за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, урад гэтай маладой краіны ўзнагародзіў Касцюшку выплатай буйной сумы грошай і прызначыў яму пенсію. Большую частку гэтых сродкаў наш зямляк перадаў на вызваленне ў Амерыцы неграў з рабства. Ён не мог змірыцца з тым, што краіна за незалежнасць якой ён змагаўся, не парвала з ганебнай практыкай, калі чалавека можна купляць і прадаваць нібыта тавар.

Імем Тадэвуша Касцюшкі названыя найвышэйшая гара Аўстраліі, выспа на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна. Помнікі Касцюшку стаяць па ўсім свеце. Іх налічваецца пад дзве сотні. Нарэшце з’явіўся ён і на радзіме героя.

Гісторыя паўстання гэтага помніка шмат у чым паказальная. Грошы на яго збіралі талакой у інтэрнэце. А патрабавалася іх нямала – 22 000 рублёў. Усяго праект падтрымалі сваімі сродкамі 690 чалавек. Іх імёны будуць напісаныя на спецыяльнай шыльдзе, што размесціцца ў родавай сядзібе Касцюшак.