Вяртанне Чарнобыля

У кожнай нацыі ёсць маркеры, па якіх яе ведаюць у свеце. Яны могуць быць рэальнымі, памылковымі, але заўсёды пазнавальныя для іншых народаў. “Матрошка, балалайка, гарэлка”. Вось вам і міжнародны вобраз Расіі. “Варэнікі, казак, майдан”, і можна не ўдакладняць, што мелі на ўвазе Украіну.

Памятаю, як у сярэдзіне 1990-х паехаў з жонкай адпачываць у Туніс, зайшлі ў краму з адзеннем. Мацаю куртку з вярблюджае скуры і кажу” “Добрая скура”. І тут адразу ж, як чорт з-пад зямлі, перад намі ўзнікае гаспадар крамы, на твары ўсмешка ад вуха да вуха, вітаецца па-англійску і адразу ж дадае ці тое па-чэшску, ці тое па-польску: “Добра скура”. Усходнія гандляры ў турыстычных раёнах – народ асаблівы. Яны ведаюць па некалькі фразаў на самых розных мовах – мінімум, з якім можна ўвайсці ў давер да патэнцыйнага пакупніка. Кожнаму прыемна пачуць у чужой краіне родную мову. Але ж, беларускай гэты араб, відаць, раней не чуў, затое злавіў і распазнаў падобныя словы з блізкіх да нашай славянскіх моў. І пакуль мы з жонкай асэнсоўвалі пачутае, гандляр пацікавіўся “адкуль мы прыехалі?” “А, Беларусь! — узрадаваўся ён. – Ведаю. Чарнобыль”.

Вось такі маркер у араба для нашай краіны. Сапраўды, Чарнобыль, хоць і знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, але ён стаў своеасаблівым сімвалам Беларусі. Цудоўна памятаю тыя красавіцкія дні 1986 года. З афіцыйных крыніц пра катастрофу ані слова. Затое папаўзлі чуткі. Як па мне, то развал СССР менавіта і пачаўся з Чарнобыля. Да гэтага людзі жылі ў прадчуванні атамнай вайны. Як пазбегнуць уздзеяння радыяцыі вучылі на курсах грамадзянскай абароны ў школах, інстытутах, на складах ляжалі тысячы дазіметраў, рэнтгенаметраў. Гэта быў той момант, калі савецкая цэнтралізацыя ўлады магла даць плён па адной камандзе з Масквы. Але сталася так, як сталася.

Больш за трыццаць гадоў мінула з часу адной з самых маштабных тэхнагенных катастроф у свеце. Нават нашыя суайчыннікі, каго найбольш закранулі яе наступствы, спакваля сталі забывацца на яе. Што ўжо тады казаць пра іншыя народы. І тут, абсалютна нечакана ўвесь свет зноў згадаў пра яе – на экраны выйшаў зняты на Захадзе серыял “Чарнобыль”. І проста цуд – яго папулярнасць неўзабаве перавысіла папулярнасць серыяла “Гульні прастолаў”.

Чым жа ён здолеў закрануць сэрцы людзей? Галоўнае, яго стваральнікі пазбеглі спакусы зняць класічны фільм-катастрофу. Калі сюжэт грунтуецца на рэальных падзеях, то і канцоўка гледачу вядомая загадзя. Таму галоўным у фільме стаўся ўнутраны свет персанажаў, іх барацьба са страхам. Экстрэмальныя падзеі ідэальна выяўляюць герояў, здраднікаў, прыстасаванцаў, нягоднікаў. Савецкія людзі і раней з’яўляліся ў заходнім кінематографе, але яны часцей за ўсё былі “кардоннымі дурылкамі”, штампамі. А тут кінематаграфісты прымусілі гледача сачыць за тым, што зразумела людзям ва ўсім свеце. Пры гэтым вельмі ўважліва паставіліся да дэталяў. Дзякуючы кансультантам і рэквізітарам, у кадры з’яўляліся толькі тыя рэчы, вопратка, машыны, якія існавалі ў 1986 годзе. І такім чынам стваралася ілюзія рэальнасці. Ды і многія сцэны, дыялогі грунтуюцца на дакументальнай кнізе Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”.

Пасля такога поспеху серыяла людзі адразу пачалі ў сацыяльных сетках высоўваць прэтэнзіі. Маўляў, чаму такі фільм не знялі мы – беларусы, ці ўкраінцы, расіяне? А мы і не маглі зняць аб’ектыўны фільм, бо жылі і жывём усярэдзіне чарнобыльскай сітуацыі, таму не здольныя бачыць яе цалкам. Увесь маштаб трагедыі бачны толькі старонняму назіральніку.