Вялiкi пост

Спецыфіка сённяшняй лексікі такая, што адразу мушу агаварыцца, гаворка пойдзе не пра “пост”, як паведамленне ў сацыяльных сетках, а пра “пост”, які практыкуюць хрысціяне розных канфесій.

У мінулую суботу ў Мінску адбыўся з’езд пісьменнікаў. Гэта раней падобнае мерапрыемства было знакавым. Цяпер жа месца пісьменніка ў грамадстве куды больш сціплае. Таму з’езд і праходзіў без размаху, збольшага вырашаліся тэхнічныя праблемы. Па статуце трэба раз на пяць гадоў пераабраць кіраўніцтва, ухваліць яго дзейнасць галасаваннем, гэтым і займаліся. Ну, а хто жадаў паспрачацца пра літаратуру і творчасць, проста выходзілі падчас дакладаў ва ўнутраны дворык Палаца мастацтва і гутарылі кампаніямі па інтарэсах. Але надышоў момант, які аб’яднаў усіх – абед.

Арганізатары з’езда зрабілі мудра. Нашто рызыкаваць, выпраўляючы дэлегатаў есці ў кавярню? Частка можа і не вярнуцца, і не стане пад вечар кворуму для галасавання. Таму абед прывезлі проста ў Палац мастацтваў у аднаразовых пластыкавых кантэйнерах. І тут здарылася непрадбачанае. Найбольшыя вернікі сярод пісьменнікаў пачалі абурацца, што ежа скаромная, а зараз якраз у разгары Вялікі пост. Да таго ж, сёлета пасты супалі і ў каталікоў, і ў праваслаўных. Гэта на Новы год каталік можа гарантавана кпіць з праваслаўнага, што той есць мяса і п’е за святочным сталом у пост, не дачакаўшыся “свайго” Божага нараджэння.

Пісьменнікі любяць паразважаць. Нехта даводзіў, што пражаная курыца з бульбай – ежа умоўна посная. І таму нічога страшнага не здарыцца, калі ўжыць яе ў пост. Другія даводзілі, што, калі ў тую курыцу дададзеныя свіныя шкваркі, то есці яе нельга. Камусьці даводзілася бараніць сваю пазіцыю паст-фактум. Паабедаць яны паспелі раней, чым усчалася спрэчка. Я ж стаяў перад нераспачатым абедам і разважаў, ці варта есці.

Побач з намі – пісьменнікамі, у выставачнай зале Палаца праходзіў “Кірмаш мёду”. Дзе мёд, там і воск, і свечкі, і натуральна, знайшоўся святар. Я нагадаў калегам па пяры, што сапраўдны літаратар у кожнай сітуацыі звяртаецца па дапамогу да прафесійнага кансультанта. Так аўтар дэтэктываў просіць парадаў у следчага ці адваката. Неўзабаве праваслаўны святар ужо стаяў разам з намі і цярпліва тлумачыў, што сапраўдны вернік ніколі не павінен публічна падкрэсліваць, што зараз ён посціцца. Пост – гэта ягоная асабістая дамоўленасць з Богам, а не з людзьмі. Пасціцца публічна, нагадваць пра гэта іншым, тое самае, што маліцца і біць паклоны, стаўшы на цэнтральнай плошчы сталіцы. Гэта пыха – адзін са смяротных грахоў. І таму, меншы грэх — есці ў пост сала, чым выхваляцца пастом. А яшчэ, пост – не проста адмова ад мяса, як мяркуюць некаторыя. Гэта добраахвотнае абмежаванне сябе ва ўсялякай ежы. Калі посцішся, трэба ў думках весці падлік, колькі зэканоміў, а потым або раздаць гэтыя сродкі жабракам, або ахвяраваць на храм. Калі мяса замяняць дарагімі далікатэсамі, скажам, амарамі, крэветкамі ды васьміногамі, то гэта ўжо не пост, а абжорства, таксама смяротны грэх.

Святара слухалі ўважліва, потым пачалі ставіць пытанні. Кшталту, а што рабіць, калі ў пост запрасілі ў госці, а там на стале будуць розныя прысмакі? У адказ прагучала парада: трэба або адмовіцца ісці ў госці, спаслаўшыся на нейкую сапраўдную прычыну, маніць пры гэтым нельга, або пайсці і есці, піць, што і ўсе, толькі меней. Прынамсі, згадваць пра пост публічна будзе недарэчна.

Святар пажадаў усім смачна есці і пайшоў. Я падумаў, што выкідаць абед – большы грэх, чым з’есці колькі шкварак у пост. І адразу згадаў евангельскія словы пра “фарысеяў і кніжнікаў”.