ВІНШАВАЛЬНАЯ ПАШТОЎКА

Для кожнага пакалення ёсць у мінулых часах нешта мілае і запамінальнае. Тое, праз што пазнаецца эпоха. Пра гэта цудоўна ведаюць кінематаграфісты. У кнізе адбіць для чытача час і месца дзеяння вельмі проста. Узяў і напісаў: “Ішоў такі і такі год, а ў горадзе N стаяла сонечнае і цёплае надвор’е». А вось у кіно стараюцца пазбягаць цітраў. Таму і даводзіцца паказваць у кадры нешта пазнавальнае. Скажам, трэба даць зразумець, што падзеі фільма адбываюцца ў 1980 годзе. На вуліцу заганяюць пару старых “Жыгулёў”, адну “Волгу”, да прыпынку ляніва пад’язджае стары “ЛАЗ” або “венгерскі “Ікарус”, герой трымае ў руцэ часопіс “Кракадзіл” або газету “Праўда”, а на заднім плане вісіць на сцяне плакат з алімпійскім Мішкам. І ўсё, нічога пісаць не трэба, усе і так ведаюць, што Маскоўская Алімпіяда праходзіла ў 1980 годзе.

Савецкі час яшчэ прыкметны тым, што людзі пісалі адзін адному віншавальныя паштоўкі. Перад святам заходзілі ў “Саюздрук”, закуплялі пачак тэматычных паштовак, а потым дома садзіліся за стол і, звяраючыся з нататнікам, дзе былі занатаваныя адрасы, падпісвалі іх. Тэксты былі немудрагелістыя. Пісалі не для інфармацыі, а проста выказвалі павагу да сваякоў і знаёмых. Маўляў, віншуем з Новым годам, ці з Днём перамогі, зычым усяго найлепшага. І трэба было яшчэ вылічыць, калі кінуць пасланне ў паштовую скрыню, каб яно дайшло да адрасата дакладна напярэдадні свята. Адна рэч, калі сябра жыве ў адным з табой горадзе, і другая, калі ў іншай рэспубліцы. Пошта літаральна задыхалася ад колькасці перадсвяточнай карэспандэнцыі, паштальёны збіваліся з ног. Але, як прыемна было атрымліваць віншавальныя паштоўкі, згадваць тых, хто не забыўся пра тваё існаванне, не паленаваўся адпісаць колькі радкоў.

Часам, калі перабіраю дома дакументы, парадкую кнігі, натыкаюся на такія вось пасланні з мінулага. Выявы гарадоў, адкуль пісалі мне або бацькам, краявіды курортаў, навагоднія елкі. Цяпер паштовая скрынка прыносіць да нас толькі рэкламкі ды рахункі па аплаце камунальных паслуг. Ужо ніхто не спадзяецца атрымаць віншаванні поштай. Разам з віншавальнымі паштоўкамі з нашага жыцця сышло нешта мілае. Цяпер мы віншуем адно аднаго праз інтэрнэт, прымацоўваем да пасланняў віртуальныя малюнкі. І ў гэтым куды менш павагі і пяшчоты да блізкіх нам людзей. Цяпер таксама можна купіць паштоўкі, вось толькі выдаўцы ўжо паклапаціліся зараней, надрукавалі тэкст віншавання, застаецца паставіць подпіс і пакласці ў пакет з падарункам.

Амаль тое ж адбываецца цяпер і з асабістымі сустрэчамі. Раней мы маглі прыйсці да сяброў без папярэджання, прыхапіўшы з сабой які пачастунак. Бо не заўсёды маглі паведаміць пра свой прыход, не ў кожнай кватэры быў тэлефон. Вось пару месяцаў таму сустрэў старога знаёмага, не бачыліся з ім ужо гадоў дваццаць. Некалі, у студэнцкія гады сябравалі. Сталі абменьвацца каардынатамі. Замест таго, каб проста запісаць нумары тэлефонаў, мы сталі выконваць сучасны рытуал. Званілі адзін адному з мабільнікаў, каб нумары адбіліся ў памяці трубак, потым скідалі SMS з адрасамі е-мэйлаў. Нібыта не стаялі насупраць, а знаходзіліся ў розных гарадах. Ну, а потым сталі дамаўляцца пра наступную сустрэчу. Маўляў, спішамся ў сацыяльнай сетцы, стэлефануемся. Канкрэтнай даты так і не прызначылі. Нешта незваротна змянілася ў нашым жыцці. Раней проста прыходзілі адзін да аднога ў госці, часам позна ўвечары, без ніякіх папярэджанняў і праблем. А цяпер, калі існуе магчымасць звязацца ў любы момант, мы так і не здолелі канкрэтна дамовіцца і сустрэцца. Пару разоў сазвоньваліся, аднак, то ў мяне, то ў яго заўсёды знаходзіліся нейкія справы, што заміналі нашай сустрэчы. Мы раз за разам пераносілі яе на потым. І вось нарэшце я не вытрымаў. Вырашыў скарыстацца старым, правераным метадам. Купіў у “Саюздруку” паштоўку, напісаў на ёй, што прыйду ў госці у канкрэтны дзень, у канкрэтны час і ветліва дадаў, што калі стары сябра не можа мяне прыняць, то, няхай, перазвоніць. Калі ён адчыніў мне дзверы, то быў вельмі здзіўлены. Аказалася, што ў паштовую скрынку ён зазірае толькі пару разоў на месяц.

 

Максім КЛІМКОВІЧ