Велiкоднае яйка

Сёлета, як часам бывае, супалі Вялікадні у дзвюх асноўных беларускіх хрысціянскіх канфесій: праваслаўнай і каталіцкай. Таму і не было спрэчак, чыё свята “больш правільнае”. Стужкі ў сацыяльных сетках запоўніліся віншаваннямі, святочнымі выявамі. І вось, гартаючы пасты віртуальных сяброў, я ўпэўніўся, што выявы велікодных яек значна пераважаюць па колькасці выявы Збаўцы. Хаця, павінна быць наадварот, бо сэнс свята – “Хрыстос уваскрос”. Не буду кранаць хрысціянскі аспект Вялікадня, для гэтага ёсць святары, тэолагі. Проста, нагадаю, што ў Святым Пісанні нідзе нічога не гаворыцца пра велікодныя яйкі.

І вось, гледзячы на фарбаваныя ў розныя колеры, размаляваныя яйкі, адразу згадалася, што наша старажытнае Вялікае Княства Літоўскае было апошняй язычніцкай дзяржавай у Еўропе. Зразумела, што заставацца такім яно доўга не магло. Практычна ўся Еўропа ўдзельнічала ў крыжовых паходах супраць апошніх язычнікаў. І тады нашы князі, адчуваючы адказнасць за жыцці сваіх падданых, хрысцілі іх і самі прынялі хрост. Вядома, што доўгі час хрысціянства ў нас заставалася павярхоўным, яго збольшага прытрымліваліся арыстакратыя, гараджане, княская дружына. А сяляне ва ўмовах, калі бліжэйшы храм знаходзіўся ад іх за дваццаць-трыццаць кіламетраў, хоць і хрысцілі дзяцей, вянчаліся, але па вялікім рахунку, працягвалі жыць з верай сваіх старажытных продкаў. Яе рэшткі дажылі і да нашых дзён. Дагэтуль у нас святкуюць Купалле, абракаюцца святым камяням, крыніцам, дрэвам. Ці не ў кожнай вёсцы знойдзецца вядзьмак, ці вядзьмарка. Толькі называюць іх цяпер знахаркамі і знахарамі. Калі згадаць традыцыю фарбаваць яйкі на вясновае свята абуджэння прыроды, то яна значна старэйшая за хрысціянства на нашых землях. Захаваліся манастырскія дакументы XVII стагоддзя ў якіх святары папярэджвалі вернікаў, што нельга на Вялікдзень прыходзіць у храм з яйкамі, бо гэта “забабонны абрад”, як і гульня яйкамі ў “біткі”. Вось павучэнне для дзякоў, каб: “на светлае трохдзённае ўваскрашэнне Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста з яец не цалаваліся і на завутранню з яйцамі нікога ў царкву не пускалі”.

Які сэнс укладалі нашыя продкі ў абрад фарбавання яек? Яйка ў старажытных міфах – першакрыніца свету. Таму і фарбавалі іх у колер жыцця, у чырвоны. Варта згадаць казку “Пра курку Рабу”, якая знесла залатое яечка, а тое разбілася. Гэта не проста казка для маленькіх дзяцей, а водгалас старажытнага міфа пра паўстанне сусвету. Залаты колер у старажытнасці – гэта не столькі жоўты, а чырвоны, з тых часоў да нас прыйшло слова “чырвонец”, то бок, залатая манета. Вось адсюль і ідзе гульня ў біткі. Людзі разбіваюць яйкі, нібыта аднаўляючы міф пра стварэнне свету. Народная традыцыя забараняе класці на магілу нядаўна памерлага чалавека чырвонае яйка. Кладуць або белае, нефарбаванае, або цёмнае – сіняе, зялёнае. І толькі, калі міне год з дня смерці, можна класці чырвонае.

Зразумела, што хрысціянства наклала свой адбітак на старажытныя абрады, вераванні. Так на Піншчыне запісанае наступнае паданне. Нібыта, калі Хрыстос уваскрос, Ён ішоў па дарозе і нёс чырвонае яйка. Разам з Ім ішоў хлопчык – сын таго, хто распінаў Збаўцу, і прасіў даць яму яйка. Хрыстос прапанаваў яму сказаць: “Хрыстос уваскрос”. Толькі пасля гэтага падараваў яйка і загадаў фарбаваць на кожны Вялікдзень”.

Вось такім дзіўным чынам перапляліся ў народнай свядомасці хрысціянства з язычніцтвам. І гэта добра, што цяпер святары больш не змагаюцца з абрадам фарбаваць яйкі на Вялікдзень. Традыцыі набылі новыя сэнсы.