Вечны бiзнес

Кожны перыяд мае сваю нішу для развіцця бізнесу. Скажам, яшчэ гадоў дваццаць таму адзін за адным адчыняліся пункты праяўкі фотастужак і  друку фотакартак. У кожным гарадскім квартале можна было пабачыць кідкую шыльду “Kodac”. Уладальнікі карпарацыі загадзя парупіліся пра тое, каб іх тэхналагічны працэс нельга было ажыццявіць у хатніх умовах. Вось і куплялі па ўсім свеце абсталяванне іх вытворчасці, расходнікі. Хто арыентаваўся ў сітуацыі, зрабілі на каляровых фота капітал, а потым прадалі свой бізнес. Бо з’явіліся лічбавыя тэхналогіі. Цяпер усе памятныя падзеі людзі захоўваюць на электронных носьбітах.

Пакуль яшчэ адкрытая наступная ніша для малога бізнесу — доўжыцца эра шклопакетаў і сталёвых дзвярэй. Аднак, доўга яна не працягне і неўзабаве згорнецца да рацыянальных памераў. Варта паглядзець на фасады дамоў, прайсціся па лесвічных пляцоўках і пераканацца ў тым, што большасць беларусаў ужо памянялі вокны і дзверы на сучасныя. Міне колькі часу, і попыт на падобную прадукцыю абмяжуецца новабудоўлямі, якія стануць абслугоўваць буйныя фірмы. Бо разавыя пастаўкі вокнаў і дзвярэй будуць складаць сотні адзінак на аб’ект. Дробнаму вытворцу месца тут не застанецца.

Існуюць больш менш стабільныя нішы попыту – рамонт аўтамабіляў, абслугоўванне вяселляў, карпаратываў, юбілеяў. Аднак варта настаць фінансаваму крызісу, як людзі адмаўляюцца ад маштабных вяселляў, прафесійныя святы сціпла адзначаюць на працоўных месцах, а юбілеі — дома ў сямейным коле. Аўтааматары менш ездзяць, замест цюнінгу машын робяць дробны рамонт сваімі сіламі, з новых запчастак пераходзяць на ўжываныя.

Па вялікім рахунку, ёсць толькі дзве нішы сапраўды “вечнага бізнесу”. Першы – хлебапякарства. Ад хлебу не адмовішся, на ім не зэканоміш, іначай – галодная смерць. Нездарма, асноўныя ўспаміны з часоў нямецкай акупацыі і першых пасляваенных гадоў у беларусаў пра хлеб. Аднак, дробнаму вытворцу тут малая прастора. Ён можа выпякаць булачкі для кавы, або нейкую экзотыку, кшталту лавашоў. Але звычайным “надзённым хлебам” справядліва займаецца дзяржава, бо гэта пытанне бяспекі і сацыяльнага спакою. Так павялося ў свеце яшчэ з часоў егіпецкіх фараонаў.

І другі “вечны бізнес” – бізнес, які будуецца вакол смерці. Вяселле можна не адзначаць, нараджэнне дзіцёнка, пры пэўнай адказнасці, адкласці на колькі гадоў да больш спрыяльнага часу. А вось смерць не ўгаворыш прыйсці крыху пазней. Наадварот, чым цяжэйшыя часы, тым часцей людзі паміраюць. Некаму не засталося грошай на лекі, нехта не правёў у пару дарагое абследаванне, замест строга выверанай дыеты перайшоў на больш танныя прадукты…

Жывы чалавек, яшчэ можа пачакаць, патрываць, а нябожчык – не. Пахаванне – рытуал не танны, і нават пры эканоміі апусціцца за пэўную фінансавую планку не атрымаецца. Дзе вялікія грошы, там вялікая канкурэнцыя, і не заўсёды добрасумленная. Памятаю, як давялося легчы ў спецыялізаваны медычны цэнтр у сталіцы. Быў цёплы дзень, я выйшаў у сад. Усе лаўкі занятыя, таму папрасіў дазволу прысесці побач з незнаёмай жанчынай і толькі потым заўважыў, што рукі ў яе калоцяцца ад стрэсу. Яна расказала, што здарылася. Яе бацьку толькі што завезлі ў рэанімацыю, і вось, калі яна выйшла з бальніцы, яе спыніў агент пахавальнага агенцтва, даў візітку і ветліва прапанаваў свае паслугі “на будучыню”. Для яшчэ жывога чалавека!

Барацьба за кліента ў бізнесе справа жорсткая, але не да такой жа ступені. І галоўнае, атрымліваецца, нехта з супрацоўнікаў рэанімацыі інфармаваў агента пра “безнадзейна хворага”.