Вечары на хутары

Ёсць у Мікалая Гогаля геніяльнае апавяданне “Вечера на хуторе близ Диканьки”. Яго праходзяць у нашых школах у курсе рускай літаратуры. Гогаль, хоць, і пісаў па-руску, але большасць яго значных твораў напісаныя на ўкраінскія тэмы. Паводле сведчанняў сучаснікаў, Мікалай Васільевіч, калі жыў у Пецярбурзе, нярэдка надзяваў кашулю-вышыванку, казацкія шаравары і выходзіў так прагуляцца па Неўскім праспекце. Таму Гогаль, прынамсі, і украінскі пісьменнік. А што было яму рабіць, калі друкаванае ўкраінскае слова было забароненае ў Расійскай імперыі? Тое ж самае і з нашымі пісьменнікамі, якім даводзілася пісаць па-руску, або па-польску, каб мець выхад да чытача. Самы блізкі па духу да Гогаля беларускі пісьменнік – Ян Баршчэўскі, які напісаў несмяротны містычны твор “Шляхціц Завальня”. Дзе падзеі адбываюцца таксама на хутары — засценку, і ўсё прасякнута народнай містыкай.

З дзяцінства я захапіўся Гогалем і мне заўсёды хацелася пажыць на ўкраінскім хутары. Мары марамі, але жыццё распараджаецца па-свойму. Да апошняга часу ўкраінскі хутар быў для мяне недасяжным. І нарэшце, калі мне пашчасціла гэтым летам пісаць раман з маім суаўтарам з Чарнігава – беларускім пісьменнікам, мы наважыліся сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі. Украінскі паэт і драматург Дмытро Мамчур ласкава прапанаваў нам для працы свой вясковы дом на хутары Коновалів. Гэта беларуска-украінскае памежжа. Дмытро сустрэў нас каля маршруткі і павёў ад асфальту прасёлкам. За той кіламетр, што аддзяляў нас ад хутара, ён у адказ на нашу беларускую, паспеў паступова перайсці з рафінаванай украінскай мовы на мясцовую гаворку. У якой выразна чуліся беларускія “ў”, “дж” і “дз”. На падворку Дмытро адразу патлумачыў, чаму зусім блізу каля хаты стаяць металёвыя крыжы. На хутары да пачатку 1950-х гадоў было заведзена сваіх родзічаў хаваць на ўласнае зямлі. І толькі потым улады распарадзіліся стварыць агульныя могілкі.

Першы вечар гаспадар правёў з намі, каб растлумачыць мясцовыя рэаліі. Паводле яго слоў, мясцовыя жыхары, а “жывымі” на хутарах заставаліся чатыры хаты, былі людзі вельмі прымхлівымі. Адзін з іх – сусед насупраць, умеў выклікаць дождж і быў схільны выпіць лішняе. Паэт папярэдзіў нас, што сусед стане хадзіць вакол сядзібы, граць на акардэоне і тым самым ненавязліва набівацца да стала. Так потым і здарылася. Мы аматара акардэона не запрасілі на пасядзелкі. Той, відаць, пакрыўдзіўся. Неўзабаве пайшоў дождж. І толькі над хутарам, а не над полем. Давялося разам са сталом перабірацца з вуліцы ў хату. Назаўтра, калі гаспадар з’ехаў, да нас завітала суседка і на поўным сур’ёзе расказала гісторыю пра тое, як яе муж-нябожчык выцяў пугай котку, якая прыходзіла па начах смактаць малако з вымя іх каровы. А назаўтра, аказалася, што ў суседкі-вядзьмаркі, перабінтаваная рука. Маўляў, тая і смактала малако, перакінуўшыся ў котку.

Гэта нам казалі на поўным сур’ёзе, так, што мы ва ўсё паверылі. Карацей кажучы, мы – беларусы, апынуліся на там самым мроеным намі ўкраінскім Гогалеўскім хутары, хоць і з мясцовым беларускім памежным “акцэнтам”. Адно, сапсавалі ўражанне суседскія куры, якія пастаянна наведваліся да нас на падворак, калі мы з суаўтарам працавалі – пісалі раман пад яблыняй. Інкубатарныя, не навучаныя куркай-маці, яны нават не ўмелі квахтаць, а іх певень — кукарэкаць. Яны насіліся адна за адной, дзёўбалі курыныя косткі, што мы пакінулі на ноч мясцовым катам. То бок, былі канібаламі. І адразу згадалася: толькі ведаючы свае карані і традыцыі, можна заставацца самімі сабою.