Валокi

У Беларусі шмат вёсак з назвай Валокі. Некаторыя памылкова лічаць, што паходзіць яна ад слова “волак” – месца, дзе цягнулі, валачылі ў старыя часы караблі па сухому, каб перабрацца з рэк чарнаморскага басейну ў рэкі балтыйскага. Аднак, гэта не так. Валока – старажытная беларуская мера плошчы ворнай зямлі, роўная сённяшнім 21,37 гектараў.

Сёлета 1 красавіка споўнілася роўна 450 гадоў з таго дня, калі наш кароль Жыгімонт Аўгуст у 1557 годзе зацвердзіў аграрную рэформу, якая ўвайшла ў гісторыю, як “Валочная памера” або “Устава на валокі”. Распачала рэформу яшчэ яго маці – каралева Бона з роду міланскіх герцагаў Сфорцаў. Разам з новай каралевай у нашу тагачасную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае прыехалі і яе дарадцы з Італіі. Сярод якіх быў Лісманіні — духоўнік каралевы, які прапаведаваў, што чалавек можа максімальна рэалізаваць сябе адно тады, калі ў яго ёсць свая справа, або, кажучы сучаснымі тэрмінамі, уласны бізнес. Каралева Бона правяла рэформу толькі ў каралеўскіх уладаннях, у тым ліку і на Піншчыне. Паслядоўнік Лісманіні Мікалай Радзівіл Чорны на ўласныя вочы пераканаўся, што рэформы каралевы далі плён, прадукцыйнасць працы сялян вырасла, яны сталі больш ініцыятыўнымі. І з колам аднадумцаў Мікалай Радзівіл падрыхтаваў праект аграрнай рэформы для ўсёй дзяржавы, які неўзабаве зацвердзіў кароль. Калі раней сяляне плацілі падаткі пароўну “з аднаго дыму”, то бок, з адной хаты, то цяпер сталі плаціць за колькасць валокаў, якімі валодалі, пры гэтым улічвалася і ўраджайнасць зямлі. Рэформа знішчыла церазпалосіцу, быў уведзены прагрэсіўны трохпольны севазварот. Такім чынам пачыналі засвойваць новыя землі, павысілася ўраджайнасць. Праводзілася і асушэнне балотаў. Першы меліярацыйны канал загадала пракапаць пад Пінскам яшчэ каралева Бона. Гэта самае старое гідратэхнічнае збудаванне ў Беларусі. Паводле рэформы ствараліся і вялікія прыватныя гаспадаркі – фальваркі. У іх працавалі сяляне, аднак, гэтая паншчына не была вельмі цяжкай, усяго два дні на тыдзень за адну валоку, якой карыстаўся селянін. Гэта ўжо потым, пры Расійскай Імперыі яна вырасла да сямі дзён на тыдзень.

Селянін цяпер плаціў падаткі – чынш, грашыма, а не прадуктамі, як раней, таму яго гаспадарка рабілася часткай рынку. Ураджайнасць вырасла на столькі, што з нашых земляў жыта, ячмень, авёс сталі экспартаваць. Дарэчы, “Устава на валокі” мела і экалагічны раздзел, так, паводле яе забаранялася лавіць рыбу падчас нерасту.

Была адменена калектыўная адказнасць вёскі – ліквідаваная вясковая грамада. Цяпер сяляне асабіста валодалі зямлёй, кожны плаціў падаткі і адпрацоўваў паншчыну толькі за сябе. У выніку частка сялян адышла ад працы на зямлі, стала займацца рамесніцтвам. Так пачалі з’яўляцца чыста вытворчыя паселішчы: смалакураў, ганчароў, кавалёў, гарбароў, бортнікаў. Сяляне ўцягваліся ў эканоміку краіны.

Расійскія гісторыкі і эканамісты вельмі любяць хваліцца рэформамі сельскай гаспадаркі, якія правёў прэм’ер міністр царскага ўраду Пётр Сталыпін у пачатку ХХ стагоддзя. Ён меў маёнтак у Заходняй Беларусі і проста паўтарыў у маштабах імперыі тое, што было рэалізаванае ў нас яшчэ ў XVI стагоддзі.

Сам тэрмін “валока” настолькі трывала ўвайшоў у беларускую свядомасць, што нават у даваенны час сяляне нярэдка вымяралі плошчу поля валокамі, а не гектарамі. А ў назвах вёсак ён дажыў і да нашых дзён. Таму, калі мы ганарымся ўзроўнем развіцця сельскай гаспадаркі нашай краіны, то ў ім ёсць вялікая заслуга не толькі сённяшніх працаўнікоў, а і каралевы Боны, яе сына Жыгімонта Аўгуста, Мікалая Радзівіла Чорнага і, вядома ж, італьянскага святара-эканаміста Лісманіні.