Вайна без правіл

Дзень Перамогі 9 мая безумоўна вялікі дзень для ўсёй Еўропы. Менавіта тады афіцыйна скончылася вайна з гітлераўскай Германіяй для народаў Савецкага Саюза, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў Амерыкі, ну, і для іншых нашых суседзяў па Старым Свеце. У кожнай нацыі існуе свая праўда пра гэтую апошнюю маштабную еўрапейскую вайну, існуюць свае міфы. Часам рэальныя подзвігі ў прапагандысцкіх мэтах прыпісвалі іншым асобам, часам франтавыя журналісты, не маючы часу і дакладнай інфармацыі, увогуле прыдумлялі і сам подзвіг, і саміх герояў, а потым тыя подзвігі ўвайшлі ў гісторыю, а героям паставілі помнікі.

Цяпер, калі глядзіш расійскія тэлеканалы, слухаеш радыё, то толькі і чуеш, што перамогу здабылі “рускія салдаты”, нібыта не змагаліся поруч з імі ўкраінцы, беларусы, грузіны, казахі і іншыя народы СССР. Самая страшная і працяглая нацысцкая навала якраз пракацілася па заходніх рэспубліках Савецкага Саюза. І самае страшнае, што гэта была, як потым скажуць некаторыя гісторыкі, “вайна без правіл”.

Перамога не здабываецца ў адзін дзень і нават месяц. Шлях да яе пралягае ад першага стрэлу, няхай за ім і пачнецца адступленне. Самы яскравы прыклад – Чэхаславакія. Урад гэтай краіны на ўльтыматум Германіі здацца, сеў і падлічыў, што вайну ў выніку не выйграе, і згадзіўся здаць краіну без бою, хаця вайсковыя рэсурсы абодвух бакоў былі амаль роўныя. Тады адзін чэшскі афіцэр — капітан Карэл Паўлік не склаў зброю, ён адмовіўся здаць немцам вайсковую частку і распачаў бой з нешматлікімі добраахвотнікамі, каб потым ніхто не мог сказаць, што яго Радзіма здалася без супраціву. Некалькі цынкаў патронаў, пара гадзін супраціву, але гэты афіцэр стаў нацыянальным героем чэхаў і славакаў на стагоддзе наперад. Немцы паставіліся да праціўніка годна – капітана пасадзілі пад хатні арышт, а яго салдатаў раззброілі і распусцілі па хатах.

Нашы суайчыннікі з Заходняй Беларусі разам з палякамі першымі далі на дзяржаўным узроўні бой нацыстам у верасні 1939 года. Вайна была не вельмі доўгай, але жорсткай. І шмат хто з заходніх беларусаў потым ваяваў супраць нацыстаў у Чырвонай арміі, у Войску Польскім у складзе узброеных сілаў Вялікабрытаніі ў Паўночнай Афрыцы, у Італіі.

Тое ж і з абаронай Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе. Мой бацька – будучы пісьменнік Алесь Махнач, трапіў туды пасля Мінскага мотапяхотнага вучылішча малодшым лейтэнантам за тры дні да пачатку вайны. Ён мне расказваў, што першы дакумент, які яму далі падпісаць у штабе, абавязацельства не рэагаваць на нямецкія правакацыі. Што б не здарылася, нельга было страляць у адказ, іначай – трыбунал. І 20 чэрвеня, калі ён на палігоне вучыў салдат акопвацца, прыляцеў нямецкі штурмавік, даў некалькі кулямётных чэргаў. У выніку загінуў чырвонаармеец. Бацька называў мне яго прозвішча, але я, нажаль, не запомніў. І ў ноч на 22-а чэрвеня, калі немцы пачалі абстрэльваць крэпасць, ніхто не адмяняў дакументы паводле якіх кожны стрэл у адказ расцэньваўся як вайсковае злачынства. Я разумею, якія пачуцці віравалі ў душы ў майго бацькі, калі ён даў загад сваім салдатам абараняцца і потым наладзіў кантакт з іншымі афіцэрамі. Менш за тыдзень доўжылася ягонае змаганне ў цытадэлі, а потым яго непрытомным захапілі ў палон, калі ён ляжаў за кулямётам, у якім скончыліся патроны.

Мой бацька пасля вайны сябраваў з іншымі ветэранамі, сярод якіх былі і тыя, хто дайшоў да Рэйхстага. І яны не мераліся паміж сабой паводле франтавых дзён і кіламетраў, паводле колькасці забітых ворагаў. Яны разам набліжалі Перамогу.