Цуды кiно

Кінастудыі нездарма называюць фабрыкамі мрояў. Тыя, хто працуе над фільмамі, сапраўдныя чараўнікі, якія ствараюць паралельную рэчаіснасць. Ствараюць цэлыя сусветы, якіх насамрэч не існуе. Акцёры ўдаюць у кадры шалёнае каханне, нянавісць, сум, гора. Да таго ж, звычайна дыялог двух персанажаў здымаюць асобна. Спачатку адзін выкладаецца, гаворыць перад камерай, а потым, часам, праз некалькі дзён, другі персанаж. Пасля кавалкі з іх фразамі проста наразаюць і манціруюць адзін за адным.

Кіназоркі каштуюць дорага, а плацяць ім за здымачныя змены, таму іх прывозяць на здымачную пляцоўку на некалькі дзён, каб хутчэй зняць усе эпізоды, у якіх яны ўдзельнічаюць. Здараецца, знакаміты артыст нават не даведаецца пра дакладны сюжэт фільма, у якім зняўся.

Ёсць шмат кінематаграфічных прафесій, прадстаўнікі якіх ніколі не з’яўляюцца ў кадры. Сцэнарысты, кампазітары, аператары, піратэхнікі, бутафоры, грымёры, сам рэжысёр з асістэнтамі, адміністратар, асвятляльнікі. Адзін з самых значных такіх прафесіяналаў дырэктар фільма, або, як цяпер заведзена называць у цітрах – лінейны прадзюсар. Ён кіруе грашыма на здымках і займаецца матэрыяльным забеспячэннем. Гэта вельмі нялёгка. Рэжысёру можа спатрэбіцца для здымкаў паўночны алень, і трэба, каб ён у прызначаны дзень стаяў на пляцоўцы перад камерамі. Дырэктар мусіць быць чараўніком. Не хачу пакрыўдзіць усіх прадстаўнікоў гэтай прафесіі, але ж часам яны пачынаюць “чараваць” і з грашыма кінабюджэту. Я сам, як сцэнарыст, удзельнічаў у здымках кінафільмаў і таму ведаю сітуацыю знутры. Быў на нашай кінастудыі адзін такі дырэктар-чараўнік. Першы свой цуд ён зрабіў на здымках гістарычнага фільма, для якога ўзводзілі дэкарацыі сярэднявечнага горада. Будавалі іх з дошак і фанеры, якую потым мастакі расфарбоўвалі пад цэглу і камень. Палову будаўнічых матэрыялаў раскралі. І вось, калі здымкі падыходзілі да завяршэння, дырэктар схамянуўся, што паводле тэхналогіі, дэкарацыі трэба разабраць, а дошкі з фанерай здаць на склад. Вось тады ён і ўгаварыў рэжысёра, што ў фільме павінна быць яшчэ адна сцэна – пажар у сярэднявечным горадзе. Дэкарацыі падпалілі і знялі, як яны палаюць. Вось так і замаскавалі нястачу піламатэр’ялаў. Попел кубаметрамі не вымераеш. Аднак, трэба прызнаць, пажар у фільме выглядаў відовішчна і дарэчна. На другім фільме кемлівы дырэктар вырашыў нажыцца. Ёсць такі артыкул выдаткаў, як аплата статыстаў для масоўкі. Плацяць няшмат, звычайна, каля пяці долараў за адну змену, але ж, наяўнымі ў канцы кожнага дня. Серыял здымалі пра сучаснасць. Замест таго, каб наймаць статыстаў, якія мусілі ўдаваць прахожых на вулічных здымках, дырэктар проста паставіў на вуліцы дваіх асістэнтаў, якія прасілі гараджанаў, якія ішлі па тратуары, не глядзець у камеру, рабіць выгляд, што яны не заўважаюць здымачны працэс. Цяпер у канцы кожнага дня дырэктар мог пакласці сабе ў кішэню па пяць долараў за кожнага прахожага, які трапіў у аб’ектыў камеры. І ніводная праверка не выкрыла б падман. Людзей у кадры заўсёды можна пералічыць і супаставіць з лічбай статыстаў у ведамасці на аплату. Вось толькі з ведамасцю здарыўся пракол. Дырэктар лоўка ставіў подпісы за неіснуючых статыстаў. Аднак, выдумляць штодня дзясяткі прозвішчаў не ставала фантазіі. Таму ён пачаў проста перапісваць іх з помнікаў на бліжэйшых ад здымачнай пляцоўкі могілках. Спісваў імёны нябожчыкаў узапар, цэлымі алейкамі. На чым і пагарэў. Яго пасадзілі.

Так што, нават у кіно цудаў не бывае, бываюць толькі фокусы і махлярства.