Цуд на Вялікдзень

З маёй пляменніцы Алесі знаёмыя крыху па-добраму пасмейваюцца, бо ёсць у яе адна слабасць. Яна не можа спакойна прайсці на вуліцы каля бяздомнага ката, калі той апынуўся ў бядзе. Падбірае кацянятаў, якія засталіся без коткі-маці, скалечаных, падбітых машынамі катоў і прыносіць іх дахаты.

Часам у кватэры адначасова знаходзіцца з дзясятак падабраных на вуліцы жывёл. Кватэра, канечне, дастаткова вялікая, належала яшчэ майму дзеду. Трохпакаёвая, у доме, збудаваным адразу пасля вайны ў цэнтры горада. Аднак, і жыве ў ёй нямала людзей. Мая сястра з мужам і пляменніца з сям’ёй – яе муж і іх трое малых дзяцей. Тры пакоі на сем чалавек. А яшчэ вялікі сабака і каты, якіх трэба карміць, аплачваць паслугі ветэрынара. Дзякуй добрым людзям, лячыць, карміць, купляць напаўняльнік для кацінай прыбіральні маёй Алесі дапамагаюць такія ж апантаныя катамі валанцёры. Падлечаным, стэрылізаваным катам мая пляменніца, а яна прафесійны фатограф, робіць фотасесіі, выкладае фоткі ў сацыяльныя сеткі, дзе шукае людзей, хто хацеў бы ўзяць коціка да сябе. Прычым аддае не проста так, запісвае адрас, тэлефон, а потым яе сяброўкі праз які месяц прыязджаюць, правяраюць, ці добра новыя гаспадары абыходзяцца з коцікам, ці не выкінулі яго зноў на вуліцу, бо здаралася і такое. Карацей кажучы, у маёй пляменніцы не жыццё, а суцэльная “вар’ятня”.

І вось аднойчы Алеся пайшла пагуляць у парк са сваімі дзецьмі. На алейцы заўважыла старога, які сядзеў на лаўцы, адразу было відаць, што яму вельмі блага. Прысела побач, пацікавілася, чым можа дапамагчы. Выклікала “хуткую дапамогу”. Пакуль дактары ехалі, распытвала старога, каб той гаварыў і не страціў прытомнасць. Той таксама аказаўся беларускамоўным у паўсядзённым жыцці, назваўся спадаром Алегам. Ён ужо перанёс два інсульты, жыў адзін, блізкіх сваякоў не меў. Больш за ўсё старога хваляваў лёс яго ката. Маўляў, забяруць зараз у шпіталь ці памрэ, а што з катом будзе?

Калі прыехала “хуткая дапамога”, і медыкі папярэдне дыягназавалі трэці інсульт, спадар Алег аддаў свае ключы Алесі, каб яна зайшла да яго і забрала ката. Кватэра знаходзілася поруч з паркам. Пабачанае ўразіла пляменніцу. Спадар Алег быў калекцыянерам. У двухпакаёвай кватэры на сценах віселі карціны, цікалі старадаўнія гадзіннікі, стаяла антыкварная мэбля, нават сапраўдны камін меўся. З чужым катом Алеся вярнулася да сябе — дзе дзесяць катоў, там адзінаццаты не зашкодзіць.

Амаль ніхто не перажывае другі інсульт, а тут — трэці. Аднак спадар Алег нейкім цудам выкараскаўся, нават застаўся “на хаду”, не злёг. Мая пляменніца наведвала яго ў бальніцы, потым заходзіла да яго дадому, каб прынесці прадукты, нешта згатаваць. На гэты каталіцкі Вялікдзень запрасіла старога ў госці. За святочным сталом мы сабраліся ўсім сваім сямейным кланам. Толькі цюкнуліся асвечанымі ў касцёле яйкамі з дзецьмі, як спадару Алегу зблажэла. Ледзь паспелі падхапіць яго і пакласці на канапу. Пульс зваліўся ніжэй сарака ўдараў у хвіліну. На “хуткай дапамозе” Алеся паехала з ім у бальніцу. Спадар Алег, лежачы на насілках, усё прабачаўся, што сапсаваў нам свята і напалохаў дзяцей. Яго кот зноў перабраўся да маёй пляменніцы.

Праз пару дзён старога выпісалі, і ён запрасіў нас усіх да сябе на праваслаўны Вялікдзень, каб “кампенсаваць” свята. Калі дзеці пад’елі і пабеглі гуляць у другі пакой, спадар Алег урачыста абвясціў, што гэтымі днямі схадзіў да натарыуса і склаў тэстамэнт, у якім завяшчае ўсю сваю маёмасць, а гэта кватэра ў цэнтры горада, калекцыя антыкварыяту, дача, машына, маёй пляменніцы.