Ціта

У дзяцінстве шмат каго мы называем сябрамі, сяброўкамі. Хаця, насамрэч, яны проста аднагодкі-суседзі па двары, аднакласнікі. Мала хто з іх застаецца надалей у нашым дарослым жыцці. Бывае, сустрэнеш праз дваццаць гадоў, ледзь пазнаеш і не можаш зразумець, што магло вас аб’ядноўваць у мінулым? Відаць, аб’ядноўвала тое, што ў вас у маладыя гады была яшчэ нерэалізаваная будучыня. І яна магла стаць самай шчаслівай, самай светлай і чыстай…

Быў і ў мяне такі “сябра” у дзяцінстве. Жылі мы ў адным двары, школьны перыяд прыпаў на пачатак 1970-х гадоў. Звалі яго Сашам, але паколькі сашаў у кампаніі было некалькі, то мы – дзеці, прыдумалі яму мянушку з ягонага прозвішча — Ціткоў, і стаў ён Цітам. Бацька ягоны служыў палкоўнікам у Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Нічога добрага-кепскага сказаць пра гэтага чалавека не магу. Яму належалі два гаражы ў канцы двара, дзе стаялі дзве машыны: поўнапрывадны “Масквіч-402” для рыбалкі-палявання і “Волга” ГАЗ-21 з нікеліраваным аленем на капоце. Старэйшы Ціткоў у вольны час падоўгу праціраў, вычышчаў, рамантаваў легкавікі. Толькі аднойчы я бачыў яго на падпітку. Чалавек сядзеў на лаўцы ў двары і нязрушна глядзеў у адну кропку. Я праходзіў паўз яго і павітаўся. Замест адказу ён паднёс палец на вуснаў і змоўніцкі прашаптаў: “маўчу”. Што ж, нармалёвая рэакцыя супрацоўніка дзяржаўнай спецслужбы.

А вось сын ягоны Саша-Ціта маўчаць не ўмеў. Ён заўсёды плявузгаў нейкую дурню. Да таго ж сам свята верыў у прамоўленае. Варта яму было падгледзець, як адна з нашых дзяўчат прагульваецца з хлопцам, узяўшыся за рукі па парку, то у той жа вечар ён разносіў па двары плётку, што сам бачыў, як яны ў хмызах не толькі цалаваліся, але дзяўчына дазваляла свайму абранніку і большае. У ягоных фантазіях заўсёды напачатку было каліва праўды, а ўсё астатняе ён бессаромна прыдумляў. Памятаю, у Беларусі пачалася кампанія аўтаінспекцыі па прывучэнні кіроўцаў і пешаходаў да ўзаемнай павагі. І вось аднойчы Ціта пасля паездкі з бацькам на прыроду выйшаў у двор і стаў нам апавядаць, што выдалі новы закон. Маўляў, калі збіць пешахода, які пераходзіў дарогу на чырвонае святло, то можаш нават не спыняцца. “І вось, — казаў ён, — мы разам з бацькам сёння вярталіся. Адзін дзядок пайшоў на чырвонае. Мы нават не тармазілі. Толькі косткі пад коламі захрабусцелі. І далей сабе паехалі. Ніхто не спыняў”. Я разумеў, што ён маніць, аднак у яго голасе гучала мройная асалода. Адчувалася, ён чакае на такі закон, такога дзядка і на такую сітуацыю”.

Прайшло колькі гадоў. Мы паканчалі школу, паступілі. Хто ў Політэхнічны, хто на медыка, хто на біёлага. А вось Ціта паступіў на эканаміста. Я слаба ўяўляў яго бухгалтарам. Будучыня паказала, што недарма. Ён падаўся служыць у нейкі дэпартамент, які займаўся эканамічнымі злачынствамі. Пры сустрэчы расказваў казкі пра тое, як яму даводзіцца “браць” злачынцаў з выбіваннем дзвярэй, са стралянінай і трупамі. На пачатку 1990-х яго “узялі” самога пры атрыманні хабару. Ён паспеў вылезці ў акно і прайсціся па вузкім карнізе. Магчыма, спадзяваўся з’есці хабар. Ціта апамятаўся, спалохаўся зваліцца з вышыні чацвёртага паверха і пачаў лямантаваць, каб яму дапамаглі вярнуцца. Ніхто з аператыўнікаў не рызыкнуў лезці – яшчэ звалішся разам з затрыманым. Давялося выклікаць пажарнікаў.

Ціту пасадзілі. Але неўзабаве ён выйшаў, прадаў кватэру і з’ехаў у іншы горад. Цяпер мне часам здаецца, што ён пад выдуманым прозвішчам зарэгістраваўся ў сацыяльных сетках і піша розную дурню, дзе да каліўца праўды дадае свае чалавеканенавісніцкія фантазіі.