Таямнiцы Максiма Багдановiча

На мінулым тыдні адзначалі 125-годдзе з дня нараджэння аднога з лепшых паэтаў ХХ стагоддзя – Максіма Багдановіча. Яго кароткае жыццё, а пражыў ён усяго 28 гадоў, дагэтуль шмат у чым застаецца загадкай.

Нарадзіўся будучы паэт 9 снежня 1891 года ў Мінску. Калі ён быў яшчэ зусім малы, яго бацькі перабраліся ў Гродна, неўзабаве, адтуль – у Яраслаўль. Так што вырас ён у Расіі, у рускамоўным асяроддзі. Праўда, ягоны бацька Адам Багдановіч быў беларускім этнографам, збіраў і даследаваў фальклор, але ж пісаў свае працы па-руску, на гэтай жа мове і размаўляў. Заведзена лічыць, што мову Максім Багдановіч з “нуля” вучыў па нешматлікіх на той час слоўніках, фальклорных зборніках, па старых беларускіх кнігадруках. Гэта не зусім так. Ёсць дакументальнае сведчанне пра тое,  што малы Максім чуў жывую беларускую мову і нават гаварыў на ёй. Захавалася перапіска маці паэта з яго бацькам у той час, калі сям’я жыла ў Гродна. Марыя Багдановіч разам з дзецьмі адпачывала ў вёсцы і пісала мужу: “Наогул, ім тут не жыццё, а маліна… Адно толькі кепска, што сталі гаварыць па-беларуску і калі-нікалі такое слоўца скажуць, што, хоць стой, хоць падай”. Атрымліваецца, што ў раннім дзяцінстве за кароткі час жывая мова была збольшага засвоена хлопчыкам у вёсцы і потым проста вярталася да яго, калі ён стаў пісаць вершы, жывучы ў Яраслаўлі. Магчыма, і сам не да канца разумеў, адкуль тыя веды браліся.

Пра творчасць паэта кожны, хто вучыўся ў школе, ведае з праграмы па літаратуры. Шмат для каго Багдановіч – улюбёны айчынны паэт. Ён здолеў пакінуць загадку, якая не вырашаная дагэтуль, сваёй смерцю. Памёр паэт у Крыме – у Ялце, куды сябры выправілі яго лячыць сухоты — туберкулёз. Максім цудоўна разумеў, што едзе на Поўдзень паміраць, гэта відно з яго апошняга верша “У краіне светлай, дзе я паміраю…”, хаця, да гэтага ў адным з вершаў, нібыта, марыў быць пахаваным у роднай зямлі, у Беларусі.

Памёр ён на адзіноце. Хавалі яго ялцінскія знаёмыя. Бацька, здолеў прыехаць толькі на чацвёрты дзень, бо сын не хацеў нікога абцяжарваць, і не пакінуў знаёмым адрас родных. Адам Багдановіч выпадкова знаходзіўся гэтым часам у Сімферопалі ў камандоўцы, як даведаўся, кінуўся на аўтамашыне ў Ялту, але было позна. На магільным грудку ўжо стаяў крыж з шыльдай “Студент Максим Богданович”. Бацька даў грошы на тое, каб умацавалі і абсталявалі магілу, якая знаходзілася на схіле гары, і пакінуў у запісах прыблізныя арыенціры. Потым пачалася рэвалюцыя, ішла Грамадзянская вайна. Людзям не было справы да чужых магіл, штодзень даводзілася хаваць сваіх.

Пра магілу Максіма Багдановіча згадалі ў канцы 20-х гадоў. У Крым паехала дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў. Ім удалося адшукаць тых, хто браў удзел у пахаванні, яны і паказалі прыкладнае месца. Аднак, крыжы, дзякуючы антырэлігійнай прапагандзе, былі паваленыя, а шыльда з магілы пісьменніка знайшлася ў мясцовых дзяцей, якія ададралі яе, каб узімку коўзацца з абледзянелага горнага схілу.

З таго часу раз-пораз узнікаюць ініцыятывы перавезці парэшткі паэта ў Беларусь. На шчасце, яны ўсцяж застаюцца толькі ідэяй. Месца, на якім на Лівадзійскіх могілках у Ялце стаіць помнік паэту – умоўнае. Ён можа быць пахаваны ў радыюсе пяці-дзесяці метраў адтуль. Таму ідэальным з’яўляецца акцыя, якую здзейснілі цяпер на юбілей паэта. У Мінскім саборы Усіх святых урачыста заклалі ў сцяну капсулу з зямлёй з магілы Максіма Багдановіча.

Не ведаю, як цяпер, але яшчэ два гады таму на могілках у Ялце ад самай брамы вялі намаляваныя на алейцы стрэлкі і надпіс “Да Багдановіча”.