Таямнiчая прыгажуня

Неба зацягнутае цяжкімі хмарамі ў тры паверхі. Цярушыць дождж, які, здаецца, ніколі не скончыцца. Я ад самага ранку зграбаю жоўтае кляновае лісце. Яго шмат. Клён у кутку свайго ўчастка пасадзіў трыццаць гадоў таму мой сусед-франтавік. За гэтыя гады дрэва разраслося. Пайшло на чатыры камлі. Яго разлапістыя галіны навіслі і над маім дачным участкам. Штогод засыпаюць яго лісцем. Лісты вялікія, з мужчынскую далонь. Ды і формай нагадваюць руку – пяціпалыя. Яны тоўстыя, быццам, выкраілі іх са скуры. Ведаю, калі не прыбрацца ўвосень, за зіму яны самі сабою не перапрэюць. Праз іх не праб’ецца трава. Так і застануцца ляжаць тоўстым спрасаваным дываном.

Сусед колькі разоў прапаноўваў мне спілаваць галіны, што залезлі на маю тэрыторыю. А ў мяне рукі не дайшлі. Нядаўна сусед памёр. І цяпер у мяне язык не паварочваецца сказаць яго сыну пра тыя галіны, што засыпаюць мяне лісцем. Па-першае, размова з яго бацькам адбывалася сам-насам. Па-другое, дрэва прыгожае. Няхай і надалей расце, як памяць пра ветэрана вайны.

Гэтым разам спаліць лісце на вогнішчы не ўдаецца, такое яно мокрае. Таму трамбую яго ў мяхі. Узвальваю на вазок і цягну да бліжэйшага поля, якое ўсе дачнікі называюць Полем Пяці Дубоў. Хаця, апроч пяці старых дубоў, на ім ёсць яшчэ і даволі вялікая выспа беразняку, у які ніхто не ходзіць. Улетку шкада вытоптваць жыта, а ўвосень зямля ўжо ўзараная.

Стаю на ўскрайку поля і расцярушваю пад вецер жоўтае кляновае лісце, каб не выкідаць яго гурбай. З шашы з’язджае і спыняецца непадалёк мяне вялізны навюткі чорны джып, гледзячы на які, міжволі падумаеш, колькі такая машына можа каштаваць. У галаву недарэчна прыходзіць параўнанне: “Прэстыжныя аўтамабілі падобныя да дарагіх лакіраваных трун”. З-за руля выбіраецца маладая жанчына асляпляльнай прыгажосці, апранута яна адпаведна кошту джыпа. Красуня надзяе гумовыя боты і з вялікім букетам белых ружаў прастуе да беразняку па ўзараным, раскіслым ад працяглых дажджоў полі. Твар у яе задуменна сумны.

Прыгажуня не з нашага дачнага пасёлка, сваіх суседзяў я ведаю ў твар. Калі б прыехала да каго ў госці, то не спынялася б перад брамай. Я сачу за самотнай постаццю на ўзараным полі. Нарэшце, маладая жанчына знікае паміж бяроз. Яе няма хвілін пятнаццаць. Вяртаецца яна ўжо без кветак. Твар усё яшчэ сумны, нават, жалобны, але прасветлены. Яна кідае на мяне кароткі позірк, і разумею, ёй не хацелася, каб яе бачыў нехта старонні, разлічвала, што ўсё адбудзецца на самоце. Сядае за руль і з’язджае.

Калі нечага не разумееш у сітуацыі, то заўсёды пачынаеш яе дамысліваць. Калі жанчына пайшла з кветкамі, а вярнулася з пустымі рукамі, то ёсць два варыянты: хадзіла на свята, альбо на пахаванне, на магілу. Свята ў бярэзніку пасярод поля пад дажджом я адкідаю адразу. Але ж і не на могілкі хадзіла! Пачынаю шкадаваць, што не падышоў, не спытаў. І тут фантазія дамалёўвае мне цалкам лагічную карціну. Красуня вельмі багатая, але ж наўрад-ці сама зарабіла шалёныя грошы. Магчыма, яе муж быў бандзюганам або бізнесоўцам, якога канкурэнты аднойчы вывезлі ў наш беразняк, забілі і закапалі. Вось, удава і наведвае з ружамі яго безыменнае пахаванне. Спяшаюся па полі. Паміж бяроз бялее букет ружаў. Я не памыліўся. Гэта магіла. Ёсць нават невялікая каменная пліта. На ёй выбіта “ЧАРЛІ”, а ніжэй дзве даты кароткага, як на чалавечы век, жыцця. На капцы штучнымі косткамі, якія прадаюць у крамах для жывёл, выкладзены крыжык. Так, красуня адведвала магілу, у якой пахаваны яе ўлюбёны сабака Чарлі.