Святло ў вакне

Гэтая гісторыя здарылася з адным маім маладым знаёмым. Не скажу, што яна ўнікальная, мільёны мужчын і жанчын праходзіць цераз падобнае. Вось толькі нікому не пажадаю такіх прыгод.

Пабраўся шлюбам ён дастаткова рана. Сваю жонку ведаў з адзінаццаці гадоў. Жылі ў адным двары. Так што нейкіх сюрпрызаў ад яе характару, здавалася б, чакаць не даводзілася. За дзесяць гадоў пра дзяўчыну можна дазнацца амаль што ўсё.

Вяселле згулялі як мае быць. Не залішне шыкоўнае, не залішне сціплае. І пачалося сямейнае жыццё. Неўзабаве пасля таго, калі нарадзіўся сын, бацькі пакінулі ім сваю кватэру. Так што маладой сям’і ніхто не замінаў адбудоўваць свае адносіны. Мужчына зарабляў някепска, так што на жыццё ставала, без асаблівай раскошы, праўда. Праца займала дастаткова часу і была дыстанцыйнай – па распрацоўцы сайтаў для кампаній у розных краінах. Затое не даводзілася марнаваць час на дарогу да службы. Спусціў ногі з ложку раніцай, сеў за кампутар, і ты ўжо на працоўным месцы. Ды і працуй, хочаш, удзень, хочаш, уначы. Жонка клапацілася пра сына, дбала пра тое, каб ён наведваў розныя гурткі, рыхтавала да школы. Вялікае каханне, вядома ж, сышло. Але так у большасці сем’яў. Калі любоўныя жарсці паміж мужам і жонкай трываюць доўгімі гадамі, яны то мілуюцца, то бегаюць адна за адным з сякерай па хаце.

І вось сыну споўнілася восем гадоў. Узрост, калі ўжо не трэба так шчыльна апекавацца дзіцёнкам. Ён сам і ў школу дойдзе, і у двары з другімі дзецьмі гуляе. У паводзінах жонкі пачаліся змены, якіх муж не чакаў. З’явіліся новыя сяброўкі з ліку маці аднакласнікаў сына. Праз нейкі час жачнына стала па вечарах з новымі сяброўкамі наведваць клубы. Мужчына першым часам не бачыў у гэтым нічога асаблівага. Маўляў, дзяўчаты час ад часу адпачываюць. Але ж падобныя паходы здараліся ўсё часцей, жонка вярталася нярэдка падпітая. З нейкім “чужым” позіркам у вачах. На тэлефонныя званкі магла не адказваць гадзінамі, прыходзіла пад раніцу. На яе крэдытнай пластыкавай карце штомесяц з’яўляліся пазыкі на некалькі соцень долараў.

Адбылося высвятленне адносін. Жонка ўзяла сына і сышла да маці. А мужчына ўсё яшчэ кахаў яе, не хацеў прызнавацца сабе, але ў душы верыў, што тая адумаецца і вернецца. Аднак здарылася тое, што нярэдка здараецца. Як у старой песні Алы Пугачовай: “… в этой жизни я не долюбила”.

Удзень да бацькі забягаў у госці васьмігадовы сын, яго можна было знайсці ў двары з другімі дзецьмі. Самае страшнае пачыналася ўвечары. Калі мужчына апынаўся адзін у пустой кватэры, дзе нядаўна ў яго была сям’я. Здавалася, тут яшчэ гучаць іх галасы. І тады ён ішоў на вуліцу, трэба было быць сярод людзей. Святло ў кватэры заўсёды пакідаў уключаным, каб, позна вяртаючыся, здалёк бачыць асветленыя вокны, каб падмануць сябе, нібыта, жонка і сын чакаюць яго. Іначай, не мог бы падняцца ў пустую кватэру.

І аднойчы мужчына зразумеў, што мусіць зрабіць. Ён сеў за кампутар, завёў сабе фэйкавую старонку на чужое імя ў сацыяльных сетках, дзе “пасвіліся” жонка, павесіў замест свайго фота нейкага качка з Германіі і зафрэндзіў яе, нагадаўшы пра іх кароткую сустрэчу ў паўцёмнай зале клуба. Цягам двух дзён ён у вельмі фрывольнай форме прызначыў ёй спатканне, намякнуў на інтымныя адносіны. Яна пагадзілася на ўсё, не вагаючыся.

Назаўтра мужчына адпісаў, што тэрмінова мусіць з’ехаць па працы за мяжу. Знішчыў сваю фэйкавую старонку. І адчуў, што яго “адпусціла”. Жанчына ператварылася для яго з каханай жонкі проста ў маці яго сына. Ва ўсім астатнім стала для яго абыякавай.