Страшыя казкі
Пра шчаслівых людзей заведзена казаць: “жывуць, як у казцы”. Але ж, ці заўсёды ў казках добры канец, ліха пакаранае, а дабро перамагае?..
Само слова “казка” нагадвае пра тое, што яе расказваюць. Казка не пісьмовы твор, а вусны, ён перадаваўся з пакаленне ў пакаленне цягам стагоддзяў. Адпаведна змяняліся, дадаваліся у іх і новыя рэаліі. Казкі адносна нядаўна сталі запісваць даследчыкі-фалькларысты ў ХVIIІ-ХІХ стагоддзях.
Кожны з нас слухаў казкі, якія расказвалі нам, чыталі старэйшыя. Потым, навучыўшыся чытаць, мы ўжо самі бралі ў рукі кнігі. Больш за ўсё нам падабаліся чарадзейныя казкі. У тых кніжных казках з малюнкамі і, сапраўды, усё заўсёды добра заканчвалася.
Спачатку ў дзяцінстве я перачытаў усе літаратурныя казкі, што стаялі ў хаце навідавоку. А потым неяк палез у кніжую шафу, дзе ў другім шыхце кніг стаялі тоўстыя тамы навуковых выданняў, што засталіся ад дзедавай бібліятэкі. І там знайшоў сапраўдны кніжны скарб — з дзясятак акадэмічных даваенных выданняў казак народаў свету: нямецкія, французскія, шведскія… Казкі там былі не адаптаваныя для дзяцей пісьменнікамі, а запісаныя фалькларыстамі так, як іх у свой час расказвалі непісьменныя носьбіты. Вось тут і чакала адкрыццё.
Большасць сусветна вядомых казак першапачаткова былі жорсткімі, з трагічным фіналам. Так дзяўчынка Чырвоны Каптурык і яе бабуля так і не вярталіся да жыцця, ніякі добры паляўнічы не вызваліў іх са страўніка падступнага ваўка. Мачаха Папялушкі, каб надзець крышталёвы чаравічак, з дапамогай якога прыўкрасны каралевіч шукаў сваю каханую, адрэзала пятку сваёй старэйшай дачцэ, а потым і адчыкрыжыла пальцы на назе малодшай. Толькі струмені крыві дазволілі маладзёну разгадаць падман. Падманшчыц прывязалі да коней і разарвалі на часткі па загадзе таго ж мілага каралевіча. Менавіта так гэтыя казкі спачатку і запісалі ад людзей знакамітыя казачнікі браты Грым. Ужо пасля першага выдання ім самім і іх паслядоўнікам пад ціскам пурыстаў і святароў давялося перарабляць казкі, залагоджваць сюжэтныя сітуацыі, рабіць іх больш гуманнымі, каб іх маглі чытаць дзеці.
Не будзем забываць, што жыццё ў ранейшыя часы, калі складаліся казкі, было значна больш жорсткім за нашае. А некаторыя сюжэты ўвогуле – пераробленыя міфы ўжо зусім старажытных часоў. Напрыклад, у казцы, дзе Баба Яга ў сваёй лясной хатцы спрабуе засунуць у печ хлопчыка, а той падманам саму яе саджае на лапату і адпраўляе ў агонь, зашыфраваны абрад ініцыяцыі хлопцаў-падлеткаў. Калі іх удалечыні ад мамак падвяргалі розным выпрабаванням, каб яны здабылі права стаць паўнавартаснымі воінамі ці паляўнічымі ў мужчынскай грамадзе племені.
Пазней рукі ў мяне дайшлі і да выдадзеных Акадэміяй навук беларускіх казак у тым выглядзе, у якім іх запісвалі фалькларысты. Тут пры чытанні можна было атрымаць інтэлектуальную асалоду і ад таго, што тэкст падаваўся аўтэнтычны – на мясцовых гаворках, і ад таго, што сюжэты нашых казак збольшага супадалі з сюжэтамі казак іншых еўрапейскіх народаў. І жорсткасці там таксама ставала.
Зрэшты, мы далёка не сышлі ад сваіх продкаў-казачнікаў. Згадайма страшныя гісторыі, якія расказвалі адзін аднаму ў дзяцінстве – аўтэнтычны дзіцячы фальклор , там жорсткасці без межаў. Дый чытаць, глядзець мы любім крымінальныя навіны, пікантныя гісторыі з жыцця вядомых людзей. Так і нашыя продкі-сяляне распавядалі казкі не пра пасяўную і ўборачную кампаніі, а пра каралёў, каралеў, воінаў-рыцараў, спакуслівых чараўніц, таленавітых прайдзісветаў і іх прыгоды.
Максім КЛІМКОВІЧ