Стаіць вярба

У гэтую нядзелю каталікі адзначылі Вербную нядзелю, у праваслаўных яна яшчэ наперадзе. Хрысціянскі сэнс свята ясны і празрысты. Гэты дзень – апошняя нядзеля перад Вялікаднем, прымяркоўваецца да ўваходу Хрыста ў Ерусалім, калі народ радасна сустракаў Збаўцу пальмавымі галінкамі. Ну, а паколькі ў Беларусі пальмы не растуць, то ў храмы людзі на свята нясуць галінкі вярбы.

Запісы этнографаў захавалі звесткі, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў некаторых цэрквах і касцёлах Беларусі на Вербніцу прыносілі цэлае дрэва, выкапанае разам з каранямі, ставілі яго і асвячалі. І потым ужо з яго вернікі адломвалі галінкі, разносілі па хатах. Пасля свята вярбу ўрачыста перасаджвалі ў загадзя вызначанае месца. Часцей за ўсё непадалёк ад храма, або на могілкі.

Раней было заведзена на Вербніцу сцябаць адзін аднаго асвечанымі галінкамі вярбы і прыгаворваць: “Не я б’ю, вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень”. Альбо: “Хвароба ў лес, здароўе ў косці”. Лічылася, што такім чынам чалавеку можна перадаць здароўе, жыццёвую моц, хараство гэтага дрэва, што першым абуджаецца пасля зімовага сну: “Будзь здароў увесь год, як калядны лёд. Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба”.

Асвячоным дубчыкам першы раз пасля зімы выганялі кароў у поле. Пастух мусіў трымаць пры сабе вербачку цэлы дзень. Тройчы выцінаць ёй кожную карову, каб уберагчы ад хвароб. А ў канцы дня ўторкваў яе ў мурашнік, каб статак быў моцным, і каровы трымаліся разам, як мурашы. Або засоўваў яе ў страху хлява для таго, каб каровы ў час вярталіся з пашы і не блукалі. Падпаленым дубчыкам — абкурвалі гняздо квактухі. Попелам пасыпалі наўкола калыскі нованароджанага, каб адагнаць яд яго злыдухаў і хваробы. Аберагала асвечаная вярба і ад прыродных з’яў. Варта было з’есці адну пупышку падчас першага грому, каб потым цэлы год не баяцца навальніц з маланкамі. Дубчык асвечанай вярбы дапамагаў адагнаць навальнічную хмару – для гэтага яго выстаўлялі на вакно з таго боку, адкуль насоўвалася бяда. І нібыта пасля гэтага хмара праходзіла стараною. Супраць граду галінку падпальвалі.

Дзяўчаты варажылі з дапамогай галінак вярбы. Трэба было падкрасціся да незнаёмага хлопца, сцебануць яго дубчыкам і спытаць імя. Як яго завуць, так будуць зваць і будучага мужа.

Зразумела, што хрысціянскага ў такіх забабонах мала. Трэба разумець, што вера ў Хрыста прыйшла да нас, калі нашы продкі былі паганцамі – язычнікамі. Новая вера проста наклалася на старыя ўяўленні, на абагаўленне прыродных з’яў.

У народзе лічылі, што асвячэнне вярбы выганяе з яе чартоў. Бо пасля Вадохрышча нячысцікі выскокваюць з вады і пасяляюцца на вярбе да таго часу, пакуль яе не асвецяць, пасля чаго ўцякаюць на поле, у траву да самага Іллі, тады гэты святы заганяе іх зноў у ваду.

Асвечаную вярбу трымалі ў хаце цэлы год. Або за абразамі, або затыкалі дубчыкі пад бэльку непадалёк ад іх. Выкідаць яе нельга, трэба было спаліць, а попел высыпаць на поле ці гарод.

Калі гэтай нядзеляй вернікі разыходзіліся пасля імшы ў касцёле, кожны нёс з сабой асвечаную вярбу. У адных гэта былі проста дубчыкі з пупышкамі, у іншых — сапраўдныя творы фларыстыкі, упрыгожаныя каляровымі стужкамі, штучнымі кветкамі. І адразу згадалася народная песня, якую некалі выконвалі “Песняры”: “Стаіць вярба у канцы сяла. На той вярбе, а тры кветачкі. А пад той вярбой, а тры дзевачкі, тры малойчыкі…” Мяне заўсёды бянтэжыла згадка пра “тры кветачкі”. Ну якія кветкі могуць вырасці на вярбе? А тут пабачыў на свае вочы расквечаныя дубчыкі ў людскіх руках. І ўсё стала зразумела.