Споведзь аднакурснiка

Выпускнікі майго курсу Факультэта гідратэхнічнага і дарожнага будаўніцтва Беларускага політэхнічнага інстытута збіраюцца не вельмі часта. Апошняя агульная сустрэча групы адбылася гадоў дзесяць таму. Было цікава даведацца, хто кім стаў. Дзяўчаты-выдатніцы збольшага так і засталіся на тых пасадах, на якія трапілі па размеркаванні, максімум, падняліся да начальніка аддзела. Затое хлопцы-двоечнікі, тыя, хто вярнуўся да сябе “на раён”, зрабілі кар’еру, сталі начальнікамі, галоўнымі інжынерамі Дарожных эксплуатацыйна-рамонтных упраўленняў. У невялікім райцэнтры падобная пасада аўтаматычна ўводзіць цябе ў дзясятку самых уплывовых людзей адміністрацыйнай адзінкі. Яны прыехалі пад мінскую рэстарацыю на службовых машынах са сваімі вадзіцелямі, якія цярпліва чакалі, пакуль былыя аднакурснікі іх начальнікаў адзначаць чарговую сустрэчу.

Як заведзена на падобных мерапрыемствах, кожны за агульным сталом па коле падымаўся і расказваў, што сабою ён уяўляе ў сённяшнім жыцці. Улюбёнец групы, прыгажун, які пяць гадоў з’яўляўся фронт-мэнам ВІА факультэта і, на якога, як на абраз, маліліся дзяўчаты, з фужэрам шампанскага ў руцэ сціпла абвесціў, што мае свой бізнес. Назаву яго “Міхась”, каб не раскрываць інкогніта. Выглядаў ён цудоўна – гадоў на дзесяць маладзейшым за сапраўдны ўзрост. У беларусаў нама завядзёнкі ў такіх выпадках выпытваць падрабязнасці – а раптам чалавек займаецца нечым не зусім законным? Сустрэча скончылася, аднакурснікі-начальнікі раз’ехаліся са сталіцы на службовых машынах, прыхапіўшы тых, каму было па дарозе. А мы з “Міхасём” падаліся на грамадскі транспарт і развіталіся на платформе.

Нядаўна мне зноў давялося ехаць сталічным метро. На станцыі ў вагон зайшоў не вельмі ахайнага выгляду стары ў зашмальцаваным стройчыку. Рукі і ногі пакручаныя, быццам яго катавалі на сярэднявечнай дыбе – “кабыле”, ледзь сунуўся, пакутліва кульгаў, торгаўся. У руках трымаў невялікую кардонку. Ён ішоў паміж радамі сядзенняў і падстаўляў скрынку, у якую спагадлівыя пасажыры кідалі капейкі. Калі ён параўнаўся са мною, я з вялікай доляй сумневу пазнаў таго самага аднакурсніка — “Міхася”. Ад здранцвення нават не паспеў дастаць партманет. Жабрак таропліва выйшаў на платформу, я кінуўся следам, няўпэўнена перапытаў у яго, ці ён сапраўды “Міхась”? Той неахвотна пацвердзіў і прапанаваў падняцца на паверхню. Каля грамадскай прыбіральні ён папрасіў мяне крыху пачакаць. Выйшаў адтуль абсалютна здаровы, такі ж стройны, маладжавы, як пры апошняй сустрэчы, у модным адзенні і адразу запрасіў мяне ў кавярню.

Яго гісторыя мяне ўразіла. Яшчэ ў 1990-я ён заняўся бізнесам. З часам фірма разраслася, шырылася сфера дзейнасці. Праз пэўны час ён адчуў, што ўжо нічога не разумее ў тым, што робіцца з фінансамі і дамовамі, толькі падпісваў паперы, усім займаліся іншыя, у тым ліку і яго жонка – галоўная бухгалтарка. А потым нечаканы развод. У выніку высветлілася, што яму ўжо нічога не належыць, толькі абавязальнітвы па крэдытах. Давялося прадаць кватэру, пэўны час жыў у машыне. Правы міліцыя забрала, калі ён, падвыпіты, грэўся з уключаным рухавіком на вулічнай стаянцы. Калі скончыліся грошы з “заначкі”, згадаў пра сваё сцэнічнае мінулае і падаўся працаваць фальшывым жабраком-інвалідам у метро. У гэтым і знайшоў сваё прызванне. Зарабляе цяпер не менш сярэдняй зарплаты па краіне.

На развітанне “Міхась” супакоіў мяне, што за ўсё замоўленае ў кавярні заплаціць сам. Высыпаў на стол прыгаршчу манет. Афіцыянт цярпліва выбраў больш буйныя манеткі і развітаўся з “Міхасём”, як з добрым знаёмым.