Сонечная кветка

У мяне асабіста 8 сакавіка асацыіруецца з мімозай. Гэтыя жоўтыя як сонца кветкі з’яўляюцца ў нас толькі на гэтая вясновае свята. З’яўляюцца раптоўна і так жа раптоўна знікаюць. Я люблю іх дарыць жанчынам. Па-першае, танныя. Але мой выбар вырашаюць не толькі грошы. Проста, яны ў гэты час адзіныя сапраўдныя. Не хачу нікога пакрыўдзіць, аднак усё астатняе, што можна набыць узімку, або на пачатку вясны, як слушна кажа адна мая знаёмая: “Не кветкі, а набальзамаваныя трупы кветак, яны нават пахнуць смерцю”. А вось мімоза – яна з жывым водарам. Яе жоўты пылок смешна прыліпае да носа, вуснаў. Нібыта іх пазалаціў вясновы сонечны прамень.

Доўгі час я не задумваўся, адкуль яны да нас трапляюць на жаночае свята. Ведаў толькі, што гэта галінкі ці то дрэва, ці куста аднекуль з поўдня. І вось колькі гадоў таму вырашылі паехаць з жонкай адпачыць у Абхазію. Проста згадалася, як адзін час ездзілі ў Піцунду яшчэ за савецкім часам, вось і пацягнула наведаць мясціны маладосці. Прыгледзелі сабе вёску Лдзаа ў пары кіламетраў ад Піцунды. Знялі пакой у сямейным гатэльчыку, які трымалі муж і жонка – старыя армяне. Іншыя адпачыннікі, у асноўным з Расіі, называлі іх “дзед Лёня” і “баба Груня”. Мы ж, разумеючы, што такіх імёнаў у армянаў быць не можа па вызначэнні, пацікавіліся ў гаспадароў, як іх завуць па сапраўднаму. Выявілася, што імя дзеда Леон, а бабулі Гюрнеш. Праўда, мы крыху падкарэктавалі ў беларускае гучанне Леона, называлі яго Лявонам.

Такая ўвага да нацыянальных адметнасцяў вельмі спадабалася старому Лявону Акопавічу і ён зрабіўся страшным беларусафілам. З наступнага дня пачаў ставіць нас – беларусаў, у прыклад расіянам. Маўляў, у нас і хлеб пячы ўмеюць і сыр добры рабіць і кілбасы. Бо мы ў першы вечар пачаставалі яго прывезеным з сабой. Сам ён ніколі не быў у Беларусі, але чамусьці жыццё ў нашай краіне здавалася яму блізкім да ідэальнага. Нібыта ў нашых рэстарацыях і кавярнях талеркі большыя, а таму і порцыі падаюць большыя; нібыта, беларусы самая працавітая нацыя.

Абхазаў ён лічыў лайдакамі, падмацоўваючы сваю адзнаку неаспрэчным фактам, быццам яны нават на дрэвы ў бурках лазяць. Можа, ён такое калі і бачыў, я – не. Хутчэй за ўсё ў Лявона Акопавіча проста была крыўда на абхазаў, бо тыя дазвалялі весці бізнес на марскім узбярэжжы толькі сваім. Армянін, хоць і быў мясцовым у трэцім пакаленні, мог займацца бізнесам адно ў межах сваёй сядзібы. А яму так хацелася выйсці за гэтыя межы. Ягоныя дзед з бабуляй, як казаў сам Лявон Акопавіч, “выпаўзлі з мора”, ратуючыся ад разні армянаў, якую ўчынілі ў Турцыі на пачатку мінулага стагоддзя. З таго часу і абжываліся ў Абхазіі. Разбудоўваліся, насілі на плячах у хатулях урадлівую глебу з гор і апалую лістоту, каб насыпаць зямлю пад мандарынавы сад, вінаграднік і гарод.

І ўсё ж такі сваю мару ён здзейсніў, у чым з гонарам прызнаўся мне ў апошні дзень нашага адпачынку. Каля яго сядзібы праз вуліцу працякаў горны ручай. Лявон Акопавіч вывеў мяне за браму і паказаў на дрэвы, якімі гадоў пятнаццаць таму абсадзіў гэты ручай да самага мора. Па тонкіх лісціках я нарэшце пазнаў іх – мімозы. Штогод у пачатку сакавіка яны шалёна квітнеюць. Уся алея абапал ручая становіцца жоўтай-жоўтай. Стары армянін зразае галінкі, пакуе ў кардонныя скрыні і вязе іх на продаж. Праўда, перакупшчыкі не дазваляюць яму заехаць далей Растова. Скупляюць за паўцаны і вязуць далей у буйныя гарады. Так што, магчыма, на свята ў вашыя рукі трапяць сонечныя кветкі і з вёскі Лдзаа ў Абхазіі.