Слуцкія паясы

Кожны, хто вучыўся ў беларускай школе, ведае знакаміты верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” пра вясковых дзяўчат, якіх забралі на панскую мануфактуру ткаць “залатыя паясы”. Памятаеце:

“… Цямнее край зубчаты бору, і тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага узору цвяток радзімы васілька”.

Слуцкія паясы – адзін з пазнавальных гістарычна-мастацкіх брэндаў нашай Радзімы. Як кажуць, “нацыянальная каштоўнасць”. Вось толькі ўпершыню з’явіліся яны не ў нас і называліся іначай. Гэта былі вядомыя здавён персідскія паясы, тканыя з выкарыстаннем залатых і срэбных нітак. Іх яшчэ называлі “літымі”, бо золата і срэбра на іх потым пляшчылі спецыяльнымі валікамі. Раней за нас іх упадабалі нашы суседзі, польскія шляхціцы, бо лічылі сябе нашчадкамі сарматаў – паўлегендарнага ваяўнічага народу, які некалі прыйшоў ва ўкраінскія стэпы з Ірана.

Сармацкая мода прарвалася на беларускія землі ў XVI стагоддзі, калі каралём польскім і вялікім князем літоўскім нашыя продкі абралі трансільванскага князя Стэфана Баторыя, дарэчы, далёкага сваяка знакамітага графа Дракулы і адзінага на той час еўрапейскага манарха, які меў універсітэцкую адукацыю. Стэфан Баторы прывёў з сабой венгерскіх рыцараў. А тыя вельмі любілі ўсходнія строі. Зразумела, што нашая шляхта стала пераймаць моду каралеўскага двара.

Персідскія паясы прывозілі пераважна армянскія купцы з Турцыі, Персіі і з Каўказа. Яны ўяўлялі сабой вытканае ўсходнімі ўзорамі палатно шырынёй каля 50 сантыметраў і даўжынёй 3-4 метры. Яго складалі напалам па шырыні, а потым абмотвалі вакол таліі, канцы завязвалі так, каб яны вольна спадалі долу. Самыя дарагія паясы каштавалі пад тысячу злотых – гэта гадавы аклад афіцэра-найміта, за такія грошы можна было купіць двух пародзістых коней. Зразумела, што набыць падобную “цацку” маглі толькі вельмі заможныя людзі. Таму квітнеў рынак танных падробак і “сэканд-хэнда”. Такія паясы можна было набыць і за тры дукаты.

Нашыя продкі таксама клапаціліся пра імпартазамяшчэнне. Але ж такая вытворчасць патрабавала вялікіх капіталаўкладанняў, праўда, і магчымыя прыбыткі маглі стаць астранамічнымі. Першым на такі крок наважыўся ў XVIII стагоддзі князь Міхал V Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Ён заклаў першую мануфактуру-персіярню у сваіх слуцкіх уладаннях. Самым дарагім і складаным было займець спецыяльны варштат – лінейку станкоў для вырабу паясоў. Іх вываз з Турцыі караўся смерцю. Нелегальна даставіць у Рэч Паспалітую адзін такі разабраны на часткі варштат са Стамбула здолеў армянскі майстра Дамінік Місяровіч.

Вось так і пачалася гісторыя слуцкіх паясоў. Неўзабаве да персідскіх узораў на іх канцавінах з маркетынгавых меркаванняў дадаліся і тыя самыя беларускія васількі, пра якія потым напісаў Максім Багдановіч. У нашай і польскай шляхты ўсё ж такі былі крыху іншыя ўпадабанні, чым у туркаў і персаў. Слуцкія паясы сталі вельмі папулярнымі, па іх узорах наладзілі вытворчасць ажно ў Парыжы.

Вось так і склаўся наш нацыянальны брэнд, звязаны залатымі і срэбнымі ніткамі з іншымі культурамі і нават цывілізацыямі. Самае цікавае, што “слуцкіх ткачых”, апетых Багдановічам, ніколі не існавала. У тыя часы прамысловай вытворчасцю мелі права займацца толькі мужчыны. Калі б якога майстра злавілі на тым, што яму дапамагаюць жонка ці дачка, то яго б, кажучы сучаснай мовай, імгненна б пазбавілі ліцэнзіі – выключылі з прафесійнага цэха. Але ў паэзіі працуе магія мастацтва. Вобраз, створаны геніяльным Багдановічам, аказаўся мацнейшым за рэчаіснасць.

Афиша города