Слова не верабей

Памятаю, у юнацтве мы з сябрамі любілі перарабляць, злучаць разам вядомыя прымаўкі. Скажам, замест “Гусь свінні не таварыш” і “На вкус и цвет товарищей нет”, стваралі сваю ўласную: “На вкус и цвет гусь свинье не товарищ”. Так у нас з’явілася і прымаўка “Чым глыбей у лес, тым таўсцейшыя партызаны”. Яшчэ адзін гібрыд, як памятую, мы з сябрамі стварылі з двух рускіх прымавак, якім нас вучылі ў школе: “Слово не воробей – вылетит, не поймаешь» і «Что написано пером, не вырубишь топором». Яны нашымі юнацкімі намаганнямі ператварыліся ў “Слова не верабей, сякерай не вырубіш”. Вось яе я ўсё сваё жыццё спрэс і згадваю.

Здавалася б, сказанае слова вылецела і распусцілася ў паветры. Аднак, менавіта, прамоўленае і застаецца самым матэрыяльным, што нас атачае. Асабліва для беларусаў. У нас прынята азірацца на рэакцыю іншых людзей, што адносна нашых учынкаў. “А што пра нас людзі падумаюць?” – не раз я чуў ад сваёй бабулі. Нават “не скажуць”, а “падумаюць”! Вось такая нацыянальная ментальнасць.

Кожнаму не раз даводзілася сустракаць у жыцці тых, хто любіць казаць: “А я не такі чалавек, я маўчаць не буду. Заўсёды скажу праўду”. Праўда – гэта, нібыта, добра. Гэта, нібыта, ісціна. Але людзі забываюцца, што праўда ў кожнага свая. Ці варта заўсёды казаць яе? Ці патрэбная яна тым, хто нас атачае? І таго, каб псаваць ім настрой, ці з імі адносіны?

Калі мяне пытаюцца: “Як справы?” – я заўсёды адказваю: “Цудоўна”. Спрацоўвае правіла маёй першай выкладчыцы замежнай мовы. Яна тлумачыла, што пераклад англійскага прывітання не варта ўспрымаць літаральна. Англічане пытаюцца пра хаду справаў не для таго, каб атрымаць дэталёвую справаздачу з усімі нягодамі і праблемамі. А толькі, каб засведчыць сваю прыязнасць да чалавека. І ён не мусіць грузіць суразмоўцу дакладным пералікам сваіх праблем. Нам таксама прыемна чуць ад іншых гэтае кароткае “цудоўна” у адказ.

А бывае, сустракаеш знаёмага, і ён адразу кажа ў вочы, што выглядаю пагана, ссівеў, стаптаўся па жыцці. Я і сам ведаю, што палову ночы не спаў, пісаў артыкул, а з раніцы бег браць інтэрв’ю і, што мне неўзабаве шэсцьдзесят гадоў. Пачую такое, і потым дзень сапсаваны. Сам я стараюся сказаць знаёмым пры сустрэчы, што выглядаюць яны цудоўна, перапытаю, колькі ім гадоў, і фальшыва здзіўлюся, нібыта думаў, быццам яны крыху старэйшыя. І я бачу, як яны ідуць далей крыху памаладзелыя.

Мана? Вядома, мана! Але не шкодная, яна, наадварот, дапамагае людзям пачувацца лепш, адчуць упэўненасць у жыцці і ўласную моц у ім. Існуюць проста майстры псаваць настрой. Асабліва гэта выяўляецца ў такой размытай сферы, як густ. Выйдзеш у людзі ў новым адзенні, а табе нехта скажа, што такія колеры спалучаць нельга. Выкажаш захапленне кнігай, фільмам, а ў адказ пачуеш, маўляў, гэта поўная безгустоўшчына і не мае да мастацтва ніякага дачынення. Потым хто-небудзь абавязкова пастараецца дабіць цябе ў кавярні, куды зойдзеш па-хуткаму падсілкавацца. Акажацца, што ты заказаў сабе канцэрагены, халестырын і іншую атруту. Вось і ўсё, пад вечар настрой сапсаваны канчаткова, а самаацэнка блізкая да нуля.

Сапраўды, слова не верабей, а нейкая іншая птушка, якая можа балюча дзеўбануць. Калі перад вамі лысы чалавек, ды яшчэ не вельмі разумны, то не варта казаць яму ў вочы, што ён лысы дурань. Лепш прамаўчаць.

Усе мы розныя, у кожнага ёсць свае заганы, ва ўсіх розняцца погляды на падзеі ў свеце, мастацкія і кулінарныя ўпадабанні. Таму шчырую праўду варта казаць адно тады, калі пра гэта просіць суразмоўца.