Шляхта і самураі

Лета – ідэальны час для правядзення розных фэстаў на адкрытым паветры. Яны і адбываюцца цяпер адзін за адным. Нярэдка іх героямі становяцца так званыя гістарычныя рэканструктары. Існуюць цэлыя клубы, удзельнікі якіх аднаўляюць сярэднявечную зброю, побыт далёкага мінулага. І вось на мясцінах былых бітваў зноў з’яўляюцца іх “удзельнікі” з шаблямі і мячамі, дзідамі. Вядома, у Беларусі больш рэканструктараў, якія аднаўляюць наш шляхецкі побыт. Аднак, ёсць і тыя, каго цікавіць экзотыка. Асабіста ведаю аматараў рэканструкцыі ўзбраенняў легіянераў часоў Рымскай імперыі, побыту індзейцаў. А нядаўна сутыкнуўся і з сучасным японскім “самураем”.

Вось і давялося мне пасядзець на адным з рыцарскіх фэстаў каля вячэрняга вогнішча адразу з беларускімі шляхціцамі і самураем. І, як высветлілася падчас размовы, паміж імі не так шмат адрозненняў.

Беларуская, польская і украінская шляхта была самым шматлікім еўрапейскім рыцарскім ордэнам. Калі ў Германіі, Англіі, Францыі да дваранства адносілася толькі 3-4% насельніцтва, то ў нас шляхціцам быў кожны дзясяты. У XVII стагоддзі насельніцтва Рэчы Паспалітай складала каля 15 мільёнаў чалавек, значыцца, на берагах Дняпра і Віслы пражывала 150 000 шляхціцаў. Гэта, калі лічыць і жанчын з дзецьмі. У тагачаснай Японіі з яе 20 мільёнамі насельніцтва было 200 000 самураяў. Такая рэкордная лічба тлумачыцца тым, што мы, палякі і ўкраінцы доўгі час мусілі адбівацца ад крыжакаў з татарамі. Таму і даводзілася нашым манархам раздаваць шматлікія прывілеі за вайсковую службу. У Японіі самураі з’явіліся падчас каланізацыі японскіх выспаў, калі продкі сучасных японцаў сутыкнуліся з адчайным супрацівам мясцовых жыхароў – айнаў.

І ў нашай шляхты, і ў самураеў не лічылася заганным самім працаваць на зямлі. Шляхецтва не з’яўлялася сінонімам багацця. Былі цэлыя шляхецкія вёскі. Сяляне нярэдка кпілі з шляхціца, які ішоў за плугам з шабляй. А збяднелыя японскія рыцары нярэдка працавалі лістаношамі, разводзілі на продаж цвыркуноў, або ўвогуле жабравалі. І таксама ніколі не расставаліся са сваімі мячамі – катанамі. Альбо з іх драўлянымі муляжамі, бо нярэдка сапраўдную зброю аддавалі ў заклад ці прадавалі. У мірны час, калі патрэба ў воінах зніжалася, некаторыя шляхціцы без маёмасці збіваліся ў банды ўзброеных рабаўнікоў. Так жа рабілі і іх японскія калегі самураі.

Цікава, што ўнікальныя для Еўропы нашы крылатыя гусары з’яўляюцца амаль дакладнай копіяй японскіх цяжкаўзброеных коннікаў. Тыя таксама мацавалі за плячыма адмысловыя драўляныя крылы з пёрамі, якія на вялікай хуткасці страшна гулі і свісталі, палохаючы коней праціўніка.

А вось у кодэксе гонару паміж шляхціцам і самураем мелася вялікая розніца. Самурай заўсёды служыў пэўнаму сюзэрну – гаспадару. Наш шляхціц служыў Богу, Айчыне і жанчыне. Нават кароль у гэтай трыядзе не згадваўся, бо шляхта і выбірала манарха.

Самым страшным для самурая было трапіць у палон. Кодэкс гонару прадпісваў яму ў выпадку пройгрышу скончыць жыццё самагубствам. Таму і стаўленне да палонных, параненых там было вельмі жорсткім і зняважлівым. А вось шляхціц  хутчэй гуляўся ў вайну, а не жыў ёю. Для яго не было вялікай праблемай праявіць літасць да пераможанага і ў выпадку чаго самому скласці зброю ў безвыходнай сітуацыі. Ён ведаў, што неўзабаве атрымае волю альбо ў выніку абмену палоннымі, альбо яго выкупяць сваякі, сябры. Так што палон часам ператвараўся ў гасцяванне. Вядома, такая шляхетнасць не тычылася войнаў на выжыванне, калі праціўнік ставіў мэтай увогуле знішчыць нашу дзяржаву, а з ёю і шляхецкія вольнасці.