Шлях да Скарыны

Постаць Францыска Скарыны без сумневу з’яўляецца адной з самых вядомых у беларускай культуры, гісторыі. Яго імем названыя некалькі дзясяткаў вуліц і завулкаў, бібліятэкі, універсітэт, яму стаяць помнікі ў розных гарадах краіны. Усталяваны памятныя дошкі за мяжой. Калі ж беларусы звярнулі ўвагу на тое, што маюць нацыянальнага героя такога маштабу?

Мы не знойдзем згадак пра яго ў нашых кнігах і творах XVII, XVIII стагоддзяў. Яно і зразумела. Папяровыя кніжкі, якімі пастаянна карыстаюцца, даволі скора выходзяць з ужытку. Увесь скарынаўскі тыраж Бібліі, што трапіў у храмы, знасіўся за якіх гадоў сто. Засталіся толькі асобныя кніжкі ў прыватных бібліятэках, дзе іх бралі ў рукі гады ў рады, яны і дайшлі да нашых часоў. На нашага Скарыну першымі звярнулі ўвагу чэшскія даследчыкі таму, што ён распачынаў друкаваць кнігі ў Празе, сербскія, бо ён адзін з першых друкароў кірылічным шрыфтам, расійскія, паколькі адзін час спрабавалі прадставіць яго, як рускага першадрукара. І толькі потым, калі навукоўцы іншых народаў давялі веліч Францыска Скарыны, на яго звярнулі ўвагу і беларускія даследчыкі. Здарылася гэта на пачатку ХХ стагоддзя. Прыклад Скарыны не выключэнне, а правіла. Шмат пра каго са сваіх знакамітых землякоў беларусы згадвалі са спазненнем, ужо пасля таго, як тых “раскруцілі” іншыя народы. Гэта і Адам Міцкевіч, і Тадэвуш Касцюшка, і Марк Шагал, і Ігнат Дамейка, і шмат іншых сусветна вядомых імёнаў.

Скарынаўскі юбілей, 400-годдзе выдання першай кніжкі, у Беларусі не адзначалі. Ішоў 1917 год, таму было проста не да таго. Першы раз юбілей адзначылі ў 1925 годзе, якраз спаўнялася 400 гадоў першага віленскага выдання Скарыны. Гэта было маштабнае мерапрыемства з вялікай навуковай канферэнцыяй, з тэатральнымі спектаклямі, з выданнем даследаванняў пра нашага першадрукара. Варта дадаць, што гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі адзначылі тады ў межах скарынаўскага свята, а не наадварот. Інстытут беларускай культуры, дзякуючы гэтаму святу, атрымаў міжнароднае прызнанне, і неўзабаве быў ператвораны ў Акадэмію навук БССР.

З сярэдзіны 1930-х гадоў імя Скарыны практычна падпадае пад забарону. Атэістычная ўлада абвяшчае яго “царкоўным цемрашалам” толькі на той падставе, што ён выдаў Біблію. Становішча пакрысе мяняецца пасля вайны, калі рэлігію ў СССР ужо перасталі лічыць абсалютным злом. А ў 1967-м 450-годдзе беларускага кнігадруку святкуюць з вялікім размахам. З таго часу Францыск Скарына і становіцца беларусам “нумар 1”.

Цікава адбылося з выданнем факсімільнай “Бібліі” першадрукара на пачатку 1980-х. На карэньчыку кніжкі было толькі адно слова “Біблія”. І савецкія вернікі кінуліся яе куляць. Тыраж у 10 000 тысяч разляцеўся менш, чым за месяц. Праўда, потым некаторыя пакупнікі схамянуліся. Чытаць тэкст на старабеларускай мове графікай пачатку XVI стагоддзя было практычна немагчыма.

За Францыскам Скарынам шмат заслуг. Аднак, чамусьці, згадваюць толькі яго асветніцкую дзейнасць. Разам з тым, ён паспяхова ажыццявіў бізнес-праект па выданні друкаванай Бібліі. Францыск, хоць і паходзіў з багатай купецкай сям’і – ягоны бацька меў уласны гандлёвы дом у Гданьску, але ўласных капіталаў у яго не было. Увесь бізнес пасля смерці бацькі адышоў старэйшаму брату. Францыску даводзілася жыць на грошы, якія ён зарабляў сам сваімі ведамі. Але сын полацкага купца напэўна меў камерцыйную жылку. Знайшоў інвестараў, пераканаў іх у рэальнасці праекта. Закупіў абсталяванне, паперу, наняў спецыялістаў і ў кароткі тэрмін выдаў першую друкаваную беларускую кніжку. 500-годдзе якой мы сёлета адзначаем.

Афиша города