Шклянка вады

Летні адпачынак на моры часам прыносіць не толькі прыемныя ўспаміны. Самому мне сёлета не давялося выбрацца на цёплае ўзбярэжжа, таму я ахвотна выслухоўваў сяброў, якім пашчасціла адпачыць. Такія ўспаміны, звычайна, выслухоўваеш, а назаўтра ўжо забываеш. Бо нічога звышардынарнага ў іх практычна не бывае. Пра іх забываеш, як пра выпітаю шклянку вады. Нашто трымаць у галаве непатрэбную інфармацыю пра тое, што іншы чалавек еў, піў, дзе і з кім гуляў? Але ж дзве гісторыі мне запомніліся, відаць таму, што падобнае магло б здарыцца і са мной.

Адна з іх адбылася ў Барселоне. Мой добры знаёмы паехаў адпачываць у Іспанію, а дакладней, у Каталонію, бо каталонцы крыўдуюць, калі іх называюць іспанцамі. Жыў ён у гатэлі ў невялікім гарадку на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Калі адпачынак у яго падыходзіў да завяршэння, у дзень, які папярэднічаў адлёту, ён нарэшце выбраўся ў саму Барселону, каб што-небудзь купіць. У Іспаніі выпускаюць вельмі добры абутак, шыюць яго звычайна з бычынай скуры – тоўстай. Чаравікі трывалыя, зносу ім няма. Як заўсёды, пад канец адпачынку грошай на кішэні застаецца мала. Вось і прыгледзеў мой знаёмы сабе танную пару абутку. Прыйшоў на касу. Касір шырока пасміхнуўся, стаў ціснуць руку турысту, нешта па-іспанску ўсхвалявана гаварыць. А мой знаёмы па-іспанску не разумее. Да яго збегліся менеджары абутковай крамы, нарэшце растлумачылі, што яму моцна пашанцавала. Ён стаў 20 000-ым пакупніком іх крамы, і таму яму належыць бонус. Ён можа выбраць сабе любую пару абутку і забраць яе з сабой без аніякіх грошай.

Людзі падкія да “халявы”. Знаёмы, канечне ж, выбраў самую дарагую пару абутку – чырвоныя, як пажарная машына, восеньскія чаравікі са знакамітай іспанскай скуры. Яму іх урачыста запакавалі ў кардонку, якую перавязалі прыгожай стужкай з неверагодным бантам, нібыта вясельны падарунак. Сфатаграфавалі для вітрыны. Так і прывёз ён гэтую кардонку ў Беларусь. Восені чакаць не стаў, распакаваў абутак назаўтра па прылёце. І тут высветлілася, што яму чамусьці паклалі два левыя чаравікі. Вось і хадзі ў іх, як хочаш. І выкінуць шкада, і карысці ад іх ніякай. Мне адразу згадаўся аднаногі сусед нябожчык. Хадзіў ён на мыліцах, а не на пратэзе. Пасля смерці ў ягонай шафе выявіўся цэлы склад правых чаравікаў. Шкадаваў выкінуць, хоць і разумеў, што правая нага напэўна не адрасце.

Другая гісторыя здарылася ў Адэсе. Мой іншы знаёмы, на шчасце, зрабіўся толькі яе сведкам, а не ўдзельнікам. Зайшоў ён на праменадзе ў вулічную кавярню. Сеў пад парасонам паабедаць. Як заўсёды, на курорце народу шмат. За суседні столік сеў немалады мужчына і замовіў афіцыянтцы шклянку вады – больш нічога. І тут з‘явілася пераборлівая маладая парачка. Сталі ўдакладняць, якая салата з чаго зроблена, на чым смажаць мяса. Пачалі ўносіць уласныя ўдакладненні ў рэцэптуру. Усё ім было не так. Немалады мужчына пару разоў нагадаў афіцыянтцы пра свой заказ – шклянку вады. Тая толькі адмахвалася, маўляў, пачакайце, прынясу. Маладая пара працягвала дурыць ёй галаву, давалі парады, як менавіта ім трэба падсмажыць біфштэкс, што класці, а што не класці ў салату, з якіх інгрэдыентаў змяшаць кактэйлі. Потым афіцыянтка заспяшалася на кухню, каб там пераказаць кухарам усе жаданні пераборлівых кліентаў. Мой знаёмы сядзеў, глядзеў на мора, на рознакаляровыя ветразі яхтаў і пачуваўся шчаслівым.

Калі афіцыянтка нарэшце згадала пра шклянку вады і прынесла яе, то немалады мужчына нерухома ляжаў галавой на стале, а перад ім былі рассыпаныя таблеткі.