Сэрца Палесся

Пінск часам называюць сталіцай Палесся, хаця такога статусу яму афіцыйна ніхто не надаваў. Нават адміністрацыйнай адзінкі – Палессе на карце краіны не знойдзеш. Але ж пры гэтым у горадзе есць Музей Палесся, працуе Палескі драматычны тэатр.

Быў час, калі Пінск насамрэч з’яўляўся рэгіянальнай сталіцай – цэнтрам Палескага ваяводства ў міжваеннай Польшчы. Адтуль і засталося адчуванне сталічнасці. Што ж, не станем аспрэчваць сённяшні адміністрацыйны падзел, які вызначае Пінск раённым цэнтрам. Назавем яго карэктна Сэрцам Палесся.

Наш горад заўжды з’яўляўся культурным і эканамічным цэнтрам рэгіёна. І цудоўным доказам таму можа быць гісторыя Палескіх кірмашоў, якія тройчы прайшлі ў 1936-1938 гадах. Кірмашы і дагэтуль ладзіліся ў шматлікіх населеных пунктах Палесся. І толькі першы Палескі кірмаш 1936 года ў Пінску першапачаткова задумваўся арганізатарамі, як агульна-ваяводскі і праводзіўся ён паводле дасканала распрацаванага плану. У дакументах, якія захаваліся, ёсць: статут кірмашу, дзе дэкларуюцца яго мэты, структура, фінансаванне, абавязкі арганізатараў, узнагароды і крытэрыі, па якіх вызначаюцца пераможцы, каштарысы прыбыткаў і выдаткаў… І шмат чаго іншага, без чаго не абыходзіцца кожная сур’ёзная гандлёвая выстава і ў нашыя дні.

Палескае ваяводства з’яўлялася самым вялікім па тэрыторыі ва ўсёй міжваеннай Польшчы – 36 тысяч квадратных кіламетраў. Аднак, была мала разгалінаванай сетка дарог. Царская Расія наўмысна стрымлівала перад Першай сусветнай вайной будаўніцтва сеткі камунікацый. Шмат земляў вымагалі меліярацыі, на вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя гаспадаркі з прымітыўнымі тэхналогіямі. Беспрацоўе трымалася на высокім узроўні, а заробкі палешукоў былі значна ніжэйшымі, чым у іншых ваяводствах.

Прамысловасць на Палессі існавала. У асноўным, звязаная з нарыхтоўкай, апрацоўкай драўніны, перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, часткова з турызмам. Яна вымагала інвестыцый. Іх і разлічвалі прыцягнуць арганізатары праз розгалас пра маштабны кірмаш у прэсе.

Заявак на ўдзел у першым кірмашы паступіла шмат. Уласнікі імкнуліся прэзентаваць сябе ў выгодным плане. Вельмі добрую якасць прадукцыі прадэманстравалі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Фабрыкі фанеры, запалак, мэблі, тартакі, ці, як сёння іх называюць, піларамы. Яны на той час шмат сваёй прадукцыі выпраўлялі на экспарт у Заходнюю Еўропу.

Пінск быў у Палессі другім па колькасці насельніцтва горадам пасля Брэста, у ім працавалі дзве фанерныя фабрыкі, буйная фабрыка запалак, некалькі тартакоў, мэблевая вытворчасць. Да таго ж, горад быў буйным рачным портам, праз яго праходзіла чыгунка. Дзякуючы чаму, прадукцыя даволі танным шляхам выпраўлялася да спажыўцоў.

Усяго на арганізацыю першага Палескага кірмашу ў 1936 годзе было выдаткавана 66 тысяч злотых з розных крыніц. За гэтыя грошы былі пабудаваныя выставачныя павільёны, будынак для адміністрацыі, асобнае ад гарадскіх аддзяленне пошты, тэлефона і тэлеграфа. Былі прыведзеныя да ладу гарадскія вуліцы, газоны, уладкаваныя кветнікі, упарадкаваны гарадскі парк. Нечым тыя мерапрыемствы нагадваюць тое, што робіцца ў сучаснай Беларусі перад Дажынкамі. Тэрыторыя для штогадовага кірмашу знаходзілася ў месцы, дзе Піна злучаецца са Струменем, і займала плошчу ў 30 тысяч квадратных метраў. На ёй узвялі і сцэну для духавога аркестра.

Нажаль, маштабны Палескі кірмаш у Пінску прайшоў усяго тройчы. Чацвёрты, добра падрыхтаваны арганізатарамі, так і не адбыўся, бо 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна.