Савецкія лайфхакі

У часы СССР далёка не ўсё можна было купіць. Таму людзі, як той казаў, “выкручваліся”, прыдумлялі нестандартныя захады, рашэнні. Нешта з тагачаснага досведу здаецца нам сёння даволі дзікім, нешта даволі мілым, а нешта прыдаецца і ў сучасным жыцці.    

Памятаю, як у першым-другім класе, а гэта сярэдзіна 1960-х гадоў, на ўроках працы настаўніца вучыла нас даволі дзіўнаму, як на сённяшні дзень, умельству – цыраваць дзіравыя шкарпэткі. Не зашываць дзірачку, а менавіта цыраваць вялікія дзіркі. Дзеці прыносілі ў школу старыя шкарпэткі і цягам уроку цыравалі іх, нацягнуўшы на электрычныя лямпачкі. У мяне, праўда, быў для гэтых мэтаў адмысловы драўляны грыб-баравік, у высвідраванай ножцы якога месціліся голкі і ніткі. Дзіравай шкарпэткі ў мяне дома не знайшлося, пра што я і сказаў настаўніцы па пачатку ўрока. Тая прымусіла мяне зняць шкарпэтку з нагі і ўласнаручна прарэзала ў ёй нажніцамі дзірку. Вось так ці не першы раз у жыцці я зразумеў, што дарослыя і нават настаўнікі далёка не заўсёды маюць рацыю.

Увогуле, за часамі Савецкага Саюза было вельмі запатрабаванае ўменне нешта рабіць уласнаруч. Памятаю, што маянэз, які прадавалі ў шкляных слоіках, час ад часу знікаў з продажу, асабліва напярэдадні святаў. А як ты зробіш селядца пад футрам без маянэзу?! Вось і даводзілася нам з бацькам самім рабіць той маянэз. Міксера дома не было, затое мелася ручная дрыль. Бацька змайстраваў з дроту адмысловы венчык, я круціў ручку, а ён дадаваў у сырыя яйкі алей па кроплях. Калі ўліць адразу шмат, то нічога не атрымаецца.

Таксама татальны дэфіцыт даў мне магчымасць засвоіць выраб масла. Хоць сёння магу паўтарыць. Неяк было так, што масла цалкам знікла з продажу. І тады мая бабуля згадала сваё вясковае дзяцінства. Мы купілі смятану, залілі яе ў вялікую шкляную бутлю, заткнулі коркам. Я калаціў. Бабуля сачыла за працэсам. Галоўнае было не прапусціць той момант, калі пачнуць з’яўляцца дробныя кавалачкі масла. Іначай яны зліпнуцца ў вялікі камяк, які з бутлі ўжо не выкалупаеш. Трэба выліць паўфабрыкат у місу і круціць у вадкасці шырокім нажом, які неўзабаве збярэ на сябе ўсё масла.

Заняткі безумоўна цікавыя і павучальныя, кшталту школьных хімічных доследаў, але ж лепш, каб маянэз і масла заўсёды былі ў продажы, як цяпер. Савецкіх лайфхакаў, як сказалі б цяпер, было безліч. Іх нават друкавалі ў салідным усесаюзным часопісе “Наука и жизнь” у раздзеле “Маленькие хитрости”.  Сам любіў чытаць іх у дзяцінстве і маладосці. Чамусьці асабліва папулярным было разнастайнае выкарыстанне старых капронавых панчох. Аўтары вынаходніцтваў раілі ўжываць іх для захоўвання цыбулі – засыпаеш і вешаеш на сцяну. Вучылі, як з дапамогай старой панчохі адрамантаваць ракетку для бадмінтона з падранай струной – варта нацягнуць яе на ракетку і замацаваць ізаляцыйнай стужкай. Капронам раілі падшываць ваўняныя шкарпэткі, каб не так хутка пратоптваліся…

Адным з такіх лайфхакаў мне давялося паспяхова скарыстацца не так даўно. Маладая суседка па дачы папрасіла адвезці яе ў краму. Праблема палягала ў тым, што сама яна машыну не водзіць. Але ў гаражы стаяў старэнькі “Масквіч”, што застаўся пасля яе дзеда. Ехалі палявымі дарогамі, бо тэхагляд пратэрмінаваны. У дарозе парваўся рэмень прывада вентылятара. Далей не пасунешся – закіпіць радыятар. На дарозе нікога, цямнее. Тут я згадаў падказку з рубрыкі “Маленькие хитрости” і пытаюся ў маладой жанчыны: “Ты ў калготках зараз ці не?..” Дзякуй лёсу, надзела-такі ў дарогу. Зацягнуў я замест парванага рэмня дзве жаночыя панчохі. Дагэтуль машына ездзіць.