Саламея

Цяпер жанчына ў белым халаце не выклікае ні ў кога здзіўлення. Але ж так было не заўсёды. Раней прафесійнымі медыкамі, лекарамі былі толькі мужчыны.

Сёлета спаўняецца трыста гадоў з дня нараджэння першай у айчыннай гісторыі жанчыны-лекаркі Саламеі Пільштыновай – у дзявоцтве Русецкай. Нарадзілася яна ў Навагрудку. У чатырнаццацігадовым узросце бацька выдаў яе замуж за немца-лекара Якуба Хальпіру. Маладых жанчын нашыя продкі звычайна называлі “белагаловымі”, гэткі аналаг сённяшняга выразу “бландзінка”. Сказаць так пра Саламею ні ў кога не павярнуўся б язык. Калі яна падарожнічала, то ў брычцы пры ёй заўсёды ляжалі стрэльба і пара зараджаных пісталетаў, якімі яна ўмела карысталася.

Неўзабаве пасля вяселля Саламея паехала ў Стамбул  разам з мужам. Разумная назіральная жанчына дапамагала Якубу, даволі хутка засвойвала веды і праз пэўны час ужо сама магла лекаваць. Папулярнасць жанчыны-лекаркі стала такой вялікай, што турэцкія ўлады далі ёй афіцыйны дазвол на медыцынскую практыку. Перавага Саламеі перад мужчынамі-лекарамі заключалася ў тым, што апошнім было забаронена ўваходзіць у султанскі гарэм. А вось яна, як жанчына, мела туды вольны доступ і лячыла жонак султана.

Былі ў яе слава, былі грошы, аднак не заладзілася сямейнае жыццё. Муж уцёк у Боснію, пакінуўшы жонку з маленькай дачкой. Саламея марыла памірыцца з ім і выправілася на пошукі ўцекача. Пра тое, што ў гандлёвым караване, пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, едзе славутая лекарка са Стамбула, даведаўся знакаміты на Балканах разбойнік Руды Хусэйн. Ён са сваёй шайкай напаў на караван. Забіў усіх мужчын і захапіў Саламею. Хусэйн з павагай паставіўся да лекаркі, пасяліў яе ў асобным доме. Жанчыну ўратавала тое, што адзін з блізкіх сваякоў Хусэйна цяжка хварэў, яна здолела вылекаваць яго, і пацыент зноў здолеў хадзіць, хоць, і на мыліцах. У дадатак яна вылекавала застарэлую хваробу вачэй у самога Хусэйна. Правадыр балканскіх рабаўнікоў шчодра аддзячыў Саламею грашыма і адпусціў, даў ёй для аховы ганаровы канвой са сваіх галаварэзаў.

У Сафіі Саламея адшукала мужа, яны зноў сышліся, праўда, ненадоўга. Неўзабаве Якуб памёр. Саламея стала ўдавой у дзевятнаццаць гадоў. Пасля мужа ёй засталіся немалыя грошы, ды і сама яна някепска зарабляла пры двары сафійскага пашы – лячыла яго шматлікіх жонак. Аднак, спакойнае жыццё было не для Саламеі. Яна з жахам убачыла, як пасля паўстання туркі забівлі ўсіх балгарскіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Саламея пераапранулася ў мужчынскае адзенне і разам з дачкой уцякла з Сафіі. Па дарозе яна выкупіла з палону некалькіх аўстрыйскіх афіцэраў. Адзін з іх – паляк Фартунат-Ёзаф Пільштын праз нейкі час стаў яе мужам. Потым былі служба лекаркай пры двары князя Радзівіла-Рыбанькі ў Нясвіжы. Затым Саламея перабралася ў Пецярбург да двара расійскай Імператрыцы Ганны Іванаўны, дзе заслужыла ў яе любоў і пашану… Але паўсюль таленавітую неспакойную жанчыну пераследвалі інтрыгі, падкопы зайздросных медыкаў-канкурэнтаў. А тут яшчэ і з новым мужам сям’я не склалася. Зноў падарожжы, пераезды, падчас каторых не раз прыдалося ўменне абыходзіцца са зброяй. Саламея то зноў у Стамбуле, то перабіраецца ў Польшчу, то вяртаецца на радзіму ў Беларусь. Пра свае прыгоды Саламея пісала ў дзённіку, дзякуючы якому мы цяпер і ведаем пра яе бурлівае жыццё.

Калі мне даводзіцца трапіць у паліклініцы на прыём да жанчын-доктарак, я заўсёды прыгадваю іх знакамітую папярэдніцу ў прафесіі Саламею Пільштынову.