Сакрэтны план

Перадапошні раз я шукаў скарбы па сакрэтным плане намаляваным ад рукі яшчэ ў дзяцінстве – у канцы 1960-х гадоў, калі бацькі здалі мяне на месяц у дзіцячы летнік. Тады ён яшчэ называўся піянерскім лагерам. Гульню прапанавалі важатыя. Суседні атрад мусіў схаваць на тэрыторыі летніка піянерскі гальштук, а наш атрад – знайсці яго цягам двух гадзін. Для гэтага канкурэнты намалявалі і аддалі нам план, які павінен быў прывесці да першай падказкі, што мусіла нас вывесці на наступную, тая яшчэ на адну… урэшце мы ў ідэале знайшлі б схаваны піянерскі гальштук.

Паўтары гадзіны у нашага атраду сышло на тое, каб адшукаць у дупле дрэва другі план, потым мы знайшлі пад матрацам у дзявочай палаце трэці план… апошняя па ліку падказка вывела нас да скульптуры на невысокім пастаменце – пабелены вапнай жалезабетонны маленькі Ільіч Ульянаў-Ленін з кніжкай у руках.

Паўгадзіны мы калупалі каля яго дзёран, зазіралі пад кусты — безвынікова. Нарэшце, час, адведзены на пошукі, сышоў, мы прайгралі. Тады важатая суседняга атрада ўскараскалася на пастамент і зняла з помніка галаву. У бетонным чэрапе Валодзі Леніна была пустка, адтуль яна ўрачыста і дастала схаваны піянерскі гальштук. Пасля чаго патлумачыла, што галаву помніку нядобрыя дзеці адбілі колькі гадоў таму, а сёння, схаваўшы гальштук, яна ўласнаручна замаскавала расколіну зубной пастай. Культур-шок у мяне ад відовішча быў такі, што я запомніў тую сцэну на ўсё жыццё.

І вось днямі, відаць, сам чорт падбіў мяне ўвязацца ў падобную авантуру. Суседка па дачы запрасіла мяне і аднаго нашага агульнага сябра на ранішнюю каву. Нашыя дзеці-унукі таксама сябруюць. Вось і сабраліся ўсе за адным сталом. Запрошаны сусед знакаміты тым, што фенаменальна паспяхова ходзіць у грыбы. Нават у самы сухмень вяртаецца са здабычай. Калі бярэ з сабой два кошыкі, то прыносіць абодва поўныя. Да таго ж бярэ не абы што. Нават старымі баравікамі грэбуе, а, каб паверылі, што ён іх пакінуў у лесе, фатаграфуе і выкладае ў сацыяльных сетках. Сам ён кажа, што не збірае грыбы, а проста прыходзіць у лес і “бярэ сваё”, бо ведае, дзе растуць. Колькі не спрабавалі людзі сачыць за ім, распытваць, ён нікому не здаў вядомыя яму грыбныя мясціны.

Але ў гэты дзень здарыўся цуд. Ці тое дзеці вельмі ўпарта прасілі. Ці тое падзейнічаў наш з суседкай аргумент, што ён усё адно на тыдзень з дачкой едзе ў горад, і ягоныя маладыя баравікі за гэты час ператворацца ў чарвівых гігантаў. Так ці інакш, знакаміты грыбнік, які нікому не выдаваў сваю таямніцу, выдраў ліст з альбома для малявання і накрэсліў падрабязны план, як дабрацца да запаветнага месца. Ён з дачкой падаўся на маршрутку, а я з унукам і суседка з дачкой выправіліся ў лес, прыхапіўшы вялікія кошыкі.

Спачатку ўсё ішло добра. Рухаліся па намаляванае карце. Пазначаны на ёй дуб знаходзіўся на сваім месцы, як і звівы прылеску. А потым пайшло няўцямнае. Сусед-грыбнік намаляваў паварот на лясную дарогу, але адрозніць дарогу ад сцежкі мы не здолелі. Збочылі ў лес. Колькі крокаў, і на нас накінуліся восы. Яны джалілі бязлітасна. Мы беглі, скакалі праз паваленыя дрэвы. Віскат дзяцей скаланаў лясную цішу. Я і суседка беглі апошнімі, таму і большасць джалаў прыпала на нас. Кінутыя дзецьмі кошыкі я паспеў падхапіць. Але сабраныя грыбы і сакрэтная карта так і засталіся ў лесе.

Магчыма, наш сусед-грыбнік, седзячы ў маршрутцы, на імгненне пашкадаваў, што накрэсліў нам сакрэтны план, а лес пачуў ягоныя думкі і перакрыў нам шлях. Бо плённа збіраць грыбы — гэта чараўніцтва, а яно даецца не кожнаму.