Сакрэтны настаўнік

На мінулых выходных у Беларусі адсвяткавалі Дзень настаўніка. Асабіста віншаваў тых, хто некалі вучыў мяне, сяброў-сябровак, якія працуюць у школах ды ўніверсітэтах. І тут мне згадалася фальклорная гісторыя, якую мы па-сакрэце пераказвалі ў дзяцінстве адзін аднаму школьнікамі. І, зразумела, казалі, што яе героя – хлопчыка, ведалі асабіста. Вось яна… 

“Аднаго хлопчыка выпадкова зачынілі ў настаўніцкім пакоі.

Пачаў ён корпацца ў настаўніцкіх паперах і знайшоў дакумент, які называўся “Самы поўны спіс сўпрацоўнікаў школы”. У ім былі прозвішчы і пасады. І там у апошнім радку было напісана: “X. Y. Z — сакрэтны настаўнік”. Хлопчык адразу ўзрадаваўся, гэта ж трэба такое! Ён даведаўся, што ў школе працуе сакрэтны настаўнік!

Пасля перапынку яго выпусцілі. Хлопчык адразу ўзяўся ўсім распавядаць, што ў школе працуе сакрэтны настаўнік. Ніхто не верыў, усе вырашылі, што ён выдумляе.

Ад таго часу хлопчык стаў уважліва сачыць за настаўнікамі. У нататнік запісваў усіх педагогаў і тое, чаму яны вучаць дзяцей. Так ён вылічыў маладую жанчыну. Яна штодня прыходзіла ў школу, размаўляла з іншымі настаўнікамі, але ніколі не вяла ўрокаў. Ніхто не ведаў, што і каму яна выкладае, не ведаў як яе завуць. Гэтая настаўніца ніколі не заходзіла да дзяцей у класы. Так хлопчык і зразумеў, што яна і ёсць сакрэтная настаўніца.

Як не імкнуўся хлопчык, ён ніяк не мог высветліць, чаму вучыць гэтая сакрэтная настаўніца. Тады ён падумаў пра тое, а што ж ведаюць такога дзеці, чаму іх не вучаць ў школе? Аказалася, шмат чаго: ну, напрыклад, як ездзіць на ровары, страляць з рагаткі, гуляць у карты, ну… і кепска лаяцца ў школе таксама нікога не вучаць.

Хлопчык добра запомніў твар сакрэтнай настаўніцы. Аднойчы ён праходзіў паўз суседні пад’езд і заўважыў хлопцаў-падлеткаў – двоечнікаў са старэйшых класаў, якія сядзелі на лаўцы, гралі ў карты і лаяліся. Хлопчык заўважыў, што ў аднаго хлопца твар нейкі вельмі знаёмы. Тут ён зразумеў, што гэта і ёсць сакрэтная настаўніца! Яна пераапранаецца ў хлопца-падлетка і нечаму вучыць. Толькі вось чаму? Хлопчык прыслухаўся, прыгледзеўся і заўважыў, што сакрэтная настаўніца лаецца больш за іншых, і так па-майстэрску, пакручаста, што хлопцы рагочуць і зайздросцяць, таму што самі так не ўмеюць.

Хлопчык прасачыў за сакрэтнай настаўніцай, высветліў дзе яна жыве.

Наступным вечарам ён прыйшоў у гэтую кватэру. Дзверы адчыніла сакрэтная настаўніца. Хлопчык не павітаўся і адразу з парога спытаў:

— Навошта вы гэта робіце? Навошта вучыце дзяцей кепскім словам?!

Сакрэтная настаўніца адразу спахмурнела, запрасіла хлопца ў кватэру, згатавала гарбату і расказала яму пра тое, што дзецям, пачынаючы з дзесяці гадоў, абавязкова трэба вывучыць кепскія словы. Калі яны не разумець іх сэнс, то могуць загінуць у гэтым свеце, бо ёсць рэчы, якія іначай і назваць нельга. Можна і не лаяцца голасна, але вывучыць гэтыя словы неабходна. Хлопчык спытаў, ці нельга вучыць кепскія словы адкрыта на уроках, навошта сакрэтнічаць? Сакрэтная настаўніца пасмяялася і сказала, што тады б двоечнікі не навучыліся гэтым словам. А двоечнікі таксама людзі, іх шкада, даводзіцца іх вось так – таемна вучыць, каб яны не здагадаліся, што гэта ўрок. І самае дзіўнае, што двоечнікі па іншых прадметах — самыя паспяховыя яе вучні”.

Вось такая дзіўнаватая гісторыя з дзяцінства згадалася мне на педагагічнае свята. Не я прыдумаў яе, а самі школьнікі, гэта дзіцячы гарадскі фальклор сярэдзіны 1970-х гадоў. Усяму, што мы ўмеем, нехта нас некалі навучыў. І добраму, і кепскаму.

Максім КЛІМКОВІЧ