Рут Уолер

У кожнай нацыі ёсць свае героі. Імі звычайна становяцца ваяры, палітыкі, дзеячы мастацтва, навукоўцы. Таму сярод нашых нацыянальных герояў мужчын болей, чым жанчын. Беларусаў больш, чым замежнікаў. Унікальнай гераіняй для Беларусі стала амерыканка Рут Уолер, чыю памяць ушаноўваюць 4 жніўня ў дзень яе смерці. Што ж яна паспела зрабіць за свае няпоўныя дваццаць пяць гадоў жыцця, з якіх менш за год правяла з мужам у Беларусі? Што ўвогуле прывяло яе ў нашу краіну?

2 чэрвеня 1945 года, як адна з краін-пераможцаў у Другой сусветнай вайне, Беларусь стала дзяржавай сузаснавальніцай ААН. А 13 жніўня БССР прынялі ў ЮНРРА – Адміністрацыю дапамогі і аднаўлення аб’яднаных нацый, што давала Беларусі права на атрыманне міжнароднай дапамогі ў пасляваенным аднаўленні. У рэспубліцы не ставала практычна ўсяго, ад будаўнічай, сельскагаспадарчай тэхнікі да медыкаментаў і ежы. Савецкія кіраўнікі падалі заяўку на атрыманне дапамогі для Беларусі і Украіны ў памеры 700 мільёнаў даляраў. Пасля перамоваў была дасягнута дамоўленасць, што агульная сума складзе 250 мільёнаў даляраў. У рэальнасці БССР атрымала дапамогу таварамі на суму 63 мільёны. Але і гэта шалёныя нават на наш час грошы. Даляр узору 1945 году каштаваў крыху менш за грам золата. То бок, дапамога ў залатым вымярэнні была роўная 60 тонам золата. Каб параўнаць з сучаснасцю, згадаем, што залаты запас Рэспублікі Беларусь на 2013 год крыху не дасягаў 50 тонаў. Як казаў семдзесят гадоў таму ў сваім дакладзе камуністычны лідар БССР – Кандрат Панамарэнка, за тыя грошы можна было купіць 75 000 трактароў.

У Беларусь прысылалі і будаўнічую тэхніку, і вопратку, і харчы. Дагэтуль у нас згадваюць амерыканскую тушонку. Бывала класічная, але здаралася і такое. Вялікая літровая бляшаная кансароўка, амаль бязважкая – адчыняеш, на дне маленькі жматок сушанага мяса. Заліваеш кіпнем, і праз пару хвілін тушаніна ўжо прэ праз берагі. Вядома, амерыканцы не маглі проста прысылаць дапамогу і спадзявацца на тое, што ўсё будзе размеркавана справядліва. Асабліва, што тычылася пасылак ад простых амерыканцаў, якія збіралі харчы, вопратку, медыкаменты ў цэрквах, грамадах і дасылалі ў нашу рэспубліку. Амерыканцы прыслалі ў Беларусь сваю місію па размеркаванні дапамогі, прысутнасці якой працівіліся савецкія функцыянеры.

Дваццаці чатырох гадовая Рут Уолер была сакратаром той місіі ЮНРРА ў Беларусі, жонкай яе старшыні. Яна з’яўлялася вядомай спартоўкай у ЗША – чэмпіёнкай па тэнісе штата Каліфорнія. Выдатна ўмела плаваць, бо жыла каля акіяну. Разам з мужам яна аб’ездзіла ўсю Беларусь, каб пракантраляваць, каму даходзіць амерыканская дапамога – шараговым людзям, ці савецкай наменклатуры.

Аднойчы, калі яна пабачыла, як трое беларускіх хлопчыкаў, змайстраваўшы плыт, паплылі і перакуліліся пасярод сажалкі, яна кінулася ў ваду і ўратавала іх усіх. На наступны дзень у Рут паднялася тэмпература. Нашыя лекары спрабавалі ўратаваць жыццё амерыканкі. Але ж у іх не было пеніцыліну. Рут Уолер памерла ад хуткацечнага менінгіту і запалення лёгкіх 4 жніўня 1946 года. Самае крыўднае, што менавіта місія ЮНРРА дапамагла пабудове і адкрыццю ў Мінску ў 1947 годзе пеніцылінавага завода.

Не ведаю, што кіравала мужам Рут Уолер, калі ён вырашыў не везці цела жонкі на радзіму, а пахаваў у Мінску на вайсковых могілках. Магчыма, разумеў, што ў Штатах толькі ён сам і блізкія сваякі будуць памятаць пра яе. А ў Беларусі ягоная жонка застанецца вечнай гераіняй. Абавязкова будуць шанаваць яе імя. На сёння адна са сталічных школ названая імем Рут Уолер.