Ровар цi веласiпед?

Сярод беларускіх пісьменнікаў, мовазнаўцаў дагэтуль вядуцца спрэчкі, як правільна і найбольш па-беларуску будзе называць знаёмы кожнаму немудрагелісты транспартны сродак: “ровар” ці “веласіпед”. Нават жарт ёсць сярод філолагаў. Маўляў, як правільна пісаць: веласіпедыст ехаў на ровары, ці раварысты ехаў на веласіпедзе?” На мой погляд, трэба пакінуць у слоўніках абодва гэтыя словы, бо так склалася гістарычна. Няхай, хто як хоча, так і называе. Да таго ж абодва яны замежнага паходжання. То бок, абодва проста асіміляваныя нашай мовай.

Гэта цяпер ва ўсёй Беларусі веласіпедыст або раварысты звыклая дэталь краявіду. Нават ёсць аматары, хто і цяпер па гарадскім лёдзе ды снезе рассякае на двух колах. А яшчэ гадоў трыццаць-сорак таму Заходняя Беларусь моцна адрознівалася ў гэтым сэнсе ад Усходняй. У заходніх вёсках нават старыя бабулі масава ездзілі на роварах: і да крамы, і да царквы-касцёла. А вось ва ўсходніх вёсках веласіпедаў былі адзінкі.

Увогуле, ровар не такое і даўняе вынаходніцтва. Першая ў свеце фабрыка па іх вытворчасці была пабудаваная ў Францыі ў 1860 годзе. Ровары на дарогах Беларусі з’явіліся ўжо праз дзесяць гадоў. Праўда, каштавалі яны шалёныя грошы, пад 400 рублёў. Столькі зарабляў правінцыйны чыноўнік за некалькі гадоў. Пасля падзелу Беларусі на Усходнюю і Заходнюю стаўленне беларусаў да ровара па розныя бакі мяжы зрабілася дыяметральна супрацьлеглым. На Усходзе яго па-ранейшаму лічылі прадметам раскошы, буржуазным перажыткам. Калі і ездзілі на іх, то толькі спартсмены. А вось беларусы-заходнікі ў складзе міжваеннай Рэчы Паспалітай падпалі пад сапраўдны роварны бум. Колькасць ровараў імкліва расла. І дзяржава ставілася да іх уладальнікаў вельмі сур’ёзна. Усе ровары праходзілі рэгістрацыю, іх ставілі на ўлік. Нажаль, па Пінску даваенныя дадзеныя я не знайшоў, але, да прыкладу, у Пружанах на 1927-ы год было зарэгістравана 99 ровараў 31 маркі. Пераважная большасць афіцыйных уладальнікаў – мужчыны, жанчын толькі чатыры. Сярод іх настаўніца, вучаніца, хатняя гаспадыня і гандлярка. Трэць ровараў знаходзілася ва ўласнасці габрэяў-камерсантаў, якія здавалі іх напракат. Усяго праз пяць гадоў парк ровараў у Пружанах вырас да 224 адзінак. Да іх дадаліся чатыры матацыклы, сем аўтамабіляў і аўтобус. Ровар усё яшчэ заставаўся прэстыжным. Так, скажам на ім на працу ездзіў сам бурмістр Пружанаў. І гэта быў яго афіцыйны службовы транспарт.

Проста так сесці на ровар і паехаць не дазвалялася. Для гэтага трэба было здаць іспыты на веданне правілаў дарожнага руху, знакаў, уменне кіраваць транспартным сродкам і толькі тады можна было атрымаць “карту ровэрову” — адпаведнік сённішніх “правоў на ваджэнне”. За язду без карты парушальніку пагражалі два месяцы арышту або астранамічны штраф у 500 злотых.

Спачатку ровары былі імпартныя і каштавалі дорага. Аднак ужо ў 30-я гады іх айчынны выраб наладзілі ў Гродне, там жа сталі выпускаць і матацыклы маркі “Нёман” – мадэлі для мужчын і дамскія. Усяго да 1939 года было выпушчана каля 10 000 адзінак ровараў, іх якасць была высокай, яны былі пазнавальнымі, дзякуючы арыгінальнаму дызайну і рознакаляровай афарбоўцы.

Паводле закону ў выпадку вайны ўсе ровары падлягалі канфіскацыі на карысць войска. З таго часу ў Беларусі і пайшла жартаўлівая крэсовая прымаўка “войска польске на равэрах”.

Нават пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР ва ўсходніх абласцях рэспублікі ровараў не пабольшала. Толькі пасля вайны там з’явілася значная колькасць трафейных – нямецкіх. Аднак сітуацыя ўраўнялася не так даўно – пад канец ХХ стагоддзя.