Рэканструктары

Слова даволі страшнае з гучання, кшталту “птэрадакцеля” або “мастадонта”. Аднак, у сённяшніх рэаліях яно часцей за ўсё азначае аматара аднаўлення гістарычных рэалій мінулага ў нашым часе. Сабраліся аматары сярэднявечнага побыту – ходзяць у адзежы тых часоў, паляць вогнішчы, гатуюць на іх ежу, жывуць у намётах. Ёсць аматары аднаўляць рэаліі часоў вайны з Напалеонам, Першай сусветнай вайны. З усімі гэтымі рэканструктарамі праблем выбару ніколі не ўзнікае. Хочаш, то будзеш французскім афіцэрам, ці беларусам у складзе напалеонаўскага войска, які ідзе вяртаць незалежнасць сваёй радзімы Вялікага Княства Літоўскага. А можаш быць ураджэнцам Беларусі ў складзе Расійскага імператарскага войска. Галоўнае – прытрымлівацца гістарычнай праўды, каб твае адзенне, мундзір, паводзіны адпавядалі часу, які ты ўзяўся прэзентаваць.

Гістарычная рэканструкцыя пэўнай рэальнай падзеі – гэта не проста шоў, “пастралялкі-пабягушкі”, як некаму здаецца. Паводле рэканструктараў, яна павінна адбывацца ў той самы час, на тым самым месцы, дзе здарылася ў рэальнасці. І не так важна, прысутнічаюць гледачы, ці не. Самі ўдзельнікі рэканструкцыі ператвараюцца на час у людзей з мінулага. З імі ў гэтыя моманты лепш не кантактаваць, бо яны ўвайшлі ў ролі, і нават пачынаюць мысліць, як іх прататыпы. Нешта накшталт рэлігійнага абраду. Бо існуе так званы сакральны час. У касцёле, царкве на Божае ўваскрашэнне мы, калі чуем голас святара “Хрыстос уваскрос!” – адказваем: “Сапраўды ўваскрос!” І разумеем, што Ён уваскрос не дзве тысячы гадоў таму, а менавіта зараз, той час вярнуўся. Сакральны час вяртае ўсіх удзельнікаў у мінулае, да рэальных персанажаў, яднае з падзеяй.

22 чэрвеня 1941 года не абы якая дата ў жыцці маёй сям’і. Мой бацька трапіў служыць у Брэсцкую крэпасць пасля вайсковай мотапехотнай вучэльні малодшым лейтэнантам за тры дні да пачатку вайны і бараніў цытадэль. Вось таму сёлета я з унукам і выправіўся ў Брэст, каб паглядзець рэканструкцыю нападу Германіі на СССР-БССР. Усё было зроблена згодна з правіламі рэканструктараў. Іх не цікавіла, ці ходзіць у горадзе транспарт. Як нацысты нападалі, так і яны распачалі ўсё знянацку на досвітку. Усе брэсцкія таксі з’ехаліся да крэпасці, натоўпы гараджанаў пешкі сунуліся да Паўночнае брамы. Мы ледзь знайшлі сабе месца на валу Кобрынскага ўмацавання. Ранішняя росная трава на крутым схіле правакавала да таго, каб нехта з цікаўных паслізнуўся на ёй, паляцеў і пацягнуў за сабой астатніх гледачоў. Дзякуй Богу, абышлося.

“Немцы” наступалі, “нашыя” абараняліся. Усё прайшло бездакорна. Пасля рэканструкцыі “немцы” браталіся з “нашымі”, па просьбе гледачоў рабілі сумесныя сэлфі, стралялі ў паветра. Потым мы з унукам адляжаліся на лаўцы пасля бяссоннае ночы і пайшлі аглядацца ў крэпасці. Перш за ўсё скіраваліся да ўчастку, дзе трымаў абарону мой бацька, а майго ўнука пра-прадзед.

Узвышаны настрой адразу сапсаваў пункт пракату ваеннай вопраткі. Тут за грошы можна было пераапрануцца ў чырвонаармейца. Большасць выбірала парадны строй афіцэра з залатымі пагонамі, якіх і блізка не было ў 1941-м годзе. Гламурныя дзявулі фатаграфаваліся з аўтаматам ППШ ў руках. А малыя дзеткі хадзілі ў вайсковай форме і ў красоўках. Сакральны час адразу знік. Бізнес ёсць бізнес, чалавек зарабляў грошы.

Вайсковая форма – гэта сакральнае. Хто не служыў у войску, не мае права яе надзяваць, а тым болей з афіцэрскімі пагонамі. Апроч таго выпадку, калі ён рэканструктар, і выходзіць да людзей у вобразе, у сакральны час, у сакральным месцы.