Рэха вайны

Заканчэнне дачнага сезону мы адзначаем пасядзелкамі каля вогнішча. Вось і сёлета сабраліся ўвечары з суседзямі. Цёмна, цёпла, пстрыкаюць жарынкамі дровы, месяц свеціць. Блізкі лес поўніцца таямнічымі гукамі. Унук і яго сяброўка пачынаюць прасіць мяне расказаць ім страшныя гісторыі. Іх маці гэтага не ўхваляюць, бо наслухаюцца дзеці жахаў, а потым уначы будуць баяцца спаць адныя.

Пасля кароткай нарады жанчыны дазваляюць мне распавесці малым гісторыі, але такія, што “адбываліся насамрэч” – ніякай містыкі, ніякіх прывідаў і вампіраў. Ну і давялося згадваць…

Вось што прыпомнілася. Было гэта ў 1984 годзе, калі яшчэ не існавала ў Беларусі спецыяльнага батальёна, які займаецца пошукам і перазахаваннем парэшткаў загінулых салдат. Тады я працаваў прарабам на будоўлі дарогі. Працавалі вахтавым метадам – тыдзень у дзве змены, начавалі ў вагончыках-бытоўках, затое потым цэлы тыдзень адпачывалі дома. І вось аднойчы там, дзе на трасе працаваў экскаватар, з-пад каўша паказаліся чалавечыя косткі. Ясная рэч, што я земляныя працы адразу ж спыніў, выклікаў міліцыю. Прыехалі, паглядзелі. Пахаванне часоў вайны – форменныя гузікі, пражкі, рэшткі ботаў. Выглядала на тое, што загінулых пахавалі ў варонцы ад бомбы. Міліцыянеры сказалі мне, што гэта не іх праца, параілі самастойна выкапаць косткі і выклікаць вайскоўцаў з ваенкамата.

Яшчэ тройчы мае рабочыя наткнуліся на брацкія пахаванні ў варонках. Косткі мы акуратна збіралі ў вялікія папяровыя пакеты ад насення травы, стараліся складаць кожны шкілет асобна. Сярод костак трапляліся і салдацкія медальёны. Савецкія – у выглядзе пластыкавых мініяцюрных пеналаў. Усярэдзіне павінны былі ляжаць скручаныя ў трубачку цыдулкі, на якіх салдат мусіў уласнаручна напісаць свае імя і адрас тых, каму трэба паведаміць у выпадку яго смерці. Вось толькі нашыя салдаты нячаста запаўнялі гэтыя паперкі, паводле франтавых прымхаў лічылася, што, як толькі напішаш сваё імя, то неўзабаве і загінеш. А вось нямецкія медальёны былі больш практычнымі. Металёвая пласцінка на ланцужку, якую можна разламаць напалам. Адна палова з асабістым нумарам заставалася на шыі пахаванага, другую з такім жа нумарам забіраў камандзір. Так вёўся ўлік загінулых.

Мой прарабскі кабінет у вагончыку неўзабаве ператварыўся ў склад чалавечых костак. Уздоўж сцяны стаяла колькі дзясяткаў папяровых пакетаў. А працоўная змена канчалася а дванаццатай ночы. Даводзілася і працаваць, і спаць поруч, а з ваенкамата ніхто так і не прыязджаў. Нарэшце, я сам адвёз гэтыя пакеты вайскоўцам. Спадзяюся, што парэшткі пахавалі, а некаторыя сваякі загінулых даведаліся пра лёс сваіх бацькоў-дзядоў.

Праз пару тыдняў мінулая вайна зноў нагадала пра сябе на будоўлі дарогі. Гэтым разам з-пад каўша экскаватара пасыпаліся мінамётныя снарады. Як цяпер памятаю, іх было восем штук. Я паведаміў сапёрам з бліжэйшай вайсковай часткі, яны абяцаліся прыехаць. На ўсялякі выпадак абсыпаў знаходку высокім валам з пяску, каб падчас выбуху асколкі пайшлі ўгару.

Вечарэла. Сапёры так і не ехалі. А вестка пра знаходку ўжо разляцелася па суседніх вёсках. Уначы маглі прыйсці падлеткі. Тады я выклікаў участковага міліцыянера. Той прыехаў на матацыкле з каляскай, у якой і праседзеў усю ноч. На дзень я адпусціў яго выспацца, пільнаваў снарады сам. Сапёры не прыехалі і на пяты дзень. Участковы перад выходнымі пагрузіў снарады ў каляску матацыкла, завёз іх і ўтапіў у балоце.

Вось такія страшныя гісторыі з жыцця я распавёў малым каля вогнішча. Ім, дарэчы, яны спадабаліся.