Разводы па-беларуску

Мне на ўласным досведзе не давялося спазнаць, што такое разводзіцца. Мы з жонкай, як пазнаёміліся ў маіх шаснаццаць гадоў, так і жывём дагэтуль разам. Вядома, розныя моманты ў шлюбе здараліся, аднак, ставала розуму знаходзіць з іх прымальнае выйсце.

У прынцыпе, я не супраць разводаў. Рознымі бываюць жыццёвыя сітуацыі. Часам разысціся – лепш, чым заставацца разам. Гэта разумелі яшчэ і нашы продкі, хаця царква, касцёл не прызнаюць разводаў, бо перад алтаром жаніх і нявеста, перш чым стаць мужам і жонкай, клянуцца: “… пакуль смерць не раз’яднае нас”. Але з гэтага правіла рабіліся выключэнні. Так з часоў Рэнесансу ў нашай старажытнай дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім, развод можна было атрымаць у выпадках, калі ў пары доўгі час не было дзяцей, калі адзін з сужэнцаў вар’яцеў, у выпадку сямейнай здрады. Развод даваўся і тады, калі муж ці жонка доўгі час адсутнічалі дома, і іх лёс быў невядомы. Дарэчы, такая норма існуе ў некаторых краінах і цяпер.

Адзін мой сябра ажаніўся з дзяўчынай з Эквадора. Пэўны час жылі ў Беларусі, нарадзілі дваіх дзяцей, потым на пару гадоў з’ехалі да яе на радзіму. Пасля адбыўся разлад, бо якую працу можа знайсці там беларускі паэт? І мой сябра вярнуўся дадому. Ягоная эквадорская жонка гадоў праз дзесяць вырашыла ўзяць новы шлюб. Эквадор дастаткова рэлігійная краіна – замуж не выйдзеш, пакуль ранейшы муж не памрэ. Ледзь не год сышоў на тое, каб намовіць тамтэйшага біскупа. І гэта, не гледзячы на тое, што бацька ў жанчыны быў уплывовым чалавекам – арыстакрат, былы міністр унутраных спраў. Нарэшце майго сябра эквадорскія ксяндзы афіцыйна прызналі “умоўна памерлым”, нават паперу адпаведную выпісалі. “Умоўны нябожчык” дагэтуль міла спісваецца ў сацыяльных сетках з былой жонкай, дзеці яму таксама пішуць.

Другі мой сябра-бізнесовец развёўся з жонкай, бо закахаўся ў іншую жанчыну, што была замужам за нябедным чалавекам. Як кажуць у народзе: “ранейшую кінуў, новую звёў”. Зняў кватэру, і чужая жонка пайшла да яго жыць разам з чатырнаццацігадовым сынам ад першага шлюбу. Запрасіў гэты сябра мяне да сябе, каб пазнаёміць са сваёй абранніцай. З гасцей, апроч мяне, прысутнічаў знаёмы адвакат. Сядзелі за сталом сярод пустых сцен. Абранніца майго сябра акрэслівала свае праблемы. На кватэру былога мужа яна прэтэндаваць не магла, жытло аформленае на ягонага бацьку. А дарагую маёмасць хацела падзяліць. Вось толькі да афіцыйнага разводу кінуты муж мог усё спакойна прадаць, або звезці ў іншае месца, каб адпомсціць нявернай жонцы. Дзеля вырашэння гэтага пытання адваката, дарэчы, і запрасілі. Той выслухаў і выдаў ашаламляльны адказ: “Нашто дзяліць? Проста прыязджай, калі яго не будзе дома, і забірай, што хочаш. Потым, няхай, ён думае, як давесці, што мае права на рэчы. Зрабі свае праблемы ягонымі”. Так і адбылося, жанчына прыехала ўдзень з брыгадай грузчыкаў, якія вынеслі з кватэры ўсё, уключна з жырандолямі і фірмовай газавай плітой.

Праз год пасля гэтага рэйду-наезду кватэру майго сябра абрабавалі, калі ён разам з новай жонкай і яе сынам з’ехалі ў адпачынак. Рабаўнікі забралі ювелірныя ўпрыгожанні і наяўныя грошы. Ясная рэч, ад пачатку падумалі на былога мужа. Але ж следчага насцярожыла, што выкралі нават даляры, якія ляжалі разам з абрэкамі сала ў маразілцы, загорнутыя ў пакет з-пад малака. Пра такую схованку мог ведаць толькі вельмі блізкі чалавек. На першым жа допыце падлетак — сын жанчыны, “раскалоўся” – гэта ён зрабіў дублікаты ключоў, аддаў іх сябрам, каб тыя абрабавалі хату за траціну здабычы.