Радаўнiца

“Бацькі з зямлі цяплом дыхнулі…” Так пачынаецца адзін з безназоўных вершаў Уладзіміра Караткевіча. Але, безумоўна, ён прысвечаны святу Радаўніца, або як яшчэ называюць яго ў розных мясцінах Беларусі: Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Вялікдзень мёртвых. Гэта так званае рухомае свята, якое прыпадае ў праваслаўных беларусаў на дзявяты дзень пасля Вялікадня, на аўторак. Адзначаюць яго непасрэдна на могілках. Дзе-нідзе існуе падзел на “жывую” Радаўніцу, калі ў панядзелак маліліся за жывых, і на “мёртвую”, калі ў аўторак маліліся за памерлых.

Само слова выводзяць з розных моў, у тым ліку, і з лаціны, як “дзень ружаў”, са старжытна-славянскай ад словаў “род” ці “рад”. Аднак, хутчэй за ўсё, яно мае балцкае паходжанне, бо вядомае толькі беларусам, і сучасным літоўцам. Затое, яго няма ва ўкраінскай мове. Тут варта дадаць, што “славяне” не генетычнае паняцце, а толькі лінгвістычнае. На славянскіх мовах гавораць нашчадкі розных па паходжанні народаў, якіх праз царкоўную культуру, пісьмовасць аб’яднала старажытнаславянская мова. Так, сённяшнія ўкраінцы – спадкаемцы сарматаў і скіфаў, балгары – старажытных булгараў, якія прышлі ў Еўропу з Волгі, рускія – паморскіх, макшанскіх, марыйскіх, фіна-ўгорскіх, татарскіх народаў, а беларусы, збольшага, у мінулым – балты. Прынамсі, так сцвярджаюць генетыкі і антраполагі.

На Радаўніцу кожная сям’я спачатку ішла да царквы на набажэнства, а потым кіравалася на могілкі да пахаванняў сваякоў. Збольшага так адбываецца і сёння. Як і раней, так і цяпер, людзі прыходзяць на могілкі, парадкуюць магілы блізкіх, рассцілаюць на капцы ці побач з ім абрус і пачынаюць памінальную трапезу, якая нагадвае язычніцкую трызну па памерлых.

Гаспадыні стараліся, каб страў было шмат. Крыху ежы  і гарэлкі пакідалі на магілах памерлым, “каб пачаставаліся”, нават зрэдчас фарбаваныя яйкі, куццю, мяса прыкопвалі на магілах. Падчас памінальнай трапезы абавязкова згадвалі нябожчыкаў, іх добрыя справы, асаблівасці нораву. Кепскае стараліся не спамінаць, як і ўзаемныя крыўды. Маглі і галасіць, як на пахаванні. На Заходнім Палессі захаваўся старажытны звычай прывальваць свежую магілу калодай – “прыкладам”. І толькі потым — на Радаўніцу, ставілі побач з ёй крыж.

У некаторых мясцовасцях Радаўніцу “грэлі бацькоў” , распальвалі непадалёк ад магіл вогнішчы. Праз іх скакалі, на іх пяклі рытуальную яешню. Адзначэнне Радаўніцы закончвалася ў хаце або ў карчме. Да сёння захавалася народная прыказка, што: “На Радаўніцу да абеду пашуць, пасля абеду плачуць, а ўвечары скачуць”.

Дзе-нідзе, перш, чым ісці на могілкі, людзі ішлі на курганы, там, дзе ляжаць іх далёкія-далёкія продкі. Аплылыя курганы падсыпалі, прыбіралі, а на вяршыні прыкопвалі пятку велікоднага фарбаванага яйка і пакідалі крыху ежы. Потым, або разводзілі вогнішча, або высыпалі на курган жар, прынесены з хатняй печы ў гаршчку. Сам гаршчок абавязкова разбівалі на месцы. Археолагі знаходзяць на вяршынях курганаў раструшчаную сярэднявечную кераміку. Падобныя абрады этнографы фіксавалі яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Моладзь упрыгожвала ўпарадкаваныя курганы жывой зелянінай і вадзіла пад музыку ці спевы каля іх карагоды. Таму нас і не павінны дзівіць залішне вясёлыя назвы некаторых курганных могільнікаў: Гуслішчы, Дудкі, Цымбалы, Карагодзіца.

Зразумела, што сапраўдны сэнс старажытных звычаяў паступова забываецца. Але гэтае яшчэ дахрысціянскае настолькі трывала ўкаранёнае ў свядомасць нашых людзей, што нават у часы існавання СССР беларусы яго адзначалі ў адкрытую нават у вялікіх гарадах.