Прывiд

Ёсць такое меркаванне: “Калі ў мове існуе слова, якое азначае пэўную з’яву, то ў рэальнасці існуе і сама з’ява”. У мове ёсць словы “прывід”, “здань”. Мне самому толькі аднойчы ў жыцці давялося мець справу з прывідам. І тое, выпадак сумнеўны.

Быў у мяне сябра намнога старэйшы за мяне – былы спецслужбіст даволі высокага рангу. Прынамсі, ён расказваў, што служыў у “партыйнай выведцы Палітбюро ЦК КПСС”, нібыта, была і такая спецслужба, да якой ён меў дачыненне, быў адным з рэферэнтаў у Леаніда Брэжнева, удзельнічаў у савецкай экспедыцыі на атамнай субмарыне ў Антарктыду, дзе вывучаў пабудаваную нямецкімі нацыстамі вайсковую базу, працаваў у Маскве намеснікам дырэктара даследчыцкага інстытута, дзе праводзіліся сакрэтныя эксперыменты па стварэнню з малпы ідэальнага савецкага салдата…

Сярод знаёмых яго мянушка была Адмірал, бо ён расказваў, што мае флоцкае званне контр-адмірала, і з’яўляецца прамым нашчадкам знакамітага адмірала Грэйга, які пры імператары Аляксанры І камандаваў Чарнаморскім флотам. Яго бацькоў перад самай вайной расстралялі, а яго самога па спецыяльнай сакрэтнай праграме забралі з дзіцячага дома – нібыта, савецкія ўлады спрабавалі рыхтаваць з нашчадкаў арыстакратычных радоў нейкіх звышлюдзей. З першага погляду, поўнае трызненне.

Праверыць такую інфармацыю, як разумееце, немагчыма. Дакладна пра Адмірала я ведаў толькі, што ён вельмі разумны і дасціпны чалавек, сапраўдны доктар філасофскіх навук і пэўны час служыў расійскім вайсковым аташэ ў Балгарыі. Потым у яго ўзніклі нейкія праблемы з бізнесам у Маскве, трапіў пад следства, выйшаў на волю і з’ехаў у Беларусь да новай жонкі, якая мяне з ім і пазнаёміла. Сяброўства нашае доўжылася гадоў пяць. Да ягонае смерці. Я ведаў, што Адмірал хворы, але не ведаў, што вельмі сур’ёзна. Калі ён трапіў у шпіталь, я наведаў яго. На сваім ложку хворы не ляжаў. Адшукаў яго ў жаночай палаце – сядзеў у эфектным халаце на крэсле пасярэдзіне, а жанчыны ў захапленні слухалі ягоныя чарговыя байкі. Здаецца, ён расказваў ім пра тое, як па заданні “партыйнай выведкі” ездзіў у Чылі, дзе таемна сустракаўся з жывой жонкай Гітлера Евай Браўн, якая пад чужым імем дажывала свой век непадалёк ад Вогненай Зямлі пасля смерці фюрара, што надарылася напачатку 1970-х гадоў.

Я са спакойным сумленнем пакінуў шпіталь, мне здавалася, што праз колькі дзён яго выпішуць. А праз тыдзень я прачнуўся пасярод ночы. Прычым раптоўна, з поўным усведамленнем таго, што не сплю. Ляжаў я тварам да сцяны і абсалютна рэальна адчуваў, што маю далонь сціскае іншая – мужчынская, моцная, так, як здараецца пры сяброўскім вітанні або расставанні. І той, хто працягнуў мне сваю далонь, знаходзіцца ў сцяне, або за ёй. А потым я пачуў, хаця, не, гэта не дакладнае слова. Я не пачуў, а адчуў у сваёй галаве голас. Той, хто казаў, не назваўся, але я зразумеў, што гэта Адмірал, я пазнаў яго. Ён проста развітаўся са мной. А потым тая, другая, рука пачала знікаць. Яе пальцы не расціскаліся, проста яна пачынала рабіцца ўсё больш і больш эфемернай, пакуль канчаткова не знікла.

Перш чым зноў заснуць, я паглядзеў на гадзіннік. З раніцы мне патэлефанавала жонка Адмірала і сказала, што ноччу яе муж памёр у шпіталі. Калі я расказаў ёй пра свой начны відзёж і назваў дакладны час, то яна пацвердзіла, што ён супадае з часам смерці.

Калі я раней крыху іранізаваў з расповядаў Адмірала, то пасля гэтага выпадку кінуў, бо сярод іншага нябожчык мне расказваў, што ў праграму яго навучання ўваходзілі і ўсходнія практыкі, сярод якіх выхады ў астрал і тэлепатыя.