Прыгоды Андэрса

Быў такі знакаміты паляк — генерал Уладзіслаў Андэрс. Ён перад вайной з немцамі камандаваў Навагрудскай кавалерыйскай брыгадай Войска польскага. Бараніў ад нацыстаў у верасні 1939 года Варшаву, Львоў. Урэшце сутыкнуўся з савецкімі войскамі, і пасля зацятых баёў трапіў у палон 30 верасня 1939 года.

Калі ў 1941 годзе пачалася савецка-германская вайна, Крэмль падпісаў пагадненне з польскім урадам у выгнанні пра сумеснае змаганне з нацыстамі. Масква згодна з гэтымі пагадненнямі даручала генералу Андэрсу стварыць Войска польскае ў СССР. У яго набіралі грамадзян Польшчы, якія аказаліся на тэрыторыі Савецкага Саюза – трапілі ў палон, альбо сядзелі ў сталінскіх лагерах – у асноўным ураджэнцаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. З войскам у 80 000 байцоў генерал Андэрс праз Іран трапіў у Палесціну, адтуль у Егіпет. Ваяваў у складзе брытанскіх узброеных сіл супраць нямецкіх нацыстаў і італьянскіх фашыстаў у Афрыцы. Закончыў вайну ў Італіі. У сацыялістычную Польшчу не вярнуўся. Памёр у Лондане ў 1970 годзе.

Гэтакі вялікі ўступ я напісаў для таго, каб стала зразумела, што генерал Андэрс і для Беларусі значная постаць. Сама ж гісторыя, што адбылася ў самым пачатку 2000-х, якую я распавяду, дзіўным чынам звязалася з прозвішчам знакамітага генерала.

У нашым двары жыве ўнікальны аўтамеханік Андрэй. Ён умее ажыўляць нават вельмі старыя машыны. Паколькі ў двары жыло некалькі Андрэяў, то кожнаму з іх суседзі прыдумалі мянушкі. Так аўтамеханік Андрэй і стаў для ўсіх Андэрсам. Наш квартал суседнічае з прыватнай забудовай, дзе здавён кампактна жывуць цыгане. Галоўны аўтарытэт для іх – блізкі сваяк тураўскага цыганскага барона. Чалавек дастаткова разумны і адукаваны. Ён мне тлумачыў, чаму менавіта тураўскі барон галоўны для пінскіх цыган. Бо Тураў больш старажытны горад, і некалі Пінск знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад яго. Але быць разумным і адукаваным, яшчэ не значыць не зрабіць у жыцці хоць адно глупства.

У гаражы гэтага цыганскага аўтарытэта стаяў шыкоўны стары мерседэс-кабрыялет 1950-х гадоў, які выязджаў толькі для абслугоўвання цыганскіх вяселляў. І вось, перад адным з такіх вяселляў стары мерседэс зламаўся. Ніводная станцыя тэхабслугоўвання не бралася за рамонт рарытэтнага аўто. І тады цыганскі аўтарытэт звярнуўся па дапамогу да Андэрса. Таленавіты аўтамеханік управіўся за дзень і ноч. Вінтажны кабрыялет пад раніцу сваім ходам выехаў з гаража і зрабіў кола гонару па цыганскім пасёлку. Яго ўладальнік шчодра разлічыўся з Андэрсам і накрыў шыкоўны стол. Пасля чарговай чаркі аўтарытэтны цыган вырашыў зрабіць майстру незвычайны падарунак, а ў тую нядзелю якраз праходзілі выбары. Цыгане вельмі згуртаваныя і без спрэчак выканалі дзіўнае пажаданне свайго аўтарытэта. Пайшлі грамадой на выбарчы ўчастак, выкраслілі ўсіх кандыдатаў і дапісалі ў сваіх бюлетэнях “за Андэрса”.

Падлік галасоў скончыўся позна ўвечары. Мяркую, старшыня камісіі проста не ведаў, што рабіць з пачкам у сорак сапсаваных бюлетэняў з галасамі, аддадзенымі за дзіўнага нідзе не зарэгістраванага кандыдата, а таму на ўсялякі выпадак патэлефанаваў, як кажуць, у “кампетэнтныя органы”.

Мясцовага аўтамеханіка па мянушцы Андэрс вылічылі цягам гадзіны, потым прайшліся па цыганскім пасёлку. Ну, а назаўтра я тлумачыў бледнаму і нявыспанаму суседу-аўтамеханіку, кім быў ягоны знакаміты цёзка генерал Андэрс, які ў Другую сусветную вайну на чале беларуска-польска-украінскіх дывізій вызваляў ад нацыстаў і фашыстаў Паўночную Афрыку з Італіяй.