Простыя рэчы

Я не вялікі прыхільнік сацыяльных сетак у інтэрнэце. Ад’ядаюць шмат часу, ствараюць ілюзію ўласнай значнасці. Аднак, што паробіш: з’ява, ёсць з’ява; трэнд ёсць трэндам. Сённяшні свет такі, што, калі цябе няма ў сацыяльных сетках, то можна лічыць, цябе няма ўвогуле. Нават пэўная іерархія выпрацавалася. Так, скажам, карыстальнікі “фэйс-бука” лічаць карыстальнікаў “у кантакце” людзьмі другога гатунку. Тыя адказваюць узаемнасцю.

Людзі пачынаюць дзень з таго, што зазіраюць на свае віртуальныя старонкі. Так раней за сняданкам чыталі свежыя газеты. Потым ідзе невялікі перапынак, карыстальнікі дабіраюцца да працы і зноў падключаюцца, каб паміж справамі пацікавіцца навінамі, або абмяняцца думкамі з сябрамі, выкласці фота ці відэа, даць спасылку на цікавы артыкул.

Яшчэ нядаўна было модна хваліцца колькасцю фрэндоў. У каго іх болей, той і круцейшы. Аднак тэхналогія павелічэння іх колькасці неўзабаве адпрацавалася. І цяпер займець тысячу фрэндоў на ўсіх кантынентах – гэта вырашальная праблема. Іншая рэч, што яны будуць мёртвымі душамі, а не жывымі субяседнікамі. Таму цяпер заведзена выхваляцца колькасцю лайкаў – упадабанняў пад уласным пастом. Тут ужо трэба старацца, пост мусіць зачапіць людзей за жывое так, каб яны адрэагавалі, хаця б проста клікнулі мышкай.

Тэксты, нават кароткія, людзі чытаюць неахвотна. Відэа, нават непрацяглае, таксама лянуюцца ўключаць. Ідэальны пост, на які рэагуюць карыстальнікі – гэта фота і подпіс пад ім з некалькіх слоў. Псіхолагі даўно пралічылі выявы, якія ані ў каго не выклікаюць раздражнення: коні, дэльфіны і дзеці. Дзеці ў шырокім разуменні гэтага слова. Вось і вывальваюцца ў сацыяльных сетках гігабайтамі фота малых хлопчыкаў, дзяўчатак, мілых кацянятаў, жарабятаў, шчанюкоў і іншай малечы. Сапраўды, яны збіраюць лайкаў паболей, чым фота прыгажунь, подыюмных мадэлей, або кіназорак. І вось аднойчы я вырашыў прааналізаваць самыя папулярныя з пункту гледжання пастаўленых пад імі лайкаў выявы на старонцы ФБ.

Самае дзіўнае, што максімальную колькасць збіралі не дзеці анёльскага выгляду, не коцікі з бантамі на шыях, а вельмі простыя аматарскія фотаздымкі. Скажам, такое фота — на драўляным вясковым стале трохлітровы слоік з малаком, побач пустая чысцюткая шклянка і луста чорнага хлеба. Або драўляная дошчачка, а на ёй стары сточаны нож, цыбуліна і шчодра пакроенае свойскае сала з шырокай мясной праслойкай, прысыпанае насеннем кропу ці кменам. І, няхай, такія фота не будуць цалкам адпавядаць законам кампазіцыі, але яны збіраюць пад сабой па сорак, або пяцьдзясят лайкаў. Хаця поруч з імі будзе запошчана бездакорна выкананае жывапіснае палатно добрага мастака. Калі я праглядзеў, хто ставіў лайкі, то высветліў, што гэта былі ў большасці карыстальнікі з Беларусі і крыху нашы непасрэдныя суседзі. Скажам, немцаў ці іспанцаў, якія зрэдку трапляюцца ў фрэндах, гэтыя выявы не краналі.

І тут прыйшоў час задумацца. Чаму так адбываецца? Чаму беларусу трохлітровы слоік з малаком і луста хлеба вярэдзіць душу, а немцу, не? Рэч у тым, што мы – беларусы, на сёння, хоць і пераважна гарадская нацыя, але гэта толькі пасляваенны працэс, два-тры пакаленні. У кожнага былі ці ёсць сваякі ў вёсцы, да якіх мы прыязджалі. У кожнага ў дзіцячых успамінах ёсць свой трохлітровы слоік з малаком, шчарбаты нож і дошчачка з пакроеным свойскім салам.

Таму, калі жадаеце атрымліваць лайкі, вывешвайце простыя здымкі. Вясковы ранішні краявід. Драўляная хата ў атачэнні саду. Сцежка ў жыце. Дым над спаленым бульбоўнікам. Гламур і глянец застануцца ззаду.