Простыя рэчы

Наша жыццё складаецца з успамінаў. Можна, вядома, спецыяльна сесці і пачаць згадваць пэўныя моманты мінулага. Але ж так у памяці ўсплываюць толькі падзеі. З кім куды хадзіў, каго сустрэў, які фільм глядзелі — ледзь не ў стылі міліцэйскага пратакола.

А здараецца і так, што ўспаміны накатваюць на ўзроўні адчуванняў, эмоцый. Варта пачуць нейкі гук, злавіць пах. Напрыклад, водар свежа зваранай кавы. І адразу мне ў дэталях згадваецца дзяцінства. У 1960-ыя гады ў крамах не прадавалі ані змолатае кавы, ані распушчальнае ў бляшанках. Яны з’явіліся ў СССР пазней, ужо ў 1970-ыя гады. А тады прадавалі толькі сырое кававае зерне зялёнага колеру. Цяпер такое і знайсці ў продажу цяжка, адзін раз толькі бачыў у аддзельчыку, дзе прадаюць розную экзотыку для гурманаў. Смажыць тое зерне трэба было самім. І гэтым раз на тыдзень займаліся ў нашай сям’і я з маці.

Зялёныя кававыя зярняты высыпалі на паніву і ставілі яе ў распаленую духоўку. Я садзіўся на нізкі зэдлік перад плітой і пастаянна перамешваў, перасыпаў каву драўлянай лыжкай, каб не згарэла, а набыла шляхетны карычневы колер. Дагэтуль памятаю той чароўны водар, які напаўняў усю кватэру. А потым яшчэ цёплае зерне я засыпаў у старадаўні ручны млынок – электрычныя кавамолкі з’явіліся пазней, і круціў ручку. Усярэдзіне храбусцела, пстрыкала, пах кавы рабіўся густым, мроілася, што яго можна проста памацаць у паветры.

Мяне, тады яшчэ малога першакласніка, бацькі вядома, што кавай не частавалі. Такое пітво не для дзяцей. Мне запарвалі толькі кававы напой са смажаных жалудоў, ячменю і цыкорыя. І таму мне думалася, што нічога смачнейшага за сапраўдную каву ў свеце не бывае. Не здарма ж бацькі п’юць яе штодня з раніцы, ставяць на святочны стол гасцям. Аднойчы, калі бацькоў не было дома, я сам сабе запарыў сапраўдную каву, сыпануў яе ў джэзву не шкадуючы. Выявілася, што нічога яна не смачная – кісла-горкая. З непрывычкі моцна закруцілася галава. І яшчэ доўга я каву не ўжываў, пачаў яе піць толькі, як паступіў у інстытут, каб перабіць сон і за ноч дарабіць курсавую працу, ці падрыхтавацца да чарговага іспыту. А вось пах кавы люблю дагэтуль і ў дэталях памятаю рытуал ператварэння зялёнага зерня ў духмяны напой. Гэта вам не распушчальны парашок у кіпені забоўтаць. Тут не кулінарыя, а “свяшчэннадзейства”.

Успаміны дзяцінства адныя з самых яскравых. Але ёсць і больш даўнія – ўспаміны, што прыходзяць праз шматлікія пакаленні, нашы ўспаміны, як прадстаўнікоў чалавецтва. Адно з іх сядзець каля вогнішча. Не дарма ж кажуць, што на агонь можна глядзець бясконца, гэта памяць тысячагоддзяў. Зрэшты, чалавек і стаў чалавекам, калі прыручыў агонь, навучыўся яго падтрымліваць і здабываць. Ад таго часу ён мог гатаваць ежу, а не спажываць яе сырой. Мог грэцца ў халады, адпалохваць агнём дзікіх жывёл. Агонь на стаянках старажытных людзей гарэў пастаянна. Таму мы, як і нашы далёкія продкі, любім пасядзець з сябрамі каля вогнішча познім вечарам, заварожана глядзім, як закручваюцца пратуберанцамі языкі полымя, як рассыпаюцца жарынкамі дровы. І тыя жарынкі, падхопленыя гарачым паветрам, лятуць угару, нібыта там ім наканавана стаць новымі зоркамі. Нават размаўляць у гэты час не абавязкова. Можна проста моўчкі любавацца агнём і адчуваць еднасць з блізкімі людзьмі. А калі яшчэ засыпаць у джэзву добрую каву, заліць яе кіпнем і паставіць на чырвоны прысак, потым разліць па кубачках… Чароўны водар кавы, змяшаны са смалістым дымам вогнішча, водбліскі агню на тварах. Што яшчэ трэба познім летнім вечарам?