Пражыць два жыцці

Тое, што жыццё ў чалавека адно – аксіёма. Пра гэта сведчаць і народныя прымаўкі, і навука. Прынамсі, зямное жыццё. Што там у іншасвеце, нікому на Зямлі невядома. Як кажа тая ж народная мудрасць: “Відаць, там вельмі добра, бо адтуль ніхто яшчэ назад не вяртаўся”.

Людзі любяць і ўмеюць падманваць – іншых, саміх сябе, а то і сам лёс. Адразу згадваю казку, у якой герой – Рыцар атрымаў цудоўны дар. Ён бачыў невідочную для іншых Смерць. Бачыў яе набліжэнне да тых, каго яна хацела забраць з сабой. Калі Смерць набліжалася да ложку хворага з боку галавы, той быў прырэчаны, паміраў. Калі ж Смерць стаяла ў нагах, хворы адужваў, заставаўся жыць. І вось ужо стары Рыцар, які, вядома ж, не жадаў паміраць, змайстраваў для сябе механічны ложак, які можна было лёгка паварочваць з дапамогай рычагоў. Калі Смерць з’явілася да старога Рыцара, каб забраць у яго жыццё, ён стаў круціць ложак. З якога боку Смерць не падыходзіла, ён паварочваўся да яе нагамі. Нарэшце, Смерць раззлавалася, сказала: “Круці – не круці, а трэба памярці!” І забрала ягонае жыццё.

Мяне заўсёды дзівілі паводзіны некаторых маіх знаёмых, сяброў, сябровак. Здавалася б, добрыя сем’і, дзеці, праца. Але ж яны заводзілі сабе каханкаў, каханак. І не так, каб гэта быў выпадковы, на эмоцыях раман, пра які праз пару месяцаў і не згадаеш, калі згадаеш, то з сорамам, а трывалыя, на некалькі гадоў стасункі з пэўнымі абавязкамі адно перад адным, з традыцыямі сустрэч. Але ж не станеш распытваць чалавека пра вельмі асабістае, калі з ім ёсць пра што іншае пагутарыць. Аднойчы такая размова з прыяцелем усё ж адбылася. Былі мы ў камандзіроўцы, жыць давялося ў адным гатэльным нумары. У рэстарацыі мы адразу адчулі сябе няўтульна, таму і перабраліся вячэраць да сябе. Ну, і разгаварыліся, не тэлевізар жа глядзець. І тут ягоны тэлефон зазваніў, размова не вельмі працяглая, але з яе абсалютна дакладна вынікала, што тэлефануе не ягоная жонка, з якой я сябраваў, зрэшты, больш, чым з ім, а каханка.

Прыяцель скончыў размову, відаць, ужо традыцыйнымі для пары словамі “цалую-абдымаю” і адклаў тэлефон, зачапіўся за мой позірк. “Мне нічога тлумачыць не трэба, — папрасіў я, — тым больш, апраўдвацца. Тваёй жонцы я нічога не скажу. Усе мы больш, чым дарослыя людзі, і жывём, як лічым патрэбным”. Прыяцель вытрымаў паўзу, вагаўся, ці варта яму ўвогуле нешта казаць, нарэшце нетаропка вымавіў: “У нас з… — тут ён назваў імя сваёй жонкі, — усё цудоўна. Я не збіраюся і не збіраўся сыходзіць ад яе. А з ёй… — ён так і не назваў імя каханкі, — гэта зусім іншае”. У маёй памяці прамільгнулі некаторыя сцэны, сведкам якіх мне даводзілася быць. І я зразумеў, каго ён меў на ўвазе. “Так, гэта яна, — пацвердзіў прыяцель, хаця я і прамаўчаў. – Мы асабліва і не хаваемся”. Я прапанаваў змяніць тэму. У выніку мы проста колькі хвілін маўчалі. “Выбачай, але ж мне самому цікава разабрацца, — нарэшце азваўся прыяцель. – У цябе бывае такое, што ідзеш па вуліцы, бачыш незнаёмую прыгожую жанчыну і пачынаеш яе, як бы гэта сказаць… у думках прымяраць на сябе?” Мне давялося пагадзіцца, што, бывае, але адказ я сфармуляваў так: “Спадзяюся, што і некаторыя незнаёмыя жанчыны глядзяць на мяне з такімі пазітыўнымі думкамі. Зрэшты, ніхто нічога не крадзе і нікога не забівае”. Прыяцель нечакана ажывіўся: “Вось, а я прымераў не толькі ў думках, і цяпер яна мне кажа, што мы з ёй абое крадзем, крадзем пачуцці і адчуванні. Бяром тое, што нам не належыць. А я проста імкнуся пражыць два жыцці”. І мне тады таксама згадалася казка пра Рыцара з незвычайным дарам.

Максім КЛІМКОВІЧ

Афиша города