ПРАВАДНІК У МІНУЛАЕ

Час, адлегласць насамрэч вымяраюцца не гадзінамі і кіламетрамі, а ўражаннямі, эмоцыямі, інфармацыяй, якія чалавек атрымлівае. Здараецца, што некалькі дзён могуць здавацца ледзь не годам, і застануцца ў памяці на ўсё жыццё. Так здарылася і са мной на мінулым тыдні. Выправіўся ў вандроўку. Не далёкую, але і не блізкую. У невялікі беларускі горад Мёры, што на Віцебшчыне. Запрасілі сябры з Этнагістарычнага цэнтру “Явар”, у які ўваходзяць навукоўцы – гісторыкі, этнографы, археолагі, творчыя людзі. Яны сваім коштам арганізоўваюць экспедыцыі па Беларусі, шукаюць “святыя” камяні, крыніцы, мясціны сакральнай геаграфіі, запісваюць паданні, звязаныя з імі, фіксуюць абрады. Вядома, для такіх экспедыцый патрэбны праваднік з мясцовых людзей, які б цудоўна ведаў тэрыторыю і традыцыі. Гэтым разам ім стаў краязнаўца, настаўнік гісторыі з Мёрскай школы Вітольд Ермалёнак.

Я і раней чуў пра гэтага ўнікальнага чалавека, але пазнаёміўся з ім упершыню. Ён за тыя сорак гадоў, што працуе ў школе, стварыў у ёй тры музеі. Адзін — прысвечаны гісторыі, другі – кнігам і друку, трэці — побыту беларусаў у ХХ стагоддзі. Экспазіцыі унікальныя. Некаторым экспанатам пазайздросцілі б сталічныя музеі. Вітольд Ермалёнак не проста калекцыянер, ён менавіта музейшчык. Як кажа ён сам, яго ў першую чаргу цікавіць не сама рэч, а гісторыя, звязаная з ёю. Пад шклом вітрыны ляжыць адзіны ў свеце фальшывы срэбны арабскі дэрхем. Такія манеты хадзілі на нашых землях яшчэ да таго, як нашы продкі стварылі ўласную грашовую сістэму. Сапраўдных дэрхемаў па ўсім свеце некалькі тонаў, а фальшывы захаваўся толькі адзін. Глядзіш на яго і разумееш, як змяняюцца каштоўнасці ў свеце. Старая фальшывая манета цяпер больш каштоўная, чым сапраўдная. А побач стаіць вайсковы турэцкі барабан XVII стагоддзя – трафей, прывезены з Вены. Тады яе абкружылі туркі. Калі б наш кароль Ян Сабескі не прывёў пад сцены аўстрыйскай сталіцы польска-беларускае войска, лёс Еўропы мог бы скласціся інакш. Аб’яднаныя сілы хрысціянаў разбілі войска султана. Нехта з мясцовых афіцэраў прывёз турэцкі барабан да сябе на радзіму і ахвяраваў мёрскаму касцёлу. Пэўны час ён выкарыстоўваўся падчас набажэнстваў замест званочкаў, а потым трапіў на гарышча. Ужо пасля Другой сусветнай вайны ксёндз падарыў яго адному з вернікаў – музыку. Той прыладзіў да яго педаль і граў на вяселлях, на танцах. Так сяляне Падзвіння скакалі пад грукат турэцкага барабана, пакуль масава не з’явіліся прайгравальнікі ды магнітафоны.

Экспанат, які ўразіў больш за іншыя – невялічкае дамскае люстэрка пачатку ХІХ стагоддзя ў бронзавай скульптурнай аправе. Замест ручкі постаць анёлка, які і сам глядзіцца ў люстэрка. Здавалася б, проста мілая старадаўняя рэч. Аднак, гэтае люстэрка у свой час належала Эміліі Плятэр. Знакамітай жанчыне, якая падчас антыцарскага паўстання 1831 года ўзначаліла атрад і даслужылася да звання капітана. Ёй прысвечаны палотны мастакоў, вершы паэтаў, сярод якіх і Адам Міцкевіч. Гэта адзіная асабістая рэч легендарнай жанчыны, якая ацалела да нашага часу. Спадар Вітольд даў нам яе патрымаць у руках. Я зазірнуў у невялікае каламутнае двухсотгадовае люстэрка і літаральна адчуў, як з яго на мяне глядзіць Эмілія Плятэр.

А яшчэ мы ездзілі па вёсках, дзе краязнаўца паказваў нам наноў адшуканыя ім культавыя камяні, якія даследавалі навукоўцы яшчэ міжваеннай Польшчы, а потым яны лічыліся страчанымі: “камень-прывід”, “камень-шавец”. Наведалі лясную прошчу Святая вада. Пра якую мясцовыя расказваюць цікавае паданне. Нібыта ў канцы ХІХ стагоддзя з іх мясцін адзін мужчына з’ехаў у ЗША і стаў там вельмі багатым. Аднак, у яго адняліся ногі. Дактары не маглі даць яму рады, і тады ён стаў звяртацца да шаптуноў, знахараў. Адзін з іх сказаў яму: “У цябе на Радзіме ёсць святая крыніца. Пабудуй каля яе капліцу. Потым, няхай, табе прышлюць вады, вып’еш і будзеш хадзіць”. Ён так і зрабіў. Вада са святой крыніцы дапамагла. Можна верыць у такое паданне, можна скептычна пасміхнуцца, але ж побач з дагледжанай лясной крыніцай стаіць грунтоўны бетонны падмурак, што застаўся ад згарэлай капліцы. А на ім выбітая дата “1909”.

Максім КЛІМКОВІЧ