Праўнукi вайны

Звычайна, калі згадваю сваё дзяцінства, якое прыпала на 1960-я гады, то ў памяці ўсплываюць дваравыя гульні. Практычна, кожны дзень мы гулялі ў вайну. Дзяліліся на “немцаў” і “нашых”. “Нашы” звычайна былі беларускімі партызанамі. Ну, а “немцы” імкнуліся іх знішчыць. Узімку мы будавалі снежную крэпасць і перакідваліся снежкамі. Улетку “партызанскі штаб” перамяшчаўся ў двух’ярусны дравяны сарай, і баі ужо ішлі на яго галерэі. У гранаты ператвараліся пакуначкі з кляновага лісця, у якое мы загортвалі пясок альбо пыл. Выкарыстоўвалі і стралковую зброю, праўда, толькі як дэкарацыю. Хтосьці бегаў з самаробнай вінтоўкай і крычаў “піф-паф”. Я ж аддаваў перавагу купленаму драўлянаму аўтамату ППШ з чорным дыскам. Каб страляць з яго, трэба было шалёна круціць ручку трашчоткі. І тады ён адгукаўся ляскатам.

Знаходзілася справа і для дзяўчат. Яны былі санітаркамі, выцягвалі параненых, лячылі іх у шпіталі. “Нашы” не абавязкова перамагалі, усё было сумленна, часам верх бралі “немцы” і тады вялі партызанаў на расстрэл. Абыходзілася без гучных лозунгаў. Пераможаных ставілі да сцяны гаражоў і кідалі ў іх мячыкі для вялікага тэніса. Нашы мілітарныя гульні пастаянна падсілкоўваліся ўрокамі мужнасці ў школе, на якія запрашалі выступаць ветэранаў, і кінафільмамі. Самымі папулярнымі ў нас былі чамусьці польскія стужкі – серыял “Тры танкісты і сабака” і “Прыгоды кананіра Доласа”. Апошні, праўда, у арыгінале называўся “Як я распачаў Другую сусветную вайну”. Але ў савецкім пракаце назву змянілі, бо яна адсылала да 1939 года, калі СССР і Германія былі практычна саюзнікамі. Ужо ў нашы дні я паглядзеў гэты фільм у арыгінале, па-польску і заўважыў, што пры дубляжы, у тым варыянце, які мы глядзелі ў дзяцінстве, была выразана фраза аднаго з салдатаў Войска польскага, пра тое, што служыў ён у Навагрудскім палку, то бок, быў з Заходняй Беларусі. Неўзабаве мы падраслі, і нас сталі цікавіць іншыя гульні, у якія больш актыўна ўключаліся дзяўчаты.

У вайну, хаця, не так актыўна, гуляла і пакаленне майго сына, які нарадзіўся ў сярэдзіне 1980-х. Памятаю, як паехалі мы адпачываць у Балгарыю. У гатэлі жылі ў асноўным беларусы і немцы. Фраў з Германіі з жахам глядзелі на тое, як беларускія дзеці лётаюць па прасторным холе з крыкамі “Гітлер капут”, “хэндэ хох”, “ніхт шіссэн”, як потым гоняць пераможанага “фашыста” на расстрэл. Трэба аддаць немкам належнае, заўваг нашым дзецям яны не рабілі. Калі маё пакаленне ў сваіх вайсковых гульнях перазараджала ўяўную зброю так, як гэта робіцца ў вінтоўках Мосіна і ў карабінах – паваротам затвора, то пакаленне майго сына рабіла ўжо інакш. Наглядзеўшыся амерыканскіх фільмаў, яны перазараджалі зброю так, як у вінчэстары – ператоргвалі затвор пад руляй. Але, зрэшты, і сын падрос.

Цяпер ужо сачу за гульнямі свайго ўнука і ягоных аднагодкаў. Яны не сядзяць днямі за камп’ютарамі. Дзецям трэба бегаць у двары. У вайну яны ўжо зусім не гуляюць. Аддаюць перавагу гульням у зомбі, у маньяка, у паліцэйскіх і злодзеяў… Яны ўжо праўнукі, а то і пра-праўнукі вайны. Іх прадзеды, якія ваявалі, ужо сышлі з жыцця. Пра іх нагадваюць адно старыя чорна-белыя фотаздымкі, узнагароды, магілы. Для сучасных дзяцей падзеі Другой сусветнай цікавыя, але настолькі ж цікавыя ім і падзеі Грунвальдскай бітвы ці вайны 1812 года. Усё гэта для іх гісторыя – больш далёкая, больш блізкая, але гісторыя.

Цяпер у вайну гуляюць дарослыя дзядзькі, ганяюць на маніторах кампутараў віртуальныя танкі. І, як у дзяцінстве, адныя гуляюць за “нашых”, а другія за “немцаў”.