Прафесійны погляд

Мы ўсе глядзім на адзін і той жа свет, вось толькі кожны бачыць у ім сваё. Аптыміст – заўважае добрае, а песіміст – кепскае, мізантропу ўсе людзі бачацца непрыгожымі, злоснымі, гатовымі яго пакрыўдзіць. А ёсць яшчэ прафесійны погляд на свет.

Цяперашняя мая прафесія – журналіст, пісьменнік, кінасцэнарыст. І таму на кожную пабачаную жыццёвую калізію я гляджу з драматургічнага боку. Скажам, сустрэў на вуліцы сляпога, які нясе пад пахай вялікае люстэрка ў раме. Вось і дадумваю ягоную гісторыю – нашто сляпому магло спатрэбіцца люстэрка?

Сусед па дачы ў мяне па прафесіі – патолагаанатам па мянушцы Мёртвы Доктар. Выбіраць з ім на рынку мяса на шашлыкі цэлая прыгода. Ён, нібыта сканерам, прасвечвае кожны кавалак, бачыць у ім схаваныя косткі, жылы, плеўкі. А потым, калі вяртаемся, ён бярэцца тое мяса рэзаць па ўсіх “правілах мастацтва”. Калі не ведаць, хто ён па прафесіі, то шашлыкі смачныя.

У горадзе ў мяне ёсць сусед дзядзька Лёня – былы міліцыянер, следчы. Выйшаў на пенсію ў званні маёра. Цудоўны чалавек, але мае адну слабасць, любіць выпіць, хоць і п’яным я яго ніколі не бачыў. Жонка выпіваць яму дома не дазваляе. Вось і ладзіць дзядзька Лёня час ад часу цэлы спектакль. У яго ёсць старыя жыгулі. Ён іх заўсёды паркуе носам да вокнаў сваёй кватэры, а кармой да суседняга дома, у якім месціцца апорны пункт міліцыі. Як хоча выпіць, то ідзе рамантаваць машыну, зразумела, побач з’яўляецца нехта, хто яму дапамагае. Жонка глядзіць у вакно і бачыць, як яе муж і памагаты завіхаюцца каля адчыненага капота. Кожнага разу яны здымаюць паветраны фільтр і ставяць яго на дах машыны. Ён вялікі і адразу стварае маштаб рамонту. Гэта, як у тэатры – дробныя ў рэальным жыцці рэчы для спектакля робяць большымі, таму бутафорскі дзвярны ключ павінен быць сантыметраў пятнаццаць даўжынёй, каб яго ўбачылі гледачы на балконе.

Час ад часу дзядзька Лёня з памагатым ходзяць да адчыненага багажніка, нібыта ўзяць ключы. Ну, а ў багажніку пляшка, шклянкі, закуска. І нічога страшнага, што гэты нацюрморт цудоўна бачны з акна апорнага пункта. У апарняку самы старэйшы па званні – капітан, а дзядзька Лёня, хоць і былы, але маёр.

Неяк стаю я каля пад’езда. Дзядзьку Лёню закарцела са мной пагаварыць, ён і падышоў да мяне з пляшкай у руцэ. Стаім, размаўляем, і раптам ён рэзка працягвае мне сваю бутэльку, шэптам гучыць загад: “Патрымай!” Маёр на тое і маёр, каб аддаваць загады, якія выконваюць без лішніх пытанняў. Я нават не паспяваю зразумець, што ўжо трымаю распачатую пляшку, дзейнічаю рэфлекторна. І адразу чую у сябе за спінной жаночы голас: “Добры вечар, сусед!” Жонка дзядзькі Лёні, якая вярнулася з крамы, глядзіць на мяне крыху з асуджэннем, а вось на мужа з замілаваннем. Маўляў, калі іншыя мужчыны выпіваюць, яе Лёня сумленна рамантуе машыну. Жанчына знікае ў пад’ездзе. Сусед акуратна, двума пальцамі бярэ пляшку за рыльца і, як фокуснік, імгненна хавае яе непрыкметным рухам у глыбокую кішэню. Мы глядзім адзін аднаму ў вочы. “Выбачай, сусед, – кажа дзядзька Лёня. – Дзякуй, што падыграў перад жонкай”.

У мяне шчоўкае прафесійны розум пісьменніка-журналіста, мадэлюе імаверны выпадак з мінулага дзядзькі Лёні, калі ён яшчэ следчым працаваў. Я кажу суседу: “Дзядзька, скажы, а даводзілася табе вось так падазраванаму сунуць у руку пісталет, ці нож, якім здзейснілі злачынства, каб потым адбіткі пальцаў зняць?” “Было колькі разоў, — неахвотна прызнаецца былы следчы. – Але я дакладна ведаў, што яны злачынцы”. Вось і ўся шчырая размова.