ПІНСКІ КІРМАШ

Пінск ва ўсе часы быў і ёсць адным з самых прадпрымальніцкіх гарадоў Беларусі. І сёння на кожным рынку ў нашай краіне знойдуцца гандляры памідорамі, гуркамі, перцам, каля іх прадукцыі з гонарам будзе стаяць шыльдачка з надпісам “ПІНСК”, каб у пакупнікоў не ўзнікала пытанняў адносна якасці. Пра тое, як праходзіў знакаміты Пінскі кірмаш у міжваенныя часы, пакінула свае ўспаміны падарожніца з ЗША – першая жанчына, якая праляцела на самалёце над Паўночным полюсам, удзельнічала ў даследаваннях Грэнландыі. Луіза Арнэр Бойд ў 1934 годзе наведала з экспедыцыяй і Палессе. З водным транспартам ёй дапамог тагачасны камандуючы Пінскай флатыліяй контр-адмірал Свірскі. Пасля яе засталіся тысячы старонак палявых запісаў і больш за паўтысячы фотаздымкаў. Вось колькі вытрымак з яе пінскіх уражанняў:

“За сваё жыццё я бачыла шмат розных кірмашоў у розных краінах свету, але нідзе не давялося назіраць столькі ўнікальнага і цікавага, як у Пінску. Гэты горад з’яўляецца перакрыжаваннем шляхоў, дзе з усёй аколіцы прыбываюць і сустракаюцца людзі, якіх падзяляюць дзясяткі кіламетраў вады. Яны прапануюць свае тавары, вітаюць адзін аднаго, сядзяць у невялічкіх кавярнях за кубкам гарбаты, кавы, піва ці чаркай гарэлкі. Дзень кірмашу па сутнасці з’яўляецца святам. За дзень-два да яго пачатку да берага Пінска пачынаюць прыплываць чаўны нагружаныя таварамі. Каналы ажываюць. Многія людзі сюды плывуць ажно 15-20 міль. Усё, што прыйшло да Пінска па вадзе, спыняецца з паўднёвага боку Езуіцкага кляштара. Многія, хто прыплылі да Пінска па вадзе, начуюць у сваіх чаўнах. Вазы, фурманкі служаць начлегам для тых, хто прыехаў да Пінска па дарозе.

Ужо а сёмай гадзіне раніцы кірмаш у поўным разгару. Як і ва ўсім свеце, Пінскі кірмаш падзелены на сектары. Каля паўночнай сцяны касцёла вазы з дрэвам і бярозавымі піламатэрыяламі, часам і на павозках карэтнага, на якіх выкарыстоўваюцца ланцугі для звязвання распілаваных дошак, гонты, галінак для кошыкаў, дрэва на агароджу і звычайных дроў. Паблізу прадаюць дрэваапрацоўчы рыштунак.

На заходняй частцы кірмашу гандлююць птушкай, гароднінай, садавінай:  яблыкі, грушы, вінаград і нават бананы. Вуліца ўздоўж заходняга боку касцёла прызначаная для вазоў з сенам. Каб набыць сена, трэба ісці за афіцыйным вагаўшчыком. Унізе ўзгорка ўласнікі вазоў крычалі адзін на аднаго, бо некаторыя вазы паміж сабой сутыкаліся. Цяжка было хадзіць паміж імі. Я налічыла каля 300 вазоў.

Паўднёвы бок ад кляштара занялі тавары, якія прыплылі сюды па вадзе. Рыбу, якая вісела на прутках, прадавалі наўпрост з чаўноў. Увесь бераг заняты лодкамі, на якіх змяшчалася ўся мясцовая прадукцыя на продаж. Піна насамрэч была галоўнай артэрыяй, па якой прыходзіла большасць тавараў. Больш за ўсе астатнія часткі кіпеў усходні бок кірмашу, які быў перапоўнены прадаўцамі і пакупнікамі.

Мясцовыя фермеры прывезлі на кірмаш поўныя вазы гусей. Яны ляжаць на зямлі звязанымі за лапы па дзесяць птушак, каб не разбегліся. Куры таксама звязаныя паміж сабой. Звычайнай з’явай былі прывязаныя да ваза белыя парсюкі, якія сядзелі ўнутры. Таксама ў вазах знаходзіліся і кураняткі.

Жывых авечак гаспадары насілі на плячах. Вельмі смачныя з выгляду грыбы прадаваліся кошыкамі або насунутымі на галінку лазы. На кірмашу таксама было багата яек ды бульбы.

Таргі над Пінай гэта сэрца мясцовага жыцця на балотах. Гэта сведчыць і пра ролю Пінска, як прыроднай сталіцы рэгіёна. Не трэба забываць і тое, што Пінск доўгі час быў кірмашом не толькі для мясцовых купцоў, але і для купцоў, якія прыбывалі сюды здалёк за сотні альбо і за тысячы кіламетраў. Да паўстання 1863 года Пінскі кірмаш наведвалі нават купцы з Кіева, Вільні і Варшавы”.

Цяпер у горадзе якраз настае час восеньскіх кірмашоў. Вядома, ужо ніхто не стане гандляваць у сталіцы Палесся жывымі авечкамі, гусямі, курамі, сенам ды дровамі. Фермеры не прыедуць на вазах, не прыплывуць на чаўнах пад ветразямі, а прыедуць на акуратных працавітых грузавічках ды бусіках. А ўсё астатняе, сам дух таргоў над Пінай застаецца ранейшым, як у часы, калі наш горад наведала адважная амерыканка Луіза Арнэр Бойд.

 

Максім КЛІМКОВІЧ