Пiлiп з канапель

Ёсць выраз, сэнс якога ведае кожны беларус: “Выскачыў, як Піліп з канапель”. Так мы гаворым, калі нехта не да месца вылазіць з недарэчнай, пазбаўленай здаровага сэнсу прапановай. Аднак, ведаць прыказку яшчэ не значыць ведаць яе гісторыю. Большасці ўяўляецца нейкі казачны селянін Піліп, які залез у густыя зарасці канопляў, а потым знянацку выскачыў на дарогу перад самым носам у падарожнікаў.

Дык вось, насамрэч, Піліп – гэта рэальны гістарычны персанаж XVII стагоддзя. І ніякі ён не селянін, а шляхціч, да таго ж не просты, а дэпутат нашага тагачаснага парламента. Або, як было заведзена казаць у тыя часы – пасол сойма. Гэты пасол любіў першым выскокваць, ледзь толькі маршалак сойма — яго старшыня, спікер, абвяшчаў спрэчкі ці абмеркаванне нейкага пытання, і адразу, як і належала па рэгламенце, прадстаўляўся іншым парламентарыям: “Піліп з Канапель”. То бок, проста называў сваё імя і акругу, па якой яго абралі ў заканадаўчы орган. А потым прапаноўваў для разгляду штосьці недарэчнае, тое, што не мела ніякага дачынення да парадку дзённага. Вось і стаў залішне ініцыятыўны пасол Піліп героем народнай прыказкі.

Так што выбары ў парламент, гэта для беларусаў не толькі нядаўна прамінулая выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў, а старадаўняя традыцыя, што бярэ пачатак у XVI стагоддзі. Сама наша тагачасная дзяржава, канфедэрацыя Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага называлася Рэччу Паспалітай. Што ў перакладзе з лаціны азначае “народная рэспубліка”. Праўда, пад народам разумелася не ўсё насельніцтва, а толькі шляхта. Яна выбірала сабе і караля, і паслоў у сойм – парламент, без згоды якога нельга было прыняць ніводнага важнага дзяржаўнага рашэння. Паслоў на агульнадзяржаўны – вальны сойм, выбіралі павятовыя соймікі, па два паслы ад кожнага павету. А цяпер зазірнём ва ўспаміны іх удзельнікаў і паглядзім, як яны часам адбываліся. Вось, як апісаў адзін з сеймікаў у Брэсцкім ваяводстве, які праходзіў у памяшканні касцёла, яго ўдзельнік:

“На маршалка сойміка ваявода прапанаваў падскарбія Флемінга і зараз жа яму крэсла саступіў (то бок, вырашыў абысціся без галасавання). Спрытны Флемінг быў ужо ўсеўся, але палкоўнік Пашкоўскі гэтага не дазволіў і на тое вельмі заспрачаўся. А за ім і шляхта ўся закрычала не дазваляць на маршалкоўства Флемінгу. Вырвалі з-пад яго крэсла і моцна тым крэслам да стала прыпёрлі. Хацеў ён схапіцца за шпагу, пачаў з фурыяй наступаць на палкоўніка. Як шляхта на лавах пры століку стаяла, ды за шаблі схапілася, дык лава з імі вывернулася. Флемінг, уцякаючы да закрысціі, хацеў праз ляжаўшую на зямлі шляхту пераскочыць – упаў. Адзін малады шляхціц колькі разоў тупым бокам шаблі яго па плячах і пакрапіў. А тым часам гайдук Флемінга падхапіў гаспадара пад пахі, падняў, і гэтак Флемінг уцёк”.

Такі вось пачатак пленарнага пасяджэння тагачаснага “раённага савета народных дэпутатаў”. Не дзіва, што часам даходзіла і да смерці апанентаў падчас гарачых спрэчак. Аднак, не толькі пры дапамозе зброі вырашаліся праблемы. Для выбару патрэбных кандыдатур паслоў шырока выкарыстоўвалі папярэднія закулісныя перамовы паміж кіраўнікамі розных шляхецкіх партый, якія звычайна ўзначальвалі магнаты. Ну, а потым у ход ішлі подкуп і добры пачастунак. Так, знакаміты Пане Каханку – Караль Радзівіл, не грэбаваў стаць на дарозе перад Нясвіжам і кожнаму шляхціцу, які накіроўваўся на павятовы соймік, уласнаручна шчодра наліваў чарпаком з бочак або венгерскае віно, або піва. Дэпутатаў падчас сойміку бясплатна паілі і кармілі. Стравы спецыяльна гатавалі салёныя і кіслыя, каб выклікаць большую смагу. Праўда, кіраўнікі партый праз сваіх слугаў сачылі, каб да галасавання дэпутаты не выпілі лішняга, а самі давалі інструкцыі — каго трэба падтрымліваць, а каму працівіцца. Калі галасаванне нарэшце адбывалася, то шляхта кіравалася да сталоў. Абед мог плаўна паяднацца з вячэрай і доўжыцца да самай раніцы.

Вось такія буфеты працавалі на беларускіх выбарчых участках некалькі стагоддзяў таму.