Першыя дні верасня

Калі сучаснаму беларусу назваць дату 1 верасня, то ён адразу адкажа, што гэта Дзень ведаў, дзень, калі дзеці пасля вакацый ідуць у школу. І толькі, калі ўдакладніць, што гаворка ідзе пра 1 верасня 1939 года, то ён прыгадае, што ў гэты дзень пачалася Другая сусветная вайна. А вось, калі назваць дату 3 верасня 1945 года, то не кожны адкажа, што ў гэты дзень капітулявала Японія. Хаця, у Мінску нават ёсць вуліца 3 верасня.

З 1 верасня 1939 года і па 3 верасня 1945 года доўжылася Другая сусветная вайна, самая крывавая ў гісторыі чалавецтва, у якой бралі ўдзел 30 краін і больш за 100 мільёнаў вайскоўцаў.

Беларусы разам з палякамі аднымі з першых у Еўропе далі ўзброены адпор нямецкім нацыстам. Яшчэ ў жніўні 1939 года стала зразумела, што вялікая вайна амаль непазбежная. Гітлераўская Германія на той момант беспакарана і без вайсковых дзеянняў захапіла частку Чэхаславакіі, анэксавала Аўстрыю і пачала патрабаваць ад Польшчы частку яе земляў для злучэння з Усходняй Прусіяй, якая была тэрытарыяльным эксклавам Германіі і мела з ёй сувязь толькі па моры. Польскае кіраўніцтва, вядома, не пагадзілася і абвесціла ў краіне мабілізацыю. На момант пачатку вайны больш за 70 тысяч ураджэнцаў Заходняй Беларусі трапілі на службу ў Войска польскае.

Войска ў міжваеннай Польшчы ў мірны час фармавалася па тэрытарыяльным прынцыпе. Ураджэнцы Піншчыны служылі ў Палескім ваяводстве, Навагрудчыны ў Навагрудскім. Але ж цяпер вайсковыя часткі з усходу краіны перакідалі да мяжы з Германіяй.

Немцы ўдарылі адразу з трох напрамкаў: з уласна Германіі, з Усходняй Прусіі і з Чэхаславакіі, што пагражала польскім войскам акружэннем. Было прынятае рашэнне адступаць за Віслу і там арганізоўваюць абарону. Нашы землякі бралі ўдзел практычна ва ўсіх значных бітвах польска-нямецкай вайны. Некалькі частак трапіла ў акружэнне ў Гдыні і там на Вастэрплятэ абараняліся сем дзён. Дарэчы там ваяваў і трапіў у палон марскі пехацінец — будучы народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль. Ураджэнцы Заходняй Беларусі абаранялі Варшаву з 8 па 28 верасня. Удзельнічалі ў бітве пад Кобрынам.

Немцам давялося браць штурмам і Брэсцкую крэпасць, у якой служылі ў асноўным мясцовыя рэзервісты – польскаму камандаванню ўдалося не толькі пераправіць з крэпасці эвакуяваны туды з Варшавы залаты запас у Румынію, але і пасля тыдня супраціўлення ноччу арганізавана вывесці войскі з фартоў.

Польскі ўрад спадзяваўся на дапамогу Вялікабрытаніі і Францыі. Тыя абвесцілі Германіі вайну, але вайсковых дзеянняў амаль не распачыналі. Заходнія дзяржавы змарнавалі шанец разграміць Германію на самым пачатку вайны, калі ёй давялося б адначасова ваяваць на ўсходзе і на захадзе. Сэнс працягваць змаганне ў палякаў знік пасля таго, як савецкія войскі 17 верасня перайшлі польска-савецкую мяжу.

Савецкая і нямецкая прапаганды стварылі міф, які жывы і дагэтуль, што Войска польскае, нібыта, было слабым і адсталым у плане тэхнікі. Гэта не так, варта паглядзець на страты немцаў. Яны згубілі больш за 1000 танкаў і 700 самалётаў – трэць ад усёй іх колькасці, 60 тысяч нямецкіх салдат было забіта і паранена. Войска польскае страціла 70 тысяч забітымі і 150 тысяч параненымі. Калі параўноўваць з вайной у Францыі і з першымі месяцамі вайны Германіі ў СССР, то лічбы ўражваюць.

Толькі пасля сыходу ад улады камуністаў у Польшчы і з аднаўленнем незалежнасці нашай краіны ў 1991 годзе беларускія салдаты Войска польскага афіцыйна атрымалі статус удзельнікаў Другой сусветнай, ветэранскія пенсіі і медалі “За ўдзел у абарончай вайне 1939 года”.