Пеніцылін і патрыятызм

На адным з помнікаў, што на Вайсковых могілках беларускай сталіцы, напісана па-англійску і па-руску: “Член Місіі ЮНРРА. Рут С. Уолер. Нарадзілася 19 жніўня 1921 г. (ЗША) Каліфорнія. Памерла 4 жніўня 1946 у гор. Мінску”. Што ж прымусіла маладую прыгажуню, чэмпіёнку Каліфорніі па тэнісе перасекчы Атлантыку, апынуцца ў разбуранай вайной БССР?

Гуманітарная місія Арганізацыі аб’яднаных нацый ЮНРРА дзейнічала ў БССР з 1945 па 1947 гады. У склад яе ўваходзіла і сакратар Рут Уолер.

У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі бракавала літаральна ўсяго. Жыхары буйных гарадоў галадалі, немагчыма было купіць адзенне, абутак. Разбураныя заводы і фабрыкі, гараджане разбіралі руіны ўручную, не ставала медыкаментаў. Праз місію ЮНРРА без аніякіх выплатаў з беларускага боку ў БССР было пастаўлена харчоў, адзення, абутку, тэхнікі, медыкаментаў на суму ў 61 мільён тагачасных даляраў. Гэта эквівалентна прыкладна тром мільярдам сучасных даляраў.

Крыху больш паловы “гуманітаркі” беларускія ўлады прадавалі праз крамы і гастраномы ў гарадах. Грошы ад рэалізацыі ішлі ў бюджэт рэспублікі. Рэшту перадавалі мясцовым саветам, а тыя ўжо бясплатна размяркоўвалі тавары паміж сацыяльнымі ўстановамі і самымі абяздоленымі – удовамі, інвалідамі, сіротамі. Сама місія не размяркоўвала гуманітарную дапамогу, замежнікі сачылі за тым, каб не было злоўжыванняў з боку беларускіх чыноўнікаў.

Таксама значнай была і тэхнічная дапамога. У БССР паставілі 783 трактары, абсталяванне для разбуранай гарадской інфраструктуры. Завозілі цэлыя заводы. Так у Мінску паўстаў Пеніцылінавы завод, цяперашні Медпрэпараты. Былі закладзены падваліны радыёэлектроннай прамысловасці. Беларускія спецыялісты праходзілі вучобу за мяжой.

Савецкія ўлады насцярожана ставіліся да замежнай дапамогі, асцерагаліся, што яна выкліча залішнюю прыязнасць да амерыканцаў, хоць і не маглі ад яе адмовіцца, бо яна літаральна дазволіла выжыць беларускім гарадам ў першыя пасляваенныя гады. Пастановай Савета народных камісараў БССР забаранялася ў прэсе прыводзіць канкрэтныя лічбы, паведамленні пра дзейнасць ЮНРРА мусілі быць максімальна сціслымі. А ў гады “халоднай вайны” камуністычныя ўлады проста перасталі згадваць пра тую дапамогу, нібыта яе і не было.

З імёнаў усіх супрацоўнікаў місіі на слыху ў беларусаў засталося толькі адно — Рут Уолер. І не таму, што яна рабіла сваю працу лепш за іншых, і не толькі таму, што вечны спачын знайшла на Вайсковых могілках у Мінску. Штогод у дзень смерці Рут на яе магілу прыходзяць беларусы, амерыканскія дыпламаты, прадстаўнікі ААН, каб ушанаваць яе памяць. Імя Рут Уолер носіць адна са сталічных школ.

Усё вырашыў адзін дзень з яе жыцця. У канцы ліпеня 1946 года Рут пабачыла, як на возеры непадалёк штаб-кватэры місіі на ўскраіне Мінска пад трыма хлопчыкамі разваліўся плот. Маладая жанчына кінулася ў ваду і аднаго за адным уратавала іх. Я разумею, што дзесьці непадалёк знаходзіліся “чэкісты”, якія адсочвалі кожны крок амерыканцаў. За тым, як тонуць хлопчыкі, хутчэй за ўсё, назірала і колькі мясцовых жыхароў, якім тыя самыя “чэкісты” не раз казалі пра недапушчальнасць кантактаў з замежнікамі. Як бы там ні было, ніхто, апроч Рут, не кінуўся ратаваць дзяцей. Толькі яна, бо была патрыёткай і разумела, што прадстаўляе ў Беларусі не толькі саму сябе, а і сваю краіну, па яе паводзінах будуць меркаваць пра ЗША.

Назаўтра Рут захварэла на запаленне лёгкіх. Медыкам уратаваць яе не ўдалося, бо ў Мінску не знайшлося пеніцыліну. Амерыканскі пеніцылінавы завод у беларускай сталіцы запрацуе толькі праз год.