Пасля перамогi

Я ведаў шмат ветэранаў апошняй вайны, якія адзначалі, але не святкавалі Дзень Перамогі. У сэнсе, не рабілі з гэтай даты вясёлую пагулянку. Яны маглі 9 мая сабрацца разам, каб некалькімі чаркамі памянуць тых, хто не вярнуўся з вайны. Яны сядзелі за сталом і нягучна спаміналі тое, што ім давялося перажыць. Гэта адбывалася ціха, без гучных тостаў, лозунгаў. Так, як бывае на хаўтурах, калі згадваюць зямное жыццё нябожчыка.

Мой бацька быў з ліку такіх ветэранаў. Ён не хадзіў на парады, хаця яго і запрашалі пастаяць на трыбуне побач з начальствам. Спасылаўся на слабое здароўе і сустракаў гэты дзень у коле нешматлікіх сяброў-франтавікоў.

Ваяваў ён нядоўга, каля тыдня ў самым пачатку вайны. Гэта была абарона Брэсцкай крэпасці. За тыя дні ён з лішкам паспеў выканаць “норму” па знішчаных і выведзеных са строю ворагах. У палон малодшага лейтэнанта ўзялі непрытомнага, ён ляжаў у руінах за кулямётам з расстралянай дарэшты апошняй стужкай. Нагу да калена яму раскрышыла аўтаматная чарга, усе абставіны пунктуальныя немцы пазначылі ў яго асабістай картцы, з якой яго потым перакідвалі з аднаго канцлагера ў другі, і нарэшце з ёй ён трапіў на праверку ў СМЕРШ. Гэтая нямецкая пазначка і ўратавала яго ад сталінскага ГУЛАГу. Хаця, правяралі больш за год.

Дзякаваць лёсу, у першыя дні афіцэры Вермахта з павагай ставіліся да абаронцаў крэпасці. Савецкім хірургам вярнулі інструменты, медыкаменты і дазволілі рабіць аперацыі параненым. Майму бацьку нашы медыкі паспелі выпілаваць частку пашкоджанай косткі, скруціць раструшчанае дротам з нержавейкі, зашыць і накласці гіпс. Гэта потым з’явіліся “спецыяльна абвучаныя” нелюдзі з Райху — з пяці тысяч палонных абаронцаў праз месяц засталося ў жывых толькі пяцьсот чалавек.

Так у бацькі адна нага стала карацейшая за другую. І да канца жыцця ён хадзіў з кавенькай, а ў часы запалення старой раны – на мыліцах. Апошнім канцлагерам для яго стаў “Везуві” на мяжы Германіі і Галандыі, там утрымлівалі савецкіх афіцэраў, у каторых была ампутаваная або моцна пашкоджаная адна нага. Вызвалілі нашых палонных канадцы, вайсковы карэспандэнт зрабіў у лагеры здымкі. Сучасны нямецкі даследчык даслаў адзін з іх у Беларусь. На ім мой бацька адзіны, хто стаіць у савецкім шынялі і ў падранай “будзёнаўцы”, астатнія палонныя афіцэры даношваюць нямецкую форму – яна зручнейшая.

Памятаю, у дзяцінстве, калі мы пайшлі з бацькам у парк, то непадалёк ад нашага дома сядзеў на паддоне-каталцы з падшыпнікамі замест колаў бязногі жабрак. На яго пацёртым пінжаку сціпла пагойдваліся два пацямнелыя медалі, а на абшытых скураю кульцях ляжала кепка з дробяззю. Бацька паклаў у яе не капейкі, а купюру, а, адышоўшыся, растлумачыў мне, што такім чынам адкупляецца ад лёсу, які напаткаў ветэрана-жабрака. Не памятаю дакладна, што яшчэ ён мне казаў, занадта малы быў, а потым мы ўжо пра гэта не размаўлялі…

І толькі цяпер у маёй галаве ўсплылі не словы, а зрокавы вобраз – сэнс таго, што было прамоўлена. Я ўбачыў тое, якім мог быць сапраўдны парад Перамогі ў сярэдзіне 60-х гадоў. Галоўная плошча краіны, а па ёй крочаць не маладзенькія прыгожыя салдаты пад разгорнутымі сцягамі, а цягнуцца інваліды вайны. Сляпыя няўпэўнена “абмацваюць” дарогу кійкамі. На мыліцах перасоўваюцца аднаногія. За імі грукацяць падшыпнікамі бязногія на паддонах – глуха з адчаем б’юць у брук драўлянымі таўкачамі, следам сваякі коцяць у інвалідных вазках тых, хто застаўся без рук, без ног. І усё гэта стогне, рыпіць, хрыпла праклінае вайну.