Партызанскi парад

За апошнія гадоў дзесяць у беларускім дыскурсе свята Дзень перамогі 9 мая паступова адышоў на другі план, і асноўным ваенным святам краіны зрабіўся Дзень вызвалення 3 ліпеня, які святкуецца з большым размахам, з вайсковым парадам у сталіцы, з маштабнымі гуляннямі. Мо, так і правільна. У кожнай дзяржавы павінен быць свой погляд на гісторыю і сваё месца ў ёй.

Месца Беларусі ў апошняй вайне ўнікальнае. Нашы суайчыннікі змагаліся на ўсходнім фронце ў складзе Чырвонай арміі, частка ваявала на баку заходніх саюзнікаў у складзе Войска польскага, а значная частка насельніцтва брала ўдзел у партызанскіх атрадах, што дзейнічалі на акупаванай ворагам тэрыторыі. І адзіны ў гісторыі апошняй вайны партызанскі парад прайшоў у Мінску.

Сталіца Беларусі была вызваленая 3 ліпеня 1944 года. Неўзабаве ў горад некалькімі калонамі ўвайшлі і партызанскія брыгады. Першыя дні вайскоўцы размініравалі горад, наладжвалі яго жыццё. І таму свята вызвалення было вырашана правесці 16 ліпеня. Прадугледжвалася мастацкі аформіць іпадром, узвесці там трыбуну. Быў распрацаваны маршрут для святочнай калоны. Вылучаны вайсковыя духавыя аркестры. На плошчах планавалася паставіць некалькі перасоўных кінаўстановак для дэманстрацыі кінафільмаў. Тады ж было прынятае рашэнне зладзіць у межах свята вызвалення і ўнікальны партызанскі парад.

Праўда, ніхто не падумаў адразу паклапаціцца пра побыт лясных мсціўцаў. Частка брыгад стаяла лагерамі ў самім горадзе. Адна з іх – “Буравеснік”, непадалёк ад сённяшняга завода “Крышталь”. 10 ліпеня гэты завод даў першую прадукцыю 279 дэкалітраў спірту. Партызаны прывыклі вырашаць праблемы забеспячэння самі. Са зброяй у руках яны разагналі ахову складоў, дарэчы, партызан іншых злучэнняў. Пасля чаго вывезлі 200 дэкалітраў спірту. Сувора караць за гэта партызан не сталі, проста прымусілі вярнуць нарабаванае і даходліва растлумачылі, што вайна ў Мінску ўжо скончылася, а спіртзавод адцяпер працуе на патрэбы БССР, а не Трэцяга рэйху. Пасля гэтага здарэння ўсе брыгады атрымалі пастаяннае харчовае забеспячэнне з армейскіх базаў.

16 ліпеня на гарадскім іпадроме распачаўся мітынг працоўных. З часовай трыбуны выступалі партыйныя і савецкія кіраўнікі горада. А вось прадстаўнікам Беларускага штабу партызанскага руху слова не далі. Нібыта, падкрэслівалі, што партызаны ўвайшлі ў сталіцу, калі там ужо была свая цывільная адміністрацыя і партыйнае кіраўніцтва. У гэты час трыццаць тысяч партызан чакалі, каб прайсціся ўрачыстым маршам з поўным узбраеннем. Чаго толькі не было ў іх руках. Савецкая і трафейная зброя. Коні цягнулі за сабой гарматы, частка якіх была знятая з падбітых танкаў і рэанімаваная партызанскімі ўмельцамі ў лясных кузнях падчас вайны. Праехаліся нават кавалерысты. Партызан ніхто не вучыў хадзіць парадным строем, таму тон задавалі былыя акружэнцы, якія паспелі паслужыць у рэгулярных частках яшчэ да вайны і не да канца забыліся, што такое страявая падрыхтоўка.

Адну з калон брыгады “Барацьба” узначальваў самы сапраўдны сівабароды казёл. Потым пра яго журналісты склалі легенду — нібыта ён сімвалізаваў разгром немцаў пад Мінскам і яго загадзя планавалі ў сцэнарыі свята. Насамрэч казёл быў гэткім партызанскім талісманам. Прыбіўся да атраду падчас адной з аперацый, ды так і застаўся, бо дапамагаў санінструктару, цягаў за ім на заданні санітарную сумку і ракетніцу. На час параду мусіў чакаць сваіх гаспадароў у лагеры. Аднак, адвязаўся і ўцёк, каб узначаліць калону.

Дзякуючы кінааператарам, і ён застаўся ў гісторыі партызанскага парада.